“Х-фактар”: новы конкурс для лаяльных дэпутатаў
Рэжым працягвае афармляць новую палітычную канфігурацыю ў краіне. Канчатковая мэта — пабудова мадэлі калектыўнага кіравання з развітой партыйнай сістэмай. Адначасова рэжым цалкам выключае з электаральнага працэсу апанентаў Лукашэнкі і праводзіць выбары ў рэжыме спецыяльнай аперацыі — з сілавікамі ў якасці адных з асноўных суб’ектаў і ньюсмейкераў. Урад уручную кіруе эканомікай праз жорсткі цэнавы кантроль і ўліванні ў дзяржсектар.
Напярэдадні выбараў-2024 рэжым ладзіць спаборніцтвы між праўладнымі кандыдатамі.
У парламент агульны конкурс на дэпутацкае месца скараціўся да 2,7 чалавек (298 вылучэнцаў на 110 месцаў). У 2019 годзе на 110 месцаў у Палаце прадстаўнікоў мелася 703 прэтэндэнты. Аднак варта адзначыць: у той час чальцы дэмакратычных арганізацый куды актыўней бралі ўдзел у электаральнай барацьбе. Гэтым і тлумачыцца высокі попыт на палітычныя “вакансіі”.
Пры гэтым спаборніцтва за права ўвайсці ў мясцовыя саветы расце. Арганізатары выбараў паказальна падвысілі конкурс — да 1,52 чалавека на месца (18 996 вылучэнцаў на 12514 вакансій). Але ў асноўным “попыт” павялічыўся на прадстаўніцтва ў сельсаветах і арганізацыях падобнага, базавага, узроўню. Падчас мясцовых выбараў цягам апошніх 20 год сярэдні конкурс быў меншы і, напрыклад, у 2018 годзе склаў 1,25 чалавека на месца (22713 вылучэнцаў на 18111 вакансій).
Варта падкрэсліць: напярэдадні выбараў улады скасавалі амаль траціну дэпутацкіх крэслаў у саветах. Раней вертыкаль абмяжоўвалася выстаўленнем аднаго кандыдата па акрузе, за выключэннем гарадскіх акругаў (абласных або Мінгарсавета).
Доля партыйных вылучэнцаў у мясцовыя саветы значна ўзрасла — і ўпершыню дасягнула 23,6%. Падчас папярэдніх выбараў у 2018 годзе гэтая ж паказнік складаў 3,58%. Адсотак партыйных вылучэнцаў у парламент скараціўся да 39,7% (183 – 2024 г.) з 51,5% (424 – 2019 г.), што легка патлумачыць леташняй ліквідацыяй дэмакратычных партыі.
Рэжым цалкам выключыў з электаральнага працэсу прыхільнікаў дэмакратычнага руху. Пры гэтым не сцішваюцца захады па дэпалітызацыі і дэматывацыі апанентаў. Напрыклад, цягам тыдня па краіне пракацілася хваля ператрусаў і затрыманняў былых палітвязняў, а таксама іх сваякоў. Паралельна кіраўніцтва ЦВК дэманстратыўна сустракаецца і пазіруе з прадстаўнікамі сілавых органаў.
Урад аднавіў рост ВУП за кошт ручнога кіравання, цэнавай рэгуляцыі і ўліванняў у дзяржсектар. Аднак у апошнія месяцы эканамічны рост запаволіўся.
Урад не цікавіць падвышэнне інвестыцыйнай прывабнасці краіны. Прычына — санкцыі з-за саўдзелу ў вайне супраць Украіны. Як вынік, крэдыторы адчулі цяжкасці ў атрыманні грошай, якія належаць ім па еўрааблігацыях.
Кіруючы клас пераразмяркоўвае рэсурсы на падтрымку дзяржкампаній для ўтрымання кадраў і захавання дзяржаўнай долі ў эканоміцы.
Урад кампенсуе дзяржаўнаму Беларусбанку частку працэнтаў па крэдытах дзяржаўных Аршанскага льнозавода, “Камволя” і Баранавіцкага вытворчага баваўнянапапяровага аб’яднання.
Рэжым спрабуе ўмацаваць лаяльнасць дзяржсектара і бенефіцыяраў дзяржаўнага бюджэту напярэдадні Адзінага дня галасавання. Бюджэт пражыткавага мінімуму з першага лютага 2024-га падвышаецца амаль на 10%. Разам з падвышэннем БПМ павялічацца перадвыбарчыя выплаты на дзяцей і пенсіі.
Такім чынам, у прадстаўнічых органах дзяржавы павялічыцца доля сістэмных палітычных партый з вядучай роляй навастворанай наменклатурнай “Белай Русі”.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі