en
Снежань 26 – Студзень 1, 2022
Кіруючы клас

2022: Прагрэсуючая рэакцыя і кансалідацыя вакол Лукашэнкі

Сітуацыя пагоршылася
2022: Прагрэсуючая рэакцыя і кансалідацыя вакол Лукашэнкі
Урачысты сход з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі. 2 ліпеня 2022 г. Фота: president.gov.by

На працягу 2022 года беларускаму істэблішменту атрымалася ўзнавіць давер насельніцтва да дзяржаўных інстытутаў з дапамогай папулісцкіх захадаў і жорсткіх рэпрэсій на фоне вайны ва Украіне. Сілавы блок захаваў найбольшую апаратную вагу ў параўнанні з цывільнымі ведамствамі разам з узмацненнем ідэалагізацыі ў дзяржсектары і бюджэтных сферах, а таксама аднаўленнем савецкіх практык выхавання лаяльнасці насельніцтва. Урад і Нацбанк утрымаў эканоміку ад абвалу ў сітуацыі санкцый і закрыцця экспартных рынкаў Украіны і ЕС, а павольнае падзенне дабрабыту стала прымальнай платай для большасці насельніцтва за няўдзел беларускага войска ў вайне на тэрыторыі Украіны. 

Кіруючаму класу атрымалася дасягнуць аднаўлення рэйтынгаў даверу насельніцтва да дзяржаўных інстытутаў за кошт:

  • паступовай кансалідацыі дзяржапарату, а затым і насельніцтва вакол асобы Аляксандра Лукашэнкі на фоне вайны ва Украіне;
  • ухілення рэжыму Лукашэнкі ад наўпроставага ўдзелу беларускага войска ў агрэсіі на тэрыторыі Украіны;
  • папулісцкіх захадаў у цэнавым рэгуляванні, якія, аднак, істотна дэстабілізавалі сітуацыю ў гандлі;
  • падтрымання высокага ўзроўню занятасці і працы дзяржаўных кампаній, стабільнасці на фінансава-валютным рынку без рэзкіх абвалаў, нягледзячы на эканамічную рэцэсію і санкцыі;
  • звужэння аўдыторыі незалежных медыя за кошт іх жорсткай зачысткі і паступовай крыміналізацыі спажывання альтэрнатыўнага інфармацыйнага прадукту ўнутры краіны.

Кіруючы клас кансалідаваў сілавы блок, вертыкаль і дзяржсектар вакол аўтакрата, што ўмацавала персаналісцкі рэжым, адклала трансфармацыю і развіццё іншых дзяржаўных інстытутаў на пазнейшы перыяд.

Беларускі істэблішмент актывізаваў карэктаванне заканадаўства і ўдакладненне зменаў у палітычнай сістэме ў другім паўгоддзі, як толькі першаму прэзідэнту атрымалася ўзмацніць асабістыя пазіцыі і вярнуць давер з боку насельніцтва. Да гэтага часу Лукашэнка пракрасцінаваў,  выказваючы пад ціскам абставінаў няўцямныя развагі наконт трансфармацыі персаналісцкага рэжыму ў калектыўнае праўленне і пераразмеркавання ўладных паўнамоцтваў.

Чытайце нас у Telegram – толькі самае галоўнае

Рост даверу насельніцтва і кансалідацыя вакол аўтакрата забяспечвалася за кошт пераразмеркавання сродкаў ад сярэдняга класа на карысць сілавога блоку, бюджэтнікаў і дзяржсектару эканомікі.

Першы прэзідэнт Беларусі імкнецца захаваць высокай долю дзяржавы ў эканоміцы і трансферце дабротаў. Доля бенефіцыяраў дзяржаўнага пераразмеркавання хоць і змяншаецца, але застаецца вялікай. Найбуйнешымі групамі атрымальнікаў выгодаў ад дзяржавы з’яўляюцца: пенсіянеры (каля 2,4 млн), а таксама бюджэтнікі і работнікі дзяржсектару (каля 1,6 млн або каля 38% ад занятых у эканоміцы).

Нягледзячы на льготы і маштабныя ўліванні, доля дзяржсектару ў занятасці насельніцтва скарачаецца з кожным годам. Колькасць пенсіянераў таксама змяншаецца, што звязана з павелічэннем смяротнасці ад ковіду (улады нават схавалі статыстыку), а таксама рэфармаваннем сістэмы з падвышэннем узросту і скарачэннем пенсійных гарантый.

На працягу ўсяго 2022 года ахоўнікі рэжыму дэпалітызавалі грамадства, адвучвалі прыхільнікаў перамен ад грамадска-палітычнай актыўнасці і дэматывавалі пратэсны рух жорсткімі рэпрэсіямі (затрыманнямі, крымінальнымі справамі, суровымі судовымі выракамі з вялікімі турэмнымі тэрмінамі). Пераслед пашырыўся на сем’і актывістаў прадэмакратычнага руху. Ахоўнікі рэжыму запалохвалі іншадумцаў выбарачнымі, але маштабнымі карнымі захадамі за публічныя праявы іншадумства, у тым ліку ў інтэрнэце.

На працягу ўсяго года сілавікі праводзілі карную аперацыю ў адносінах да маніфестантаў 2020, каб дэматываваць прыхільнікаў перамен і папярэдзіць вулічную мабілізацыю грамадства ў будучым. Спіс экстрэмістаў і тэрарыстаў з ліку актывістаў пратэснага руху напрыканцы году перасягнуў 2,0 тыс. чалавек.

Беларускі істэблішмент абмяжоўваў крытыкаў рэжыму ў палітычных, грамадзянскіх і сацыяльных правах, ужываючы штрафныя і маёмасныя экспрапрыяцыі. Законатворцы істотна ўзмацнілі жорсткасць рэпрэсіўнага заканадаўства. Напрыканцы года кіруючы клас прыняў рашэнне пазбаўляць грамадзянства беларусаў за экстрэмісцкую дзейнасць, а фактычна – за актыўную грамадзянскую пазіцыю і крытыку рэжыму Лукашэнкі.

Да канца года ахоўнікі рэжыму завяршылі маштабную зачыстку грамадзянскай супольнасці і вывелі па-за межы легальнай дзейнасці болей за 1,0 тыс. некамерцыйных арганізацый. Улады наважыліся на ліквідацыю ўсіх незалежных прафсаюзаў і крымінальны пераслед іхных лідараў.

Беларускі істэблішмент адмовіўся ад памякчэння рэпрэсій, нягледзячы на першапачатковыя намеры амніставаць частку палітвязняў да Дня народнага адзінства ў верасні. У апошнім квартале ахоўнікі рэжыму актывізавалі пераслед у адносінах да апанентаў, што можа быць звязана са спробай прымусу іншадумцаў да поўнай дэпалітызацыі і абсентэізму напярэдадні пачатку новага электаральнага цыклу.

Прагнозы на 2023 год

  • Падтрыманне высокага ўзроўню падаткавых, штрафных і маёмасных экспрапрыяцый у прыватнага сектару і нелаяльных груп насельніцтва для ўтрымання лаяльнасці ахоўнікаў рэжыму, дзяржапарату і дзяржсектару з імкненнем захаваць долю апошняга ў занятасці.
  • Захаванне ручнога кіравання эканомікай і ўмяшання ў яе Аляксандра Лукашэнкі з папулісцкімі ініцыятывамі для падняцця асабістых рэйтынгаў.
  • Утрыманне на высокім узроўні апаратнай вагі сілавікоў з аслабленнем уплыву тэхнакратаў і маштабнымі уліваннямі ў дзяржсектар, а таксама высокай інфляцыяй.
  • Сілавы рэжым падрыхтоўкі да правядзення выбараў у парламент, мясцовыя саветы і УНС з актывізацыяй GoNGO і лаяльных рэжыму апазіцыянераў.
Вы паспяхова падпісаныя

Падпішыцеся на нашу рассылку

Раз на тыдзень у каардынацыі з групай вядучых беларускіх аналітыкаў мы даем аналітычныя каментары да найбольш актуальных і актуальных пытанняў, у тым ліку да закулісных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, на беларускай, рускай і англійскай мовах.
EN
BE/RU
Падпісацца

Сітуацыя ў Беларусі

Красавік 15 – Красавік 21
Прагледзець усе

Падпішыцеся на нас

Чытаць больш