Дэмсілы збіраюць доказы злачынстваў рэжыму, палітпартыі рыхтуюцца да перарэгістрацыі
Дэмсілы на чале з Ціханоўскай працягваюць камунікацыю з Захадам па дэлегітымізацыі рэжыму Лукашэнкі і яго пераследу за злачынствы супраць чалавечнасці. Частка палітпартый (“Справядлівы свет”, “Зялёныя”, БСДГ) рыхтуюць дакументы для перарэгістрацыі або разглядаюць варыянт далучыцца да іншай прадэмакратычнай палітпартыі ў выпадку яе перарэгістрацыі ці дзейнічаць у фармаце грамадскага аб’яднання.
Дэмсілы разлічваюць ініцыяваць маштабны міжнародны пераслед ахоўнікаў рэжыму Лукашэнкі праз інструменты Міжнароднага крымінальнага суду за злачынствы супраць чалавечнасці. У дачыненні да злачынных дзеянняў цяперашніх беларускіх улад атрымалася сабраць больш за 18 тыс. доказаў.
Дэмсілы камунікуюць з літоўскімі ўладамі наконт змякчэння абмежаванняў у адносінах да беларусаў. Лідар дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская дамовілася аб стварэнні працоўнай групы па вырашэнню міграцыйных праблем грамадзян Беларусі на сустрэчы з кіраўніцтвам МУС Літвы.
Аб’яднаны пераходны Кабінет і Каардынацыйная рада канцэнтруюць увагу на антываеннай і антыядравай тэматыцы, робяць заяву аб недапушчэнні размяшчэння ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі, нелегітымнасці рэжыму Лукашэнкі і прыцягнення яго да адказнасці разам з кіраўніцтвам Расіі.
Незалежныя журналісты праводзяць паспяховыя расследаванні па абыходзе беларускім бокам уведзеных ЕС санкцый. Беларускі расследавальніцкі цэнтр выявіў механізмы паставак прадукцыі дрэваапрацоўкі, нягледзячы на абмежаванні. У выніку мытная служба Літвы заявіла аб поўным спыненні паставак у краіну драўніны і прадукцыі дрэваапрацоўкі беларускага і расійскага паходжання пад выглядам тавараў з Казахстану і Кыргызстану ў абыход санкцый ЕС.
Дэмсілы працягваюць спробы кансалідаваць палітэмігрантаў і ангажаваць іх у сваю дзейнасць. Святлана Ціханоўская ініцыявала правядзенне Другой Канферэнцыі беларусаў свету ў Вільні.
У незалежных медыя разгортваецца чарговы медыйны скандал з-за пагрозы бяспецы апанентаў рэжыму Лукашэнкі. У беларусаў узніклі пытанні да фонда BYSOL з-за рассылкі на фоне затрыманняў за ахвяраванні ў фонд.
Кааліцыя палітарганізацый (БСДП (Грамада), “За свабоду”) спрабуюць зацікавіць сваіх сімпатызантаў пазітыўнай павесткай рэфармавання ў рамках кампаніі “Рэанімацыйны пакет рэформаў”.
Экс-камуністы з “Справядлівага свету” рыхтуюць дакументы для перарэгістрацыі і спрабуюць ангажаваць у арганізацыю новых партыйцаў, каб дасягнуць неабходнага парога асабовага складу ў 5,0 тыс. Актывісты партыі ініцыявалі лакальную сацыяльную кампанію ў Мінску.
Такім чынам, давер да ініцыятыў грамадзянскай супольнасці і зборы краўдфандынгавых платформ працягнуць змяншацца.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі