en
Красавік 1 – Красавік 7, 2024
Кіруючы клас

Сацыяльны кантракт Лукашэнкі-2024: гарантыі для сілавікоў, бізун для астатніх

Сітуацыя пагоршылася
Сацыяльны кантракт Лукашэнкі-2024: гарантыі для сілавікоў, бізун для астатніх
Карыкатура: Вася Ложкін

Беларускае кіраўніцтва перанакіроўвае сродкі нелаяльнага прыватнага сектара на падтрымку сілавікоў, прапаганды і дзяржкампаній. Кіруючаму класу бракуе сродкаў, каб павялічыць падтрымку шырокіх групаў насельніцтва праз падвышэнне дабрабыту. Рэжым паступова скарачае дзяржаўныя гарантыі ў пенсійнай сферы, ахове здароўя, працоўных адносінах — і факусуецца на пакараннях нелаяльных груп грамадства.

Лукашэнка спрабуе амартызаваць незадаволенасць насельніцтва з-за чарговага скарачэння дзяржаўнага медпакета. Палітык звярнуў увагу, што ў Беларусі дактары ў найлепшых клініках “зарабляюць вельмі прыстойныя грошы”. У дадатак палітык паабяцаў “урэгуляваць” пытанне з беларусамі, якія ездзяць на радзіму лячыцца.

З 1 кастрычніка ўзносы ў ФСАН становяцца абавязковымі для самазанятых. Варта зазначыць, што традыцыйнае падвышэнне пенсій знаходзіцца пад пагрозай з-за недахопу працоўнай сілы. Нягледзячы на паступовае скарачэнне пенсійных абавязкаў перад працаўнікамі, дзяржава вымушана перанакіроўваць дадатковыя сродкі з бюджэту ў фонд сацабароны насельніцтва.

Рэжым працягвае рэфармаванне пенсійнай сістэмы — і істотна звужае гарантыі ды абавязкі. Да 2025 года стаж, неабходны для атрымання працоўнай пенсіі, вырасце да 20 гадоў (для параўнання, у 2013 г. ен складаў 5 год). Яшчэ раней – цягам 2017-2022 гадоў – узрост выхаду на пенсію быў падняты на 5 год для мужчын і жанчын.

Асобныя групы насельніцтва апынуліся ў “пенсійнай пастцы” або церпяць нязручнасці з-за новаўвядзенняў у заканадаўства. Топ-чыноўнікі вырашаюць праблемныя пытанні ў ручным рэжыме. Напрыклад, старшыня сенату Качанава праводзіць прыёмы з шырокім медыйным асвятленнем, што падвышае рэйтынгі чыноўніцы.

Кіруючы клас скарачае гарантыі ў сферы працоўнага заканадаўства. Лукашэнка падпісаў указ аб павелічэнні ліміту звышурочнай працы ў прамысловасці.

Кіраўніцтва краіны скарачае дзяржаўныя гарантыі дазаванымі пакетамі — і расцягваюць працэс у часе. Гэта дазваляе насельніцтву адаптавацца да зменаў і перадухіляе пратэсную мабілізацыю. У дадатак кіруючы клас рэгулярна павялічвае захады па абмежаванні доступу да дзяржаўнай статыстыкі. Гэта дазваляе рэтушаваць непапулярныя захады і іх наступствы (напрыклад, смяротнасць сярод пенсіянераў падчас пандэміі COVID у 2020-2021 гадах або падзенне ўзроўню пенсій). Гэта дае палегку дзяржмедыям у падтрымцы вобраза сацыяльнай дзяржавы і справядлівага пераразмеркавання дабротаў.

Варта зазначыць, што ў кансалідаваным бюджэце на 2024 год доля выдаткаў на сацыяльную сферу скараціліся да 42,2% (у параўнанні з 44,7% у 2023 г.). Кіруючы клас прыярэтызуе падтрымку сілавых органаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2025 г.

Такім чынам, Лукашэнка працягне перагляд сацыяльных гарантый са спробамі перанакіраваць незадаволенасць насельніцтва на нелаяльныя групы або чыноўнікаў.

Вы паспяхова падпісаныя

Падпішыцеся на нашу рассылку

Раз на тыдзень у каардынацыі з групай вядучых беларускіх аналітыкаў мы даем аналітычныя каментары да найбольш актуальных і актуальных пытанняў, у тым ліку да закулісных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, на беларускай, рускай і англійскай мовах.
EN
BE/RU
Падпісацца

Сітуацыя ў Беларусі

Лістапад 11 – Лістапад 17
Прагледзець усе

Падпішыцеся на нас

Чытаць больш