Выбары ў камфортных умовах: эканамічная стабільнасць і дэпалітызаваныя апаненты
Кіруючы клас разлічвае на выбарчую кампанію ў камфортных эканамічных умовах – ВУП павялічваецца. У той жа час ахоўнікі рэжыму дэпалітызавалі прыхільнікаў дэмсіл рэпрэсіямі і скарацілі ўплыў незалежных медыя.
Сусветны банк значна палепшыў прагноз для беларускай эканомікі з 0,6% да 3% росту ВУП. Гэта матывуе кіруючы клас захоўваць эканамічнае развіццё, хай сабе спрэчнымі метадамі: уліваннем грошай у дзяржсектар за кошт падатковых і штрафных пераразмеркаванняў ад прыватнага бізнесу, павелічэннем заробкаў бюджэтнікаў для падтрымання ўнутранага попыту, цэнавым рэгуляваннем у ручным рэжыме.
Кіруючы клас працягвае ціснуць на прыватны сектар. Чыноўнікі ўзмацняюць заканадаўчыя абмежаванні для індывідуальных прадпрымальнікаў і павялічваюць для іх стаўкі падаткаў.
Кіруючы клас робіць больш істотнай ролю дзяржавы ў пераразмеркаванні даходаў насельніцтва. Улады разлічваюць на рост падатковых паступленняў за кошт высокааплатных работнікаў — часцей за ўсё гэта супрацоўнікі прыватных кампаній, лаяльнасць якіх ставіцца пад сумнеў рэжымам. Чыноўнікі плануюць павялічыць з 13% да 25% падаходных падатак для тых, хто зарабляе больш за BYN 200 тыс. на год.
Кантралёры Лукашэнкі папаўняюць бюджэт за кошт прыватнага бізнесу. Падаткавікі прымусілі фірму-перавозчыка з Магілёва выплаціць дадатковыя сродкі ў дзяржбюджэт у якасці падаходнага падатку.
У той жа час працягваецца зачыстка дзяржсектара ад патэнцыйна нелаяльных рэжыму супрацоўнікаў.
Беларускае кіраўніцтва разлічвае на ўліванні ў беларускую эканоміку ў выніку інвестыцый Крамля ў супольныя праекты — напрыклад, у авіябудаўніцтве.
Лукашэнка працягвае паступова скасоўваць сацыяльныя гарантыі. Прапагандысты рыхтуюць грамадства да перагляду падтрымкі шматдзетных сем’яў. Кіруючы клас узмацняе ідэалагічны кампанент бюджэтнай падтрымкі шматдзетных бацькоў. Ордэн Маці дадуць толькі ідэалагічна лаяльным жанчынам.
Кіруючы клас рыхтуе вертыкаль да электаральнай мабілізацыі і ідэалагічнай працы з бюджэтнікамі, работнікамі дзяржсектара і пенсіянерамі. Пазітыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы ствараюць камфортныя ўмовы па правядзенні выбараў у парламент і мясцовыя саветы ў лютым 2024 года.
Такім чынам, кіруючы клас можа вярнуцца да папулісцкай рыторыкі напярэдадні выбараў з умацаваннем лаяльнасці і мабілізацыяй прыхільнікаў з бюджэтнай сферы.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі