Дзяржава працягвае манапалізаваць сферу медпаслуг, кіруючы клас рыхтуецца да выбараў
Кіруючы клас працягвае пераразмеркаванні на рынку медычных паслуг з закрыццём канкурэнтаў з прыватнага бізнесу на карысць дзяржаўных устаноў з пагаршэннем дзелавога клімату ў краіне. Палітычнае кіраўніцтва працягвае стварэнне спрыяльных для сябе ўмоў для правядзення выбарчай кампаніі-2024 па-за ўвагай насельніцтва: ліквідуюцца палітпартыі, узмацняецца ідэалагічная вертыкаль і праца з кадрамі.
Палітычнае кіраўніцтва рыхтуецца да правядзення электаральнай кампаніі, але імкнецца не палітызаваць грамадства. Лукашэнка абмеркаваў будучую электаральную кампанію, кадры і ідэалогію са старшынёй Савету Рэспублікі Качанавай і кіраўніком Адміністрацыі Сяргеенкам. Кіруючы клас плануе ліквідаваць усе апазіцыйныя і частку лаялісцкіх партый да старту выбарчай кампаніі.
Міністэрства здароўя прыпыніла дзеянне ліцэнзіі “Новага зроку”. Закрыццё чыноўнікамі медычнага бізнесу павялічыць кадравыя праблемы і ўздыме кошты на медычным рынку, на якім і так назіраецца недахоп медыкаў і высокі ўзровень эміграцыі. Дзеянні лабістаў дзяржаўных арганізацый аховы здароўя ствараюць новыя кропкі напружання і незадаволенасці дзяржкіраваннем.
Чыноўнікі заняліся перадзелам інкасатарскага бізнесу. Так, выключнае права на заняткі такой дзейнасцю ўводзіцца для дзяржкампаніі “Белінкасгруп”.
Дзяржпрапаганда імкнецца павялічыць кантроль над інфлюенсерамі і прыцягнуць да прасоўвання сваіх прадуктаў. Блогер Дзім Дзімыч прыйшоў на “пакаянае” інтэрв’ю да прапагандыста Азаронка.
Занятасць у эканоміцы працягвае змяншацца, а колькасць вакансій і кадравы дэфіцыт рэкордна павялічваюцца, што звязана як са старэннем насельніцтва (і выхадам на пенсію), так і працоўнай эміграцыяй. Аднак кіруючы клас спрабуе вырашыць праблему адміністрацыйнымі і абмежавальнымі мерамі. Лукашэнка забараніў звальняць аграрыяў без згоды кіраўніцтва райвыканкамаў.
Нацбанк прыпыняе зніжэнне стаўкі рэфінансавання, што звязана з апасеннямі наступстваў ад перагрэву эканомікі ад крэдытавання і ўліванняў у дзяржсектар. Сярэдні заробак працягвае павялічвацца.
Бюджэтныя сродкі пераразмяркоўваюцца на ахоўнікаў рэжыму і паляпшэнне інфармацыйнай бяспекі. МУС выдзеліла больш за BYN 2 млн на куплю сродкаў шыфравання інфармацыі. Сілавікі стварылі ўжо 5 новых падраздзяленняў спецназа і плануюць яшчэ два атрады, каб ахапіць усе рэгіёны. Пры гэтым, хутчэй за ўсё, дзяржаве атрымалася вярнуць узровень даверу да сілавых органаў пасля яго падзення ў выніку палітычнага крызісу 2020 года. Конкурс на бюджэт у сілавыя ВНУ павялічыўся.
Ахоўнікі рэжыму не спыняюць чысткі, запалохванне і пераслед прыхільнікаў перамен.
Такім чынам, кіруючы клас разлічвае дэматываваць прыхільнікаў перамен да ўдзелу ў выбарах, галоўным чынам, рэпрэсіямі.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі