Дэмсілы заклікаюць байкатаваць выбары-2024, Аб’яднаны Пераходны Кабінет працягвае ізаляваць праўладныя арганізацыі
Дэмсілы агучваюць кансалідаваную пазіцыю наконт прызнання нелегітымнымі выбараў дэпутатаў парламента і мясцовых саветаў-2024. Таксама яны заклікаюць прыхільнікаў байкатаваць электаральную кампанію. АПК разлічвае дамагчыся спынення замежнага фінансавання і выключэння Беларускага Чырвонага Крыжа з Міжнароднай федэрацыі.
Па выніках слуханняў у КР Святлана Ціханоўская правяла прызначэнні ў АПК, у тым ліку зняла Азарава з пасады прадстаўніка Кабінета па аднаўленні правапарадку і законнасці.
Сярод дэмсіл пераважаюць настроі па ігнараванні электаральных кампаній, што звязана з дэматывацыяй пратэснага ядра да ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Палітарганізацыі ўваходзяць у традыцыйны электаральны цыкл “байкот – удзел”, характэрны для беларускай апазіцый з сярэдзіны 1990-х гадоў.
На канферэнцыі “Новая Беларусь”, арганізаванай офісам Ціханоўскай, АПК і КР, лідары беларускіх палітарганізацый прынялі супольную заяву з дэматывацыяй прыхільнікаў да ўдзелу ў выбарах 2024 г. Святлана Ціханоўская ўмацавала статус абранага лідара дэмакратычнай Беларусі.
Палітарганізацыі канцэнтруюць увагу на кансалідацыі праўрапейскіх пластоў грамадства і прымаюць палітычную дэкларацыю з выразным геапалітычным выбарам на карысць сяброўства Беларусі ў ЕС. Таксама задэкларавана салідарнасць з Украінай — з асуджэннем расійскай агрэсіі і саўдзелу ў ёй рэжыма Лукашэнкі.
Пры гэтым сілавы варыянт змены рэжыму набывае ўсё большую папулярнасць сярод апанентаў кіруючага класа ў адказ на несупынныя рэпрэсіі і пазбаўленне палітычных правоў.
Дэмсілы працягваюць ізаляваць рэжым Лукашэнкі і набліжаных да яго арганізацый ад падтрымкі і фінансавання з боку міжнароднай супольнасці. Кіраўнік НАУ і намеснік кіраўніка АПК Павел Латушка агучыў верагоднасць выключэння Беларускага Чырвонага Крыжа з Міжнароднай федэрацыі з-за вывазу ўкраінскіх дзяцей і падтрымкі расійскай агрэсіі ва Украіне.
Дэмсілы спрабуюць прадухіліць увядзенне Літвой санкцый у дачыненні да беларусаў пасля прыняцця рэжымам Лукашэнкі наёмнікаў з кампаніі “Вагнер”. Ціханоўская правяла перамовы з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам наконт магчымых абмежаванняў.
На трэцюю гадавіну прэзідэнцкіх выбараў палітарганізацыі і дыяспары арганізавалі маштабныя акцыі ў гарадах па ўсім свеце. Дыпламаты чатырох краін ЕС нагадалі пра дапамогу беларускай дэмакратыі.
Такім чынам, дэмсілы адмаўляюцца ад мабілізацыі прыхільнікаў напярэдадні выбарчай кампаніі на фоне несупынных рэпрэсій у адносінах да іншадумцаў і эміграцыі актыву.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі