Трансформеры рэжыму: сістэмныя партыі ператвараюцца ў аўтаботаў
Кіруючы клас праводзіць інстытуцыйныя змены. Яны абумоўлены выбарнай дамовай з Аляксандрам Лукашэнкам у 2022 годзе. Нягледзячы на жаданне палітыка захаваць персаналісцкую мадэль кіравання, парламентары карэктуюць заканадаўства. Ключавы момант — пераразмеркаванне паўнамоцтваў ад прэзідэнта іншым галінам улады. Наменклатура ўмацоўвае пазіцыі сістэмных палітычных партый.
Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла папраўкі ў закон аб прэзідэнце. Такім чынам кіруючы клас пачаў карэктаваць заканадаўства ў адпаведнасці з вынікамі рэферэндуму 2022 года. Яны зафіксавалі фармалізаваную дамову наменклатуры і Лукашэнкі аб паступовым пераразмеркаванні паўнамоцтваў між прэзідэнцкай і іншымі галінамі ўлады.
Сістэмныя палітычныя партыі ўмацоўваюць пазіцыі ва ўладнай іерархіі. На дзяржпрадпрыемствах прымушаюць уступаць у “Белую Русь” пад пагрозай звальнення.
Ахоўнікі рэжыму працягваюць рэпрэсіі, каб дэматываваць пратэсны рух і прыхільнікаў перамен на фоне праўладнай выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы і парламент. Рэжым разлічвае перазаключыць электаральную дамову з насельніцтвам праз высокую яўку лаялістаў і байкот з апазіцыйнага боку.
Урад разглядае дзяржаўнае рэгуляванне, а фактычна адміністрацыйнае стрымліванне цэнаў як асноўны пункт абноўленай нефармальнай дамовы Лукашэнкі з насельніцтвам.
Умяшанне ў цэнавае рэгуляванне — адзін з асноўных захадаў Лукашэнкі для падвышэння асабістых рэйтынгаў. Хутчэй за ўсё, стрымліванне цэнаў стане адной з асноўных перадвыбарчых тэматык палітыка падчас вылучэння на чарговы прэзідэнцкі тэрмін. Таксама, верагодна, у ход пойдзе антыкарупцыйны пераслед чыноўнікаў і дзяржупраўленцаў.
Такім чынам, кіруючы клас узмацняе прапагандысцкую апрацоўку насельніцтва. Гэта адбываецца праз лаялісцкія арганізацыі з ахопам усіх узростаў і групаў грамадства — праз моладзевыя арганізацыі (піянеры, БРСМ), дзяржаўны прафсаюз, GoNGO і партыю.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі