Полк Каліноўскага ў трэндзе, выбары ў КР пад пагрозай
Полк Каліноўскага павялічвае ўплыў у дэмакратычным руху і спрабуе аб’яднаць на супольнай платформе “Шлях да волі” прадстаўніцтва дэмакратычных арганізацый. Шырокая кааліцыя на чале з Ціханоўскай заклікае прыхільнікаў перамен не ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці і рэжымных выбарах, а ахоўнікі рэжыму спрабуюць сарваць кампанію па абранні новага складу КР і дэматывуюць актыў рэпрэсіямі.
У маштабнай кіеўская канферэнцыі “Шлях да волі” прынялі ўдзел каля 150 прадстаўнікоў розных палітарганізацый. Ініцыятарам атрымалася прыцягнуць да кааперацыі як прадстаўнікоў шырокай кааліцыі на чале з Ціханоўскай (Офіс, АПК, Каардынацыйная Рада), так і яе крытыкаў — напрыклад, ініцыятыву “Вольная Беларусь” на чале з Пазняком.
Полк Каліноўскага спрабуе перахапіць ініцыятыву ў кансалідацыі нацыянал-дэмакратаў і плануе запусціць кансультацыйную пляцоўку “Шлях да волі” з уцягваннем у кааперацыю.
Шырокая кааліцыя дэмсіл праводзіць кампанію, каб адгаварыць людзей ад удзелу ў выбарах па фармаванні новага парламента і мясцовых саветаў. Ціханоўская прапанавала беларусам пяць спосабаў рэагавання на адзіны дзень галасавання, але ніводзін з іх не прадугледжвае мабілізацыю прыхільнікаў перамен – у тым ліку, няма згадак аб альтэрнатыўнай кампаніі па абранні новага складу Каардынацыйнай Рады.
У сваю чаргу ўзмацненне рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў дэмарганізацый абнуляе матывацыю актывістаў па ўдзеле ў выбарах у Каардынацыйную раду. Па “справе Каардынацыйнай рады” па Беларусі правялі каля 200 ператрусаў. Хутчэй за ўсё, шырокая кааліцыя дэмсіл павялічыць увагу да бяспекі актывістаў і прыхільнікаў перамен, што вымусіць арганізатараў адмовіцца ад маштабнай кампаніі.
Варта зазначыць: уплыў дэмсіл на ўнутраны парадак дня скарачаецца, у тым ліку з-за звужэння аўдыторыі незалежных медыя.
Дэмсілы дасягнулі пэўных поспехаў у міжнароднай ізаляцыі асобных падкантрольных рэжыму Лукашэнка GoNGO — у тым ліку праз абмежаванне іх фінансавання з-за мяжы. Міжнародная Федэрацыя Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) з-за адмовы зняць з пасады адыёзнага генеральнага сакратара Шаўцова. Гэтаму папярэднічала маштабная кампанія АПК і НАУ на чале з Паўлам Латушкам па ціску на міжнародныя структуры з-за пазіцыі кіраўніка БТЧК па падтрымцы расейскай агрэсіі ва Украіне.
Такім чынам, сярод прыхільнікаў перамен узмацняюцца пазіцыі прыхільнікаў сілавога варыянту змены ўлады. Аднак у бліжэйшы час могуць узнікнуць рознагалоссі і напружанне з-за спробаў перахапіць лідарства ў дэмакратычным руху.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі