Спадчына Станіслава Шушкевіча
Шанс не з’яўляецца ўласнасцю і не даецца назаўжды. Шушкевічу шанс выпаў, і ён ім скарыстаўся
12 траўня 2022 года штотыднёвы аналітычны маніторынг Belarus in Focus у партнёрстве з Прэс-клубам, сайтам экспертнай супольнасці Беларусі «Наше мнение» і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS) зладзілі дыскусію Экспертна-аналітычнага клуба, каб абмеркаваць спадчыну Станіслава Шушкевіча.
Асноўнымі спікерамі выступілі журналісты, палітыкі і аналітыкі:
- Анатоль Лябедзька – дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га і 13-га склікання, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе;
- Юры Дракахруст – палітычны аглядальнік «Радыё Свабода»;
- Віталь Цыганкоў – палітычны аглядальнік «Радыё Свабода», вядучы праграмы «Размова» («Белсат»).
Мадэравалі дыскусію Вадзім Мажэйка (Наше мнение / BISS) і Антон Рулёў (Прэс-клуб).
Дасягненні Шушкевіча
- Галоўнае – Белавежскія пагадненні і вывад ядзернай зброі. Пра гэта і сам Шукевіч казаў калісці ў інтэрв’ю Цыганкову. Шушкевіч “увойдзе ў падручнікі як адзін з магільшчыкаў савецкай імперыі” (Лябедзька). А Дракахруст дадае да гэтага, што фактычна Шушкевіч – бацька-заснавальнік цяперашняй незалежнай Беларусі.
- Асабісты імідж, узор іншага лідарства. У Шушкевіча пазітыўная крэдытная гісторыя: навуковец, які зрабіў моцную заяўку на тое, што ён палітык дэмакратычных поглядаў. Як чалавек камфортны, дзверы кабінета адчыненыя (Лябедзька). Прадставіў персанальную альтэрнатыву Лукашэнку: які можа быць імідж, ветлівасць і ўзровень адукаванасці, пошук згоды замест аўтарытарызму. “Нічым пасля адстаўкі сябе не зганьбіў”: не пляжыў іншых палітыкаў, не абзываў агентамі, шукаў у новых палітыках лепшае. Заставаўся інтэлігентным і прыстойным. Моцны прыклад іншым (Цыганкоў). Узор іншага лідарства не толькі ў параўнанні з Лукашэнкам, але і з папярэднікамі, шэрагам камуністычных кіраўнікоў. Бабарыку можна ўспрымаць як рэінкарнацыю іміджа Шушкевіча: інтэлігентнасць, памяркоўнасць, схільнасць да згоды. То бок гэта жывучы сцэнар лідарства, і дагэтуль Бабарыка адзін з самых папулярных палітыкаў (Дракахруст).
- Калі трэба – утрымаў уладу, калі трэба – сышоў. Шушкевіч утрымаўся на пасаде, на якой не мусіў быць доўга: алагічна, калі прадстаўнік палітычнай меншасці ачольвае парламент. Гэта атрымалася ў яго дзякуючы блытаніне ў стане камуністаў, іхнай палітычнай разгубленасці (Лябедзька). Мог быць і іншы сцэнар: калі б спікерам стаў Шэладонаў ці застаўся Дземянцей – атрымалі бы сцэнар 1994 года яшчэ раней. Без Шушкевіча мо і не было б дэмакратычнай інтэрлюдыі, як у Туркменістане ці Ўзбекістане (Дракахруст). Шушкевіч паказаў, што за ўладу можна не чапляцца, не ваяваць за яе. І калі людзі прагаласавалі, у тым кантэксце дэпутаты сказалі “не” – сышоў (Цыганкоў).
- Знешняя палітыка. Беларусь прагучала пазітыўна на міжнароднай арэне, стала без’ядзернай краінай. Адбыўся візіт прэзідэнта ЗША Клінтана (Лябедзька). Візіт Клінтана, у тым ліку ў Курапаты – важны ў гісторыі сімвал. Шушкевіч спяшаўся гэта арганізаваць перад тым, як яго хутчэй за ўсё здымуць (Цыганкоў).
- Сімвалы. Калі б Вярхоўны Савет не ўзначальваў Шушкевіч і не дырыжаваў ім – магчыма, Беларусь бы і не прыняла герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг у якасці дзяржаўных (Цыганкоў).
Чаго не атрымалася ў Шушкевіча
- Быў закладзены падмурак будучых праблемаў. Мо галоўная памылка, што ўвогуле ўвялі інстытут прэзідэнцтва – гэта не магло не скончыцца нічым, акрамя аўтарытарызму (Цыганкоў). Шушкевіч падпісаў дамову пра калектыўную бяспеку хоць можна было гэтае пытанне пакінуць на рэферэндум. Так што АДКБ і візіт “рускіх братоў” грунтуецца на той самай дамове (Дракахруст). Было шокам калі ён падпісаў пагадненне АДКБ. Мо спрабаваў гэтым адтэрмінаваць сваю адстаўку, але не атрымалася (Цыганкоў).
- Без люстрацыі. Папракаюць, што ён прытрымліваўся стратэгіі згоды і шукаў палітычнага кампрамісу, але як па-іншаму? Немагчымай была люстрацыя, бо яна б закранула 3/4 з тых, хто сядзеў у залі Вярхоўнага Савету (Лябедзька).
- Не падтрымаў рэферэндум БНФ у 1992 годзе. Можна лічыць гэта згубленым паваротным момантам для дэмакратыі ў Беларусі. Бо ў многіх краінах пасля распаду СССР былі новыя выбары, і тое ж пытанне ўзняў БНФ. Бо пасля путчу ўсе спалоханыя прынялі сцяг і герб, прайшлі першыя рэформы. А потым тыя ж людзі зразумелі, што іх ніхто не будзе вешаць, і пачаўся наменклатурны рэванш. І ў такіх абставінах Шушкевіч не падтрымаў рэферэндум прапанаваны БНФ па тым, ці трэба праводзіць новыя выбары. Тады подпісы за рэферэндум ужо сабралі, трэба было прызначаць дату, а ў выніку чапляліся да парушэнняў – “гэта быў міні-пераварот, калі дэпутаты Вярхоўнага Савета проста не прызначылі рэферэндум”. Шушкевіч казаў “што я магу зрабіць?”, але ў Шушкевіча быў рэйтынг найвялікшы з усіх палітыкаў, больш за 50%, ён мог пераламіць сітуацыю (Цыганкоў).
- Не стварыў апірышча ў парламенце. Дырыжуючы Вярхоўным Саветам, Шушкевіч нажываў сабе ворагаў, а сваёй каманды ў яго не было – толькі ў крытычныя моманты той жа БНФ яго падтрымліваў. І з тымі ж “маладымі ваўкамі” не знайшоў агульнай мовы. Вельмі радасны Ганчар пасля сыходу Шушкевіча даў прэс-канферэнцыю, маўляў – звалілі старога зубра маладыя ваўкі разам з групай “Беларусь” Кебіча (Цыганкоў). Шушкевіч у тыя часы не ствараў сваю партыю, казаў “мая каманда – Вярхоўны Савет”. І ў выніку аказаўся паміж усімі. Пазняк казаў: “Мы на месцы Шушкевіча будзем хоць табурэтку падтрымліваць” (Дракахруст). Калі б у Шушкевіча была каманда, дарадцы, фракцыя – тады б пайшлі за межы парламента, выводзіць людзей на вуліцы і ціснуць на парламент, каб тыя вымушаныя былі націскаць на кнопкі і прызначаць рэферэндум БНФ, як пры абранні Шушкевіча (Лябедзька).
- Не змог пабудаваць моцную партыю і пасля адстаўкі. Досвед і ў Вярхоўным Савеце, і партыйнага будаўніцтва дэманструе, што будаваць вакол сабе кааліцыі людзей – асаблівая зольнасць, не ўласцівая Шушкевічу. Ён усё ж быў навукоўцам, прызвычаіўся працаваць індывідуальна. А “кіраваць фармалізаванымі структурамі прасцей, чым самому іх выбудоўваць”. Беларуская партыйная сістэма і так не самая моцная, а партыя Шушкевіча і з іх не мацнейшая (Дракахруст). Пасля таго, як быў старшынёй Вярхоўнага Савета і сустракаўся з Клінтанам ды Ельцыным, яму гэта не так было цікава. Не збіраўся ісці ў прэзідэнты, партыю ўспрымаў як вымушанае паніжэнне, маральна-палітычны абавязак (Цыганкоў). Калі б Шушкевіч узначальваў сацыяльна-дэмакратычную партыю ў Літве, то быў бы палітычнай фігурай, а штодзённай працай займаліся б іншыя. А ва ўмовах Беларусі кіраўнік партыі мусіць быць і менеджерам, і заўхозам – а гэта не яго. Цяпер “Грамаду” узначальвае Чэрачань, малады і амбітны, у яго жаданне партыйнай працай займацца ёсць (Лябедзька).
Асабістыя ўспаміны пра Шушкевіча і галоўныя высновы з ягонага шляху
Цыганкоў: На страйках рабочых у красавіку 1991-га Шушкевіч першым выйшаў да іх на плошчу Незалежнасці – хоць мог не прымаць удар на сабе, ён тады быў не кіраўніком Вярхоўнага Савета, а намеснікам, і сам жа быў з апазіцыі. Ды і прэтэнзіі былі не да яго, а да ўраду хутчэй. Але Кебіч толькі праз некалькі дзён выйшаў да людзей. Але ў цяперашніх падручніках гісторыі ўвогуле няма Шушкевіча быццам у 1991-1994 гадах не было нічога.
Лябедзька: Шушкевіч меў талент пераконваць: і парламенцкую залю, і ў асабістай размове. У кампаніі ён быў у цэнтры ўвагі. Калі трэба было – мог прадэманстраваць характар. Напрыклад, была паездка ў Рыгу на канферэнцыю, і калі адбыўся спор за сталом (і не з гарбатай), “ці ёсць хто мацней камуністаў” у гэтай справе. Шушкевіч аказаўся самым моцным – а зранку выглядаў лепей за ўсіх нас. Чалавек як дуб. Але, разам з тым, не хадзіў жывым манументам, без фанабэрыстасці. Галоўны ўрок – заставайцеся людзьмі. Мы любім шукаць герояў за межамі Беларусі – Гавэл, Валенса. А ў нас ёсць свой Шушкевіч.
Дракахруст: Шанс не з’яўляецца ўласнасцю і не даецца назаўжды. Шушкевічу шанс выпаў, і ён ім скарыстаўся. Урок – карыстайцеся шансамі, пакуль яны ў вас ёсць. І не каб кішэні набіць, а рэалізаваць сабе і тое, што вы хочаце.