en
Снежань 26 – Студзень 1, 2022
Грамадства і партыі

2022: Антываенная мабілізацыя, дыпламатычныя поспехі і затуханне пратэсту

Сітуацыя не змянілася
2022: Антываенная мабілізацыя, дыпламатычныя поспехі і затуханне пратэсту
Кветкі каля пасольства Украіны ў Мінску, люты 2022 г. Фота са старонкі пасла Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма ў Facebook

Дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасць дасягнулі поспехаў у перайманні асобных замежнапалітычных функцый у афіцыйнага Мінску і частковай дэлегітымізацыі рэжыму Лукашэнкі на міжнароднай арэне. Пратэсны рух набыў антываенны характар пасля ўварвання Крамля ва Украіну і, хаця быўшы істотна аслаблены жорсткімі рэпрэсіямі, працягваў паспяховы маніторынг ваеннай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі. Палітычныя партыі і дэмакратычныя арганізацыі знаходзіліся ў крайне неспрыяльных умовах прагрэсуючай рэакцыі ўнутры Беларусі, аднак праводзілі ўнутраныя мерапрыемствы для сваіх сімпатызантаў, галоўным чынам – анлайн. 

Аўдыторыя дэмакратычных сіл працягвала звужацца з-за абмежавальных захадаў ахоўнікаў рэжыму. У сваю чаргу ўзмацненне сілавога блоку ў Кабінеце Ціханоўскай і жорсткасці рыторыкі лідараў было адказам на запыт дэмакратчынага актыву, аднак не спрыяла пашырэнню аўдыторыі.

Дэмсілам на чале з Святланай Ціханоўскай атрымалася ініцыяваць частковую мабілізацыю прыхільнікаў перамен у лютым падчас рэферэндуму, арганізаванага Аляксандрам Лукашэнкам. У значнай ступені трыгерам пратэснай актыўнасці стала ваеннае ўварванне Крамля ва Украіну за некалькі дзён да плебісцыту.

Кабінет Ціханоўскай і дэмакратычныя ініцыятывы працягвалі падтрымліваць камунікацыю з прыхільнікамі перамен унутры краіны з дапамогай анлайн-медыя і самвыдату. Аднак уплыў на інфармацыйную павестку ўнутры Беларусі значна скараціўся.

Чытайце нас у Telegram – толькі самае галоўнае

Супраца паміж ІТ-сектарам і грамадзянскай супольнасцю дазволіла захаваць вертыкальныя сувязі паміж актывістамі і рознымі грамадскімі сектарамі пасля вымушанай рэлакацыі. Актывісты працягнулі развіццё анлайн-сервісаў для падтрымання сувязяў са сваімі аўдыторыямі ў эміграцыі і ў Беларусі з аказаннем паслугаў з-за мяжы – прыкладам, “еЗдароўе” . Напрыканцы года была запушчана ў тэставанне амбіцыйная платформа “Новая Беларусь”, якая паводле задумкі ініцыятараў з ІТ–сектару і грамадзянскай супольнасці можа ператварыцца ў лічбавую альтэрнатыву дзяржаве з перспектывай пашырэння функцыяналу на выкананне палітычных задач.

На давер да дэмсіл адмоўны эфект аказвалі рэпутацыйныя страты з-за шэрагу медыйных скандалаў звязаных з кадравай палітыкай (спярша ў сувязі з расійскім грамадзянствам прадстаўніка па абароне і нацбяспецы Валерыя Сахашчыка, а затым і з прадстаўніцай па фінансах і эканоміцы Таццянай Зарэцкай) і бяспекай актывістаў (з-за гісторыі з укараненнем агента ГУБАЗіК у ініцыятыву “Чорная кніга Беларусі”), а таксама наконт празрыстасці дзейнасці. Аднак крытыка станоўча ўплывала на карэктаванне падыходаў дэмсіл з паляпшэннем зваротнай сувязі з грамадзянскай супольнасцю.

Дэмакратычныя сілы захавалі ўплыў на парадак дня адносін паміж заходнімі сталіцамі і афіцыйным Мінскам. Дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская правяла шматлікія сустрэчы з кіраўніцтвам заходніх краін з прасоўваннем павесткі грамадзянскай супольнасці: дэлегітымізацыя рэжыму Лукашэнкі і санкцыі, а таксама перанакіраванне заходняй падтрымкі грамадзянскай супольнасці і рэпрэсаваным. Дэмсілам атрымалася размежаваць у вачах заходніх грамадстваў саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў крамлёўскай агрэсіі ва Украіне і беларускае насельніцтва, якое прытрымлівалася антываенных пазіцый. Гэта дазволіла перадухіліць ці часткова скасаваць многія абмежавальныя меры ў дачыненні да беларусаў з боку еўрапейскіх краін.

Кабінет Ціханоўскай замацоўваў дыпламатычныя поспехі і ўзровень кантактаў, ствараючы дадатковыя інструменты ўплыву на грамадскае меркаванне і кіраўніцтва заходніх краін (як, напрыклад, ініцыятыва НАУ “Народныя амбасады”).

Жорсткасць рыторыкі дэмсіл у адносінах да беларускага кіруючага класа паступова ўзмацнялася ў адказ на адмову рэжыму Лукашэнкі ад дыялогу, узмацненне рэпрэсій і пераследу іншадумцаў. Аднак з іншага боку гэта не прыводзіла да павелічэння аўдыторыі.

Акрамя таго, вялікую долю ў камунікацыях грамадзянскай супольнасці і палітычных арганізацый займала праваабарончая тэматыка і супрацьдзеянне рэпрэсіям, у той час як значная частка насельніцтва Беларусі ўжо пачала забываць пра падзеі 2020 і вяртацца да штодзённых справаў. Тым не менш, на міжнародным узроўні праваабаронцы дасягнулі істотных поспехаў, што было пацверджана ўшанаваннем заснавальніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага Нобелеўскай прэміяй міру (разам з прадстаўнікамі Расіі і Украіны).

Офісу Ціханоўскай атрымалася змякчыць напружанасць у дэмакратычным руху праз правядзенне ў жніўні канферэнцыі “Новай Беларусі”, абнаўлення структуры прыняцця рашэнняў у шырокай кааліцыі і інтэграцыю папулярных прадэмакратычных ініцыятыў у рамках Аб’яднанага пераходнага кабінета.

Стварэнне Кабінету Ціханоўскай з далучэннем да яго дзейнасці прадстаўнікоў НАУ на чале з Паўлам Латушкам і ініцыятыў экс-сілавікоў падвысіла давер да дэмсілаў. Кабінет распачаў актыўную працу па падрыхтоўцы новых кадраў на выпадак дэмакратычных перамен у Беларусі, аднак уплыў прота-ураду на сітуацыю ўнутры краіны заставаўся нязначным і ўсяляк блакаваўся жорсткімі дзеяннямі ахоўнікаў рэжыму.

Камандзе Цапкала атрымалася кансалідаваць частку жорсткіх крытыкаў Офісу Святланы Ціханоўскай у рамках Форуму дэмакратычных сіл. Аднак у апазіцыянераў аказалася крайне недастаткова чалавечых і фінансавых рэсурсаў, каб запусціць маштабны праект па арганізацыі альтэрнатыўнага народнага плебісцыту і пераразмеркаваць уплыў у дэмсілах.

У сваю чаргу добраахвотнікі з палка Каліноўскага падтрымлівалі дыстанцыю ад мэйнстрымнага дэмакратычнага руху на чале з Ціханоўскай. Спробы атрымаць палітычную суб’ектнасць палком Каліноўскага выклікалі крытыку з боку значнай часткі грамадзянскай супольнасці, хаця рэйтынгі даверу прыхільнікаў перамен да добраахвотнікаў заставаліся высокімі.

Уплыў Каардынацыйнай рады на павестку дэмсіл паступова скарачаўся, а пасля правядзення жнівеньскай канферэнцыі “Новай Беларусі” было вырашана правесці чарговае рэфармаванне прадстаўнічага органа беларускага грамадства і інтэграваць у яго дзейнасць больш шырокае кола ініцыятыў грамадзянскай супольнасці.

Пасля пачатку крамлёўскай агрэсіі ва Украіне на тэрыторыі Беларусі арганізаваўся дэцэнтралізаваны антываенны рух з частковай каардынацыяй з боку дэмсіл, ініцыятыў экс-сілавікоў і Кіберпартызан. На працягу ўсяго года адбываўся маніторынг ваеннай актыўнасці, нягледзячы на спробы ахоўнікаў рэжыму спыніць адсочванне перамяшчэння ваеннай тэхнікі затрыманнямі, арыштамі і крымінальнымі справамі ў адносінах да актывістаў.

Партызанскія акцыі на беларускай чыгунцы запаволілі перамяшчэнне вайсковай тэхнікі па Беларусі, што мела асабліва важнае значэнне падчас уварвання расійскіх войскаў з беларускай тэрыторыі.

Пазіцыі дэмсілаў наконт вайны ва Украіне рэзанавалі з антываеннымі настроямі насельніцтва краіны. Аднак з-за зачысткі незалежных медыя інфармацыйную павестку часткова запоўніла расейскага прапаганда з актыўнай дапамогай беларускіх ідэолагаў, якія рэплікавалі крамлёўскія наратывы.

Разнастайныя ініцыятывы грамадзянскай супольнасці арганізавалі маштабную кампанію па падтрымцы Украіны з першых дзён агрэсіі. Аднак унутры краіны валанцёрскі рух сутыкнуўся з жорсткай рэакцыяй сілавікоў, якая ўзмацнялася з кожным месяцам вайны. Тым не менш, палітэміграцыя стварыла развітую інфраструктуру падтрымкі Украіны і дапамогі беларускім добраахвотнікам.

Дэмсілам з цяжкасцю, але атрымалася паўплываць на карэктаванне павесткі ўкраінскага кіраўніцтва, а таксама некалькі палепшыць адмоўныя адносіны ўкраінскага грамадства ў дачыненні да беларусаў. Грамадзянская супольнасць узмацніла камунікацыю з Кіевам у спробе размежаваць рэжым Лукашэнкі і беларускае грамадства.

Дэмсілы на чале з Ціханоўскай асудзілі агрэсію Крамля ва Украіне і ўзмацнілі крытыку рэжыму Лукашэнкі за саўдзел. Аднак праеўрапейская рыторыка абцяжарыла камунікацыю са значнай часткай беларускага грамадства, сярод якой распаўсюджаны прыхільныя настроі ў дачыненні да Расіі.

Зборы краўдфандынгавых ініцыятыў скараціліся ў год прагрэсуючай антыдэмакратычнай рэакцыі і змяншэння міжнароднай увагі да сітуацыі ў Беларусі, а таксама стомленасці актыву ад доўгага супрацьстаяння з рэжымам Лукашэнкі.

Прагнозы на 2023 год

  • Перавага ўльтыматыўных пазіцый у адносінах да рэжыму сярод прадэмакратычнага актыву і шырокай кааліцыі ў адказ на ўзмацненне жорсткасці рэжыму.
  • Фармаванне новых альянсаў з крытыкаў шырокай кааліцыі і спробы перафарматавання ўплыву ў дэмсілах, аднак з захаваннем лідарства Святланы Ціханоўскай.
  • Павелічэнне ўплыву незалежных медыя і дэмсіл на павестку ўнутры Беларусі ў выпадку рэзанансных ініцыятыў з боку кіруючага класу.
  • Абмежаваны ўдзел прыхільнікаў перамен у палітычнай кампаніі па выбарах чальцоў парламента, мясцовых саветаў і УНС у выпадку мабілізацыйных захадаў дэмсілаў.

 

Вы паспяхова падпісаныя

Падпішыцеся на нашу рассылку

Раз на тыдзень у каардынацыі з групай вядучых беларускіх аналітыкаў мы даем аналітычныя каментары да найбольш актуальных і актуальных пытанняў, у тым ліку да закулісных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, на беларускай, рускай і англійскай мовах.
EN
BE/RU
Падпісацца

Сітуацыя ў Беларусі

Красавік 15 – Красавік 21
Прагледзець усе

Падпішыцеся на нас

Чытаць больш