Лакмус рэжыму – адукацыя: рэсаветызацыя, (сама-)ізаляцыя і адзяржаўленне
Адукацыйная вертыкаль — найбольш адчувальная да светапогляду кіраўніка рэжыму пры афармленні культу асобы. Лукашэнка імкнецца захаваць манаполію дзяржавы ў сферы навучання дзяцей і падлеткаў. Гэта прадугледжвае знішчэнне прыватных адукацыйных устаноў, самаізаляцыю і абмежаванні мабільнасці насельніцтва.
У 2020-2022 гадах рэжым Лукашэнкі выціснуў за мяжу значную частку актыву пратэснага руху. У пэўнай ступені ажыццявіць гэта дыктатару дапамаглі адкрытыя межы. Масавая эміграцыя актывістаў істотна аслабіла пратэсны рух. Пасля сілавікі правялі маштабную зачыстку і дэпалітызавалі грамадства. Рэпрэсіі працягваюцца, аднак дзяржава сутыкнулася з ростам кадравага дэфіцыту і дэпапуляцыяй краіны. У выніку паступовае закрыццё межаў і абмежаванні мабільнасці з’яўляюцца лагічнай тэндэнцыяй развіцця сітуацыі для рэжыму.
Кіруючы клас разглядае сістэму адукацыі як адну з найбольш важных сфераў для фарміравання лаяльнасці кіраўніцтву і, адпаведна, захавання манаполіі на ўладу.
Маштабныя чысткі ў вышэйшай адукацыі дазволілі пазбавіцца ад патэнцыйна нелаяльных кадраў. Варта зазначыць: да 2020 года сфера адукацыі з’яўлялася адной з найбольш лаяльных — асабліва сярэдні і дашкольны ўзровень. Напрыклад, выбарчая вертыкаль рэжыму складалася ў значнай ступені з супрацоўнікаў адукацыйных устаноў на працягу ўсяго перыяду кіравання Лукашэнкі.
У выніку аўтарытарнай рэакцыі рэжым узмацніў захады па падтрымцы дзяржсектара і дыскрымінацыі прыватнікаў — у тым ліку ў адукацыйнай сферы.
У Мінску закрыліся ўсе прыватныя дзіцячыя садкі. Паводле афіцыйнай інфармацыі – не атрымалі ліцэнзій. У 2022 годзе Лукашэнка загадаў увесці ліцэнзаванне і правесці зачыстку ў сістэме адукацыі.
Скарачэнне колькасці выпускнікоў і абітурыентаў штурхае адукацыйную вертыкаль узмацніць ціск на прыватныя ВНУ. Зачыняецца Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій. Акрамя таго ўводзяцца дадатковыя нязручнасці для выпускнікоў, якія прагнуць працягнуць адукацыю за мяжой. Адбываецца нефармальны ціск на ўзроўні школаў.
Дзяржава Лукашэнкі паслядоўна ўводзіць абмежаванні ў адносінах да мабільнасці розных груп насельніцтва. Санкцыі Захада (якія, сярод іншага, адмоўна ўплываюць на мабільнасць беларусаў) адпавядаюць палітыцы самаізаляцыі рэжыму.
Такім чынам, Лукашэнка паслядоўна працягне дыскрымінаваць прыватны сектар на карысць пашырэння дзяржаўнага не толькі ў адукацыйнай, а і ў іншых сферах грамадства.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі