en

Царква ў Беларусі: паміж Богам і кесарам

Вадзім Мажэйка Вадзім Мажэйка

“У 2020 цэрквы называлі зло па імені”

23 верасня 2022 года штотыднёвы аналітычны маніторынг Belarus in Focus у партнёрстве з Прэс-клубам, сайтам экспертнай супольнасці Беларусі “Наше мнение” і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS) правялі анлайн-пасяджэнне экспертна-аналітычнага клубу каб абмеркаваць стан царквы ў сённяшняй Беларусі.

Асноўнымі спікерамі выступілі беларускія аналітыкі і святары:

  • Вячаслаў Барок – пробашч касцёла ў Расонах, аўтар YouTube-каналу «Ксёндз Барок»;
  • Наталля Васілевіч – магістар тэалогіі, дактарант Рэйнскага ўніверсітэта Фрыдрыха Вільгельма;
  • Петр Рудкоўскі – дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS), раней сябра Ордэна прапаведнікаў (дамініканцы) і каталіцкі святар;
  • Аляксандр Шрамко – праваслаўны святар, прадстаўнік працоўнай групы Каардынацыйнай рады “Хрысціянская візія”.

Таксама ў пасяджэнні экспертна-аналітычнага клубу прынялі ўдзел прадстаўнікі міжнародных арганізацый і дыпламатычнага корпуса, аналітыкі і журналісты.

Мадэравалі дыскусію Вадзім Мажэйка (Наше мнение/BISS) і Антон Рулёў (Belarus in Focus/Прэс-клуб).

Як 2020-2022 гады змянілі беларускіх хрысціян

Вячаслаў Барок адзначае, што час выпрабаванняў – бласлаўлёны час, у які вернікі акурат могуць праявіць сваю веру. Барок лічыць, што ў пастарскай дзейнасці можна казаць пра хрысціянскія правы чалавека і асуджаць іх парушэнне, бараніць хрысціянскую чалавечую годнасць. Нажаль, калі ў 2020 цэрквы “называлі зло па імені”, то цяпер гэты запал астудзіў небывалы пераслед, і хрысціяне ў асноўным сышлі ў катакомбы.

Наталля Васілевіч лічыць, што царкоўная іерархія робіцца больш гарызантальнай, становіцца больш адказнасці вернікаў і еднасці, міжканфесійнага ўзаемадзеяння. Васілевіч называе гэта “грамадскай тэалогіяй” – ужываннем рэлігійных канцэптаў да грамадскага жыцця, што раней ў Беларусі не было развіта. Аляксандр Шрамко таксама адзначае рост міжканфесійных сувязяў хрысціян, попыту на нецаркоўнае хрысціянства замест іерархічнай царквы, а таксама пашырэнне хрысціянскіх прынцыпаў сярод тых, хто не лічыць сябе веруючым. Шрамко ахарактарызаваў гэтыя працэсы як паглыбленую рэфармацыю.

Пётр Рудкоўскі адзначае, што раней у Беларусі каталіцкая царква і дзяржава існавалі ў больш-менш мірным сімбіёзе, а канфлікты па будаванні касцёлаў альбо дзейнасці польскіх ксяндзоў былі лакальныя і кароткачасовыя. Але перад выбарамі-2020 год свецкія каталікі ініцыявалі кампанію “Каталік не фальсіфікуе”, якую падтрымала і духавенства, а мітрапаліт Кандрувесіч наўпрост выказваўся, што краіне патрэбныя свабодныя сумленныя выбары. Вялізарны тэрор пасля выбараў канчаткова разбурыў ранейшы сімбіёз, а ўлады ахрысцілі Кандрусевіча агентам Польшчы, які там атрымлівае інструкцыі па разбурэнні Беларусі. Толькі ў ватыканскай дыпламатыі атрымалася дамагчыся каб гэта не перарасло ў доўгі канфлікт касцёлу і дзяржавы.

Якая пазіцыя дзяржавы адносна праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў у сённяшняй Беларусі

Наталля Васілевіч кажа, што ўсе святары ўсіх канфесій цяпер у Беларусі пад пільным кантролем. Арыштоўваюць і пратэстанцкіх святароў, і каталіцкіх ксяндзоў, і праваслаўных бацюшак. Разам з тым, уладамі адчуваюцца пагрозы ад замежных цэркваў ад Масквы да Ватыкану, адпаведна адносна пратэстантаў такіх перасцярог у дзяржавы няма. Васілевіч адзначае, што былі ў сучаснай гісторыі Беларусі вельмі грамадскі актыўныя пратэстанты-харызматыкі, і праз “Малады фронт” альбо БХД пратэстанцкае хрысціянства адыграла важную ролю ў беларускай палітыцы. Тую ж царкву “Новае жыццё” улады не змаглі ўпісаць у сваю карціну свету.

Разам з тым, па меркаванні Васілевіч рэжым Лукашэнкі паліттэхналагічна маніпулюе хрысціянамі, і для некаторых гэты рэжым стаў выглядаць болей хрысціянскім за заходнееўрапейскія палітычныя тэндэнцыі.

Вячаслаў Барок лічыць, што розніца ў стаўленні да розных хрысціян калі і ёсць, то залежыць толькі ад таго, што сабой уяўляе канкрэтная рэлігійная супольнасць. Недатыкальных няма: велізарны ціск ідзе і на звычайнага верніка, і на мітрапаліта, “пазапарафіяльная дзейнасць ва ўсіх кірунках абмяжоўваецца”. Але калі цэрквы адмаўляюцца ад сваёй місіі і гатовыя быць выкарастыныя ўладамі, быць на пабягушках рэжыму (а не місіі Хрыстовай) – тады для іх будзе быццам усё добра, яны будуць атрымліваць і бонусы ад улады.

Нягледзячы на беззаконне і рэпрэсіі, рэлігійныя арганізацыі не пазбавілі ільготаў: зямлю пад храмы атрымліваюць задарма, плацяць за паслугі ЖКГ па субсідаваных тарыфах. Разам з тым, праваслаўныя маюць дамовы на супрацу з дзяржавай, а каталікі і пратэстанты – не. Але Барок не бядуе, што касцёл не мае такіх прывілеяў, бо лічыць, што калі іерархі фактычна ўслаўляюць уладу на роўні бога, то гэта вымывае сутнасць царквы.

Аляксандр Шрамко мяркуе, што на ўзроўні вернікаў стан аднолькавы, але адносна іерархаў розніца ў стаўленні дзяржавы ёсць: “Ад каталікоў рэжым меней чакае прыслужлівасці, і гэта дае болей прасторы для дзеяння”. А праваслаўныя іерархі заявілі сабе служкамі рэжыму, і таму выпадкі вольнадумства праваслаўных святароў успрымаюцца больш напружана за каталіцкія. Тое і адносна пратэстантаў: іх успрымае дзяржава самымі далёкімі з усіх хрысціян, не як частку сваёй ідэалогіі – то ў пэўнай ступені яны самыя вольныя. З улікам таго, што агулам любы выступ супраць рэжыму і вайны ўспрымаецца як нагода для пакарання, ад каго б ён ні быў.

Пётр Рудкоўскі лічыць, што на праваслаўную царкву ідзе ціск з абодвух бакоў, з Масквы і з Мінска, а на каталікоў толькі з Мінска (хоць і Ватыкан заняў пазіцыю медыяцыйную). Ціск жа дзяржавы на пратэстантаў тлумачыцца тым, што ў іх няма іерархіі, якую можна ўзяць пад кантроль. У выніку тых жа пяцідзесятнікаў абвінавачвалі ледзь не ў канібалізме.

Якія настроі ў царкоўным кіраўніцтве і кліры, што з аўтакефаліяй БПЦ?

Пётр Рудкоўскі вызначае тры ўзроўні царкоўнай актыўнасці: сакраментальна-прапаведніцкі, культурніцка-асветніцкі і палітычна-этычны. Да 2020 года касцёл збольшага заставаўся на першых двух узроўнях і толькі падчас грамадскай мабілізацыі актыўней заняўся трэцім, але потым пачалася мадэрацыя, і актыўнасць зменшылася (магчыма пад уплывам Ватыкана).

Паколькі каталікоў у Беларусі мільён ці крыху болей, адпаведна ў такой вялікай групе цыркулююць самыя розныя погляды. Святароў жа да тысячы, і сярод іх Рудкоўскі вызначае тры групы: 1) “Польскія палякі” (грамадзяне Польшчы, якія служаць у Беларусі – іх усё меней), 2) “Беларускія палякі” (па нацыянальнасці альбо перакананні), і ўласна 3) “Беларускія беларусы” (атаясамляюць сабе з беларускім народам, хвалююцца за беларускую будучыню). Парадаксальна, што ўлады імкнуцца скараціць першыя дзве групы, але акурат сярод іх выхад касцёлу на палітычна-этычны ўзровень не карыстаецца попытам. То бок улады часткова самі прывялі да палітызацыі касцёла ў 2020. Палякі хвалююцца за дакументы, маюць матывацыю не лезці на ражон (бо калі іх вернуць да Польшчы – іх становішча будзе горай). А ўлады імкнуліся іх замяніць мясцовымі кадрамі ледзь не на 100%.

Аляксандр Шрамко мяркуе, што ў БПЦ групы іерархаў, святароў і міран мала перасякаюцца адна з адной. Вышэйшыя іерархі жывуць у сваім свеце, арыентуюцца на ўладу і не сутыкаюцца асабліва з вернікамі; адпаведна, для іх галоўнае праз добрыя адносіны з уладай захаваць свае прывілеі. А вось на ўзроўні святароў іначай: большасць актыўных святароў у святарскіх чатаў куды болей падтрымлівалі пратэсты.

Шрамко лічыць, што аўтакефалія праваслаўнай царквы ў Беларусі фактычна адбылася, бо замест залежнасці ад Масквы (якая ставіла свайго Паўла мітрапалітам) у 2020 дэ-факта адбылася рэформа, вырашаць стаў Лукашэнка, і мітрапалітам паставілі Веніяміна. І гэта ілюструе як у таталітарных рэжымах аўтакефальная царква становіцца кішэннай, інстытутам дзяржаўнасці царквы, калі яны зліваюцца.

Вячаслаў Барок нагадвае, што любыя стратэгіі важна ацэньваць не толькі з грамадскай логікі, але і па тым, наколькі яны адпавядаюць задуме божай, хрыстовым планам. Таму стратэгія ціха выжыць заўсёды памылковая, бо Ісус заснаваў царкву не для прыстасавання. Ды і ратаваць царкву не трэба, бо яе ратуе Хрыстос, і не варта з ім мяняцца абавязкамі.

Разам з тым, Наталля Васілевіч зазначае, што фактычна ўсе ўдзельнікі дыскусіі і самі ж выбралі стратэгію выжывання, бо знаходзяцца за межамі Беларусі. Адпаведна, Наталля і ад тых, хто ў Беларусі, не адчувае маральнага права патрабаваць іншага. Аднак у тых, хто ў бяспецы і можа гаварыць, узнікае адказнасць не маўчаць. А ад царкоўных іерархаў і лідараў апрыёры патрабуецца болей адказнасці, чым ад звычайных вернікаў – не даваць гэтых самых вернікаў у крыўду.

Якой можа быць роля царквы ў будучых трансфармацыях Беларусі

Аляксандр Шрамко не чакае ад царквы шмат: яна збольшага адлюстроўвае распаўсюджаны дух, і “нікога нікуды не павядзе”.

А Вячаслаў Барок называе нейтральнасць беларусаў “апакаліптычным зверам унутры чалавека” – і царква можа і мусіць гэтага звера павыганяць, стымуляваць салідарнасць у грамадстве. А калі прыйдуць перамены, то роля цэркваў будзе ў тым, каб падчас вяртання да справядлівасці і законнасці сфакусавацца на “пакаранні зла, а не помсце людзям”. Каб грамадства не раскалолася назаўсёды.

Наталля Васілевіч жа часам уяўляем царкву як лакаматыў з вагонамі: мае моц і місію, рэсурсы і ідэі, як весці грамадства наперад, але ў трансфармацыях царква звычайна ў ролі хутчэй апошняга вагона, які могуць і адчапіць. Васілевіч лічыць, што цэрквы мусяць быць пасланнікамі справядлівасці і дыялогу, не забываць пра сваю адказнасць. А ўчынкі Паўла Севярынца могуць мець болей уплыву і аўтарытэту за ўсіх праваслаўных іерархаў.

Вы паспяхова падпісаныя

Падпішыцеся на нашу рассылку

Раз на тыдзень у каардынацыі з групай вядучых беларускіх аналітыкаў мы даем аналітычныя каментары да найбольш актуальных і актуальных пытанняў, у тым ліку да закулісных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, на беларускай, рускай і англійскай мовах.
EN
BE/RU
Падпісацца

Сітуацыя ў Беларусі

Сакавік 11 – Сакавік 17
Прагледзець усе

Падпішыцеся на нас

Чытаць больш