Рэжым Лукашэнкі: праскочыць выбары да крызісу
Кіруючы клас адаптуе фінансавы, прапагандысцкі і сілавы інструментарый да патэнцыйных выклікаў падчас прэзідэнцкай кампаніі. Праблемы ў эканоміцы назапашваюцца. Аднак беларускае кіраўніцтва разлічвае ўтрымаць пазітыўныя настроі ў грамадстве на перыяд выбараў.
Цягам мінулага тыдня валютна-фінансавая сістэма сутыкнулася з чарговым стрэсам у сувязі з дэвальвацыяй расійскага рубля. Аднак пакуль улады трымаюць сітуацыю пад кантролем.
Нацыянальны банк стабілізуе фінансавы рынак — хутчэй за ўсе, за кошт валютных інтэрвенцый. Такія “ін’екцыі ў эканоміку” для падтрымкі курсу рубля і мінімізацыі дэвальвацыйных чаканняў здараліся неаднойчы і раней.
Прапагандысты спрабуюць знізіць фінансавую паніку сярод спажыўцоў дзяржаўнага медыяпрадукту — у першую чаргу, сярод пенсіянераў. Так, прапагандыст Азаронак схадзіў у абменнік і дэманстратыўна спаліў адзін даляр.
У сваю чаргу, сілавікі могуць зладзіць публічную кампанію дэманстрацыйных затрыманняў блогераў і анлайн-стрымераў. Гэта здарыцца ў выпадку ўзмацнення грамадскага рэзанансу ад хваляванняў на валютным рынку.
Тым часам кіруючы клас стымулюе пазітыўныя чаканні людзей і рыхтуе грамадства да прыняцця вынікаў выбараў. У кастрычніку вырасла сярэдняя зарплата. Хаця эканоміка Беларусі працягвае запавольвацца.
Адначасова ўзмацняюцца ролі чыноўнікаў у пераразмеркаванні рэсурсаў у прыватнай сферы. Гэта адбываецца на рынку пасажырскіх перавозак і ў кіраванні прыватным жыллевым фондам, а таксама адчуваецца пры прызначэнні кіраўніцтва прыватных фірм. Мясцовыя чыноўнікі атрымліваюць дадатковыя паўнамоцтвы ў размеркаванні фінансавых рэсурсаў таварыстваў уласнікаў. Так, сродкі на капрамонт можна будзе выдаткоўваць толькі пасля ўзгаднення з мясцовымі выканкамамі. Чыноўнікі з ЖКГ скарысталіся бояззю Лукашэнкі наконт палітычнай нелаяльнасці таварыстваў уласнікаў. Дыктатар акцэнтаваў асаблівую ўвагу на пратэсных дамах у Мінску, што “адзначыліся” падчас падзей 2020 года. Пасля падаўлення пратэснага руху чыноўнікі ўнеслі шэраг дыскрымінацыйных абмежаванняў і ўзмацнілі рэгуляванне з боку дзяржавы ў сферу кіравання прыватным жыллевым фондам.
Аднак наўрад ці гэта ўмяшанне пацягне за сабой палітычныя наступствы для рэжыму. Хаця, напрыклад, інтэрвенцыя ў сферу перавозак падвысіла кошты і выклікала абурэнне спажыўцоў.
Тым не менш кіруючы клас амаль не хвалююць зніжэнне якасці паслуг і адмоўны бізнес-клімат. Галоўнае задачай з’яўляецца падтрыманне палітычнай стабільнасці і аднаўленне легітымнасці Лукашэнкі.
У дзяржсектары працягваецца маштабная кампанія прымусу да прыняцця лідарства Лукашэнкі.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі