Грамадзянская супольнасць прасоўвае інтарэсы студэнтаў у Эстоніі, звужэнне аўдыторыі дэмакратычных сіл унутры Беларусі
У грамадзянскай супольнасці актывізуецца дыскусія наконт стратэгіі дэмакратычных перамен і магчымых перамоў з рэжымам Лукашэнкі на фоне несупынных рэпрэсій. Прыхільнікі сілавога сцэнару палітычных перамен у Беларусі ўзмацняюць свае пазіцыі ў незалежнай медыяпрасторы.
У незалежных медыя аднаўляецца дыскусія наконт агульнай стратэгіі грамадзянскай супольнасці ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі. Голас крытыкаў жорсткага санкцыйнага ціску дэмсіл на чале з Святланай Ціханоўскай узмацняецца на фоне працяглай хвалі рэпрэсій унутры Беларусі і пастаяннага павелічэння колькасці палітзняволеных.
Скандалы, звязаныя з бяспекай і ўцечкай асабістых звестак, працягваюць уплываць на змяншэнне даверу да незалежных медыя і грамадскіх ініцыятыў. Сілавікі заявілі аб уцечцы дадзеных з NEXTA. Аўдыторыя незалежных медыя працягвае паступова скарачацца.
Дэмсілы на чале з Ціханоўскай дабіваюцца поспеху ў прасоўванні інтарэсаў беларускіх студэнтаў у Эстоніі. Студэнты змогуць паступаць ва ўніверсітэты і працягваць навучанне ў Эстоніі.
Аўтаномная сеткавая ініцыятыва “Народныя амбасады Беларусі” пашыраюць сваё прадстаўніцтва на Італію і Ізраіль, што павялічвае патэнцыял па адвакатаванні інтарэсаў беларусаў і кансультацыі эмігрантаў.
Дэмсілы ў кааперацыі з Варшаўскім універсітэтам запусцілі праграму па падрыхтоўцы дзяржслужбоўцаў для Беларусі пасля дэмакратычных перамен.
Антываенны супраціў не спыняецца нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі і пакаранні за любыя публічныя праявы пазіцыі супраць вайны. Папулярны праект “Беларускі Гаюн” працягвае бесперапынны маніторынг ваеннай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі, а колькасць падпісчыкаў ягонага канала ў Telegram павялічылася за апошні месяц.
Добраахвотнікі ва Украіне ўзмацняюць свае пазіцыі ў інфармацыйнай павестцы незалежных медыя. Полк Каліноўскага разлічвае стаць асобным палітычным цэнтрам і працягвае дыстанцыявацца ад Кабінета Ціханоўскай.
Такім чынам, сярод дэмакратычнай супольнасці актывізуецца абмеркаванне перагляду падыходу ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі з крытыкай жорсткіх пазіцый Кабінету Святланы Ціханоўскай.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі