Выбары-2024: пернікі для сімпатызантаў, пуга для апанентаў
Беларускі істэблішмент разлічвае аднавіць легітымнасць дзяржаўных інстытуцый у вачах насельніцтва і міжнароднай супольнасці. Ахоўнікі рэжыму мінімізавалі рызыкі і перадумовы пратэстаў супраць фальсіфікацый — сярод крытыкаў улады пераважаюць абсэнтэісцкія настроі. Галасаваць прыйдуць прыхільнікі Лукашэнкі, якія павінны (асабліва пры адсутнасці парога яўкі) абнавіць мандат даверу да дзяржінстытутаў.
Адзіны дзень галасавання 2024 года — адзін з ключавых момантаў замацавання абноўленай дамовы беларускага кіраўніцтва з насельніцтвам. Яна прадугледжвае манаполію дзеючых палітычных эліт падчас уладнага транзіту з умацаваннем калектыўных форм кіравання.
Дзяржава стварыла камфортныя ўмовы для арганізатараў выбараў. На пачатку 2023 года заканадаўцы адмянілі парог яўкі на парламенцкіх выбарах (у мясцовыя саветы яшчэ ў 2010 г.). Гэта значна палегчыла задачы вертыкалі па арганізацыі галасавання – застаецца толькі мабілізаваць патэнцыйных сімпатызантаў.
Кіруючы клас прымае захады па прыдбанні лаяльнасці бюджэтнікаў, работнікаў дзяржсектара і пенсіянераў (сярод якіх яўка звычайна і так больш большая, чым сярод моладзі). Сімпатызантаў заахвочваюць фінансавымі пернікамі: у канцы снежня 2023 года – пачатку студзеня 2024 года ўрад адмовіўся ад традыцыйнага павышэння тарыфаў на камунальныя паслугі, а з 1 лютага Лукашэнка падвысіць пенсіі ў сярэднім на 10%.
З іншага боку, рэжым цягам апошніх гадоў паслядоўна дэпалітызуе апанентаў і штурхае за мяжу значную частку прадэмакратычнага актыву. Сілавікі працягваюць жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні да крытыкаў улады, што дазваляе падтрымліваць у іх асяродку абсэнтэісцкія настроі. У выніку дэмсілы ўвогуле адмовіліся ад мабілізацыйных захадаў і заклікалі сімпатызантаў ігнараваць электаральную кампанію.
Незалежныя медыя пакідаюць тэматыку выбараў на перыферыі парадку дня, што выразна кантрастуе з дзяржаўнымі СМІ. Ідэалагічная вертыкаль актыўна працуе са спажыўцамі дзяржаўных выданняў і рыхтуе прыхільнікаў рэжыму да мабілізацыі падчас Адзінага дня галасавання.
Кіруючы клас разлічвае, што на выбарчыя ўчасткі прыйдуць пераважна сімпатызанты Лукашэнкі. Сістэмныя палітпартыі актыўна ўключыліся ў кампанію па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты парламента і мясцовых саветаў.
Такім чынам, арганізатары выбараў, хутчэй за ўсё, пакрысе вяртаюць у грамадскую думку ўпэўненасць у тым, што большасць насельніцтва падтрымлівае рэжым. А разам з ім — дамову па манаполіі кіруючага класа на ўладу і маргіналізацыю апанентаў Лукашэнкі.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі