Дыпламатычныя поспехі Ціханоўскай: актыў дэмсіл і інвестыцыі ў будучыню?
Дыпламатычныя поспехі Святланы Ціханоўскай фарміруюць уражанне руціннасці, пры гэтым істотна кантрастуюць з міжнароднай ізаляцыяй Лукашэнкі. Аднак насуперак аўтарытарнай рэакцыі і стомленасці грамадства дэмсілы ладзяць эфектыўную камунікацыю з Захадам і падтрымкі. Статусная і прызнаная міжнароднымі партнёрамі дэмакратычная лідарка ўзмацняе агульныя пазіцыі дэмсіл у вачах наменклатуры — у выпадку магчымага транзіту ўлады.
Лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з вядучымі сусветнымі палітыкамі на міністэрскім саміце “Вялікай васьмёркі” ў Італіі. Гэта важная падзея ў камунікацыі і прасоўванні інтарэсаў беларускай грамадзянскай супольнасці на міжнародным узроўні.
Удзел у міністэрскім саміце G7, як і запрашэнне на саміт спікераў парламентаў Еўрасаюза, замацоўвае дыпламатычныя поспехі Ціханоўскай. Міжнародныя кантакты і сустрэчы дэмакратычнай лідаркі кантрастуюць з рэдкімі замежнымі візітамі Лукашэнкі. Пераважная большасць ваяжаў дыктатара прыходзіцца на Расію і сустрэчы з Пуціным.
Дэмсілы прыцягваюць увагу міжнароднай супольнасці да сітуацыі ў Беларусі. Камунікацыя на высокім палітычным узроўні спрыяе змякчэнню абмежаванняў у адносінах да беларускіх палітэмігрантаў.
Дэмсілы прасоўваюць тэзісы наконт прыцягнення рэжыму Лукашэнкі за саўдзел у крамлёўскай агрэсіі ў супрацьвагу антываеннаму кансэнсусу ў беларускім грамадстве.
Разам з тым крытыка ў бок каманды Ціханоўскай узмацняецца з набліжэннем выбараў у Каардынацыйную раду (КР). Хутчэй за ўсё, асобныя палітарганізацыі імкнуцца пратэставаць свой патэнцыял па кансалідацыі апанентаў Ціханоўскай напярэдадні абнаўлення складу КР. Так, адзін з заснавальнікаў ініцыятывы “Вольная Беларусь” Павел Усаў выстаўляе чарговыя прэтэнзіі Ціханоўскай і яе камандзе.
Аднак разбурэнне прадстаўнічай легітымнасці Ціханоўскай як лідаркі дэмакратычнага руху значна аслабіць пазіцыі грамадзянскай супольнасці на міжнародным узроўні. Адпаведна зменшыцца ўвага дэмакратычных сталіц да сітуацыі ў Беларусі. Гэта сярод іншага можа паўплываць на істотнае скарачэнне міжнароднай падтрымкі. У выніку звузяцца магчымасці для дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя.
Варта зазначыць: падчас будучага ўладнага транзіту істотна павялічваецца роля агульнапрызнанага дэмакратычнага лідара ў перамоўных працэсах і прыцягненні на бок дэмсіл прадстаўнікоў наменклатуры, што стварае дадатковыя спрыяльныя ўмовы для дэмакратычнай трансфармацыі.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі