Кадравы голад дэмакратычных сіл
Вынікі выбараў у Каардынацыйную раду замацавалі расклад у архітэктуры дэмакратычных сілаў з лідарствам Ціханоўскай. Нягледзячы на высокую канкурэнцыю на выбарах, апаненты рэжыму Лукашэнкі сутыкаюцца з кадравым дэфіцытам і зніжэннем актывізму на фоне аўтарытарнай рэакцыі.
Нягледзячы на перамогу на выбарах у Каардынацыйную раду (КР), кааліцыя Паўла Латушкі не атрымала абсалютнай большасці галасоў і, адпаведна, дэлегатаў у новым скліканні палітычнага органа. Палітык наўрад ці кансалідуе пераважную большасць чальцоў КР для таго, каб кінуць выклік лідарству Святланы Ціханоўскай.
Акрамя таго, вынікі апытання незалежных сацыёлагаў засведчылі ўстойлівасць пазіцый Ціханоўскай. Палітык застаецца найбольш пазнавальным лідарам з найвялікшым узроўнем даверу сярод прадэмакратычнага ядра. У сітуацыі аўтарытарнай рэакцыі прэзідэнт-элект 2020 застаецца ключавым элементам архітэктуры дэмсіл, а яе дзейнасць адпавядае чаканнням.
У сваю чаргу, высокія рэйтынгі дарадцы Ціханоўскай, Франака Вячоркі (3-я пазіцыя ў рэйтынгу), сведчаць пра патэнцыял развіцця асабістага палітычнага праекту. Гэта можа здарыцца ў выпадку адыходу Ціханоўскай ад дзейнасці або крызісу яе легітымнасці. Аднак наўрад ці дыстанцыянаванне Вячоркі ад Ціханоўскай адбудзецца ў бліжэйшы час. Пакуль супраца з лідаркай дэмакратычнай Беларусі прыносіць больш рэйтынгавых бонусаў, чым стратаў.
Дэпалітызацыя беларускага грамадства і адсутнасць сацыяльных ліфтаў не спрыяюць з’яўленню новых лідараў. Найбольш актыўныя і папулярныя апаненты рэжыму рызыкуюць папоўніць спісы экстрэмістаў і тэрарыстаў. Гэта адкрывае перад імі перспектывы патрапіць за краты (у выпадку пражывання ў Беларусі) або пазбавіцца маёмасці ў Беларусі (у выпадку знаходжання ў эміграцыі). Нават найбольш памяркоўныя крытыкі Лукашэнкі або знаходзяцца ў турме (як лідар ліквідаванай партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук), або вымушаныя чакаць лепшых часоў пасля вызвалення (як экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў).
У сваю чаргу, перспектыўныя праекты дэмсіл, як пашпарт “Новай Беларусі” сутыкаюцца з кадравым дэфіцытам. Адсутнасць прэтэндэнтаў на высокія пасады тлумачацца патэнцыяльным пераследам удзельнікаў з боку рэжыму.
Тым не менш, дэмсілы працягваюць паспяхова развіваць адносіны з ЗША ў рамках стратэгічнага дыялогу. Кангрэс ЗША апублікаваў праект абноўленага Акта аб дэмакратыі ў Беларусі. Кааліцыя Ціханоўскай захоўвае ўплыў на парадак дня беларуска-еўрапейскіх адносін. У дакуменце выказваецца падтрымка Каардынацыйнай радзе і Аб’яднанаму пераходнаму кабінету. Афіцыйны Вашынгтон разглядае іх у якасці легітымных інстытуцый для вядзення перамоў аб мірнай перадачы ўлады.
Такім чынам, кадравая праблема можа паўплываць на пагаршэнне якасці камунікацый дэмсіл як з заходнімі сталіцамі, так і з аўдыторыяй унутры Беларусі.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі