en
Кастрычнік 28 – Лістапад 3, 2024
Кіруючы клас

Выбары-2025: кандыдаты рэжыму “на падхваце”

Сітуацыя пагоршылася
Выбары-2025: кандыдаты рэжыму “на падхваце”
фота: elements.envato.com

Кіруючы клас працягвае фарміраваць абноўленую выбарчую сістэму з пазбаўленнем апанентаў палітычных правоў. Лукашэнка пашырае палітычную актыўнасць для лаялістаў: дае карт-бланш на вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты ад сістэмных партый і GoNGO. Спарынг-партнеры дыктатара мусяць змякчыць напружанасць і падсвяціць прывабнасць Лукашэнкі для электарату. Кіруючы клас праз рэпрэсіі прымушае крытыкаў рэжыму ігнараваць палітычную кампанію. 

Лаялісты рэжыму запусцілі маштабны флэшмоб “Надо” ў падтрымку Лукашэнкі. Кіруючы клас тэсціруе новы фармат правядзення прэзідэнцкай кампаніі — без кандыдатаў ад прыхільнікаў дэмакратычных перамен.

Цягам апошніх чатырох гадоў рэжым Лукашэнкі яшчэ болей абмежаваў апанентаў у палітычных правах — у тым ліку ў пасіўных і актыўных выбарчых магчымасцях. Так, грамадзяне ў эміграцыі не могуць удзельнічаць у галасаванні. Тады як апаненты Лукашэнкі фактычна не маюць варыянтаў, каб уключыць сваіх кандыдатаў у гонку за прэзідэнцкую пасаду. У прыватнасці, любая актыўнасць для апазіцыйных кандыдатаў звязана з перашкодамі ці небяспекай — напрыклад, нерэгістрацыяй па фармальных прыкметах або пагрозай зняволення. Нагадаем: вылучэнцы ў прэзідэнты з мабілізацыйным патэнцыялам традыцыйна кідаюцца за краты ажно з 2006 года. Пасля 2020 года турэмныя тэрміны для папулярных прэтэндэнтаў у прэзідэнты значна павялічыліся: ад 14 год для экс-банкіра Бабарыкі да 18 год для экс-прадпрымальніка Ціханоўскага.

Аднак кіруючы клас пашырае практыку вылучэння спарынг-партнераў на прэзідэнцкія выбары. Рэгістрацыя праўладных кандыдатаў па адной акрузе тэсціравалася на мясцовых і парламенцкіх выбарах яшчэ задоўга да Адзінага дня галасавання ў 2024 годзе. У сваю чаргу спарынг-партнеры Лукашэнкі вылучаліся кандыдатамі падчас выбараў у 2006 і 2015 гадах. Лаялістам дазвалялася легка крытыкаваць рэжым для адцягнення галасоў дэмакратычных кандыдатаў. Але падчас кампаніі-2025 вылучэнцаў ад дэмакратычнага руху не прадбачыцца.

Кіруючы клас запазычвае расійскі вопыт: у гонку дапускаюцца лідары парламенцкіх партый — Сыранкоў (Камуністычная партыя), Гайдукевіч (ЛДП), Хіжняк (РППС). Беларускай навацыяй з’яўляюцца кандыдаты ад GoNGO – Бобрыкаў ад Беларускага саюза афіцэраў і Чамаданава ад Беларускага саюза жанчын.

Улады разлічваюць пратэсціраваць рэакцыю дэмакратычных сіл і заходніх сталіц на паўторнае вылучэнне Ганны Канапацкай. Экс-кандыдатка ў прэзідэнты адзначылася ў 2020 годзе крытыкай іншых прадэмакратычных вылучэнцаў, асабліва Святланы Ціханоўскай.

Пакуль прапагандысцкія праекты з удзелам перабежчыкаў ад дэмакратычнага руху (як “Круглы стол дэмакратычных сіл Васкрасенскага” і “кансультант па рэсацыялізацыі Пратасевіч“) не прынеслі поспеху ў справе дэзінтэграцыі дэмсіл. Ціханоўская захоўвае лідарства ў фармаванні парадку дня грамадзянскай супольнасці. Хаця рост напружанасці і дыскусій у дэмсілах наконт стратэгій стасункаў з рэжымам перыядычна павялічваецца.

Кіруючы клас разлічвае, што пратэсная аўдыторыя праігнаруе выбары:маштабныя рэпрэсіі ўжо зараз прыносяць плен, бо дэматывуюць апанентаў Лукашэнкі. Экс-кандыдат у прэзідэнты і былы палітзняволены Дзмітрыеў увогуле не бачыць сэнсу вылучаць дэмакратычных кандыдатаў на выбарах 2025 года.

Такім чынам, асноўны сцэнар кампаніі прадугледжвае рэгістрацыю не менш за трох спарынг-партнераў Лукашэнкі. Гэта неабходна, каб распыліць увагу электарату і не даць спарынг-партнерам набраць празмерную палітычную вагу.

Вы паспяхова падпісаныя

Падпішыцеся на нашу рассылку

Раз на тыдзень у каардынацыі з групай вядучых беларускіх аналітыкаў мы даем аналітычныя каментары да найбольш актуальных і актуальных пытанняў, у тым ліку да закулісных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, на беларускай, рускай і англійскай мовах.
EN
BE/RU
Падпісацца

Сітуацыя ў Беларусі

Снежань 2 – Снежань 8
Прагледзець усе

Падпішыцеся на нас

Чытаць больш