Рэпрэсіўны канвеер выхавання лаяльнасці
Урад стварыў камфортныя эканамічныя ўмовы для Лукашэнкі напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 2025 года. Дыктатар вызваляе невялікую частку палітзняволеных і стымулюе дыскусію сярод апанентаў наконт перагляду паводзін у дачыненні да яго рэжыму. У той жа час сілавікі дэманстратыўна ладзяць маштабныя рэпрэсіі, каб прадухіліць патэнцыйныя пратэсты ў 2025-м.
Дабрабыт насельніцтва істотна пабольшыўся за кошт рэгулявання цэн і павелічэння заробкаў. У значнай ступені кіруючы клас кампенсаваў страты ад заходніх санкцый — дапамагла кааперацыя з Расіяй. Саўмін дадаткова анансаваў рост заробкаў бюджэтнікаў у год прэзідэнцкіх выбараў для падтрымання эканамічнага аптымізму электарату. Гэтыя фактары павышаюць давер да дзяржаўных інстытутаў.
Лукашэнка ў чарговы раз звярнуўся да публічнай крытыкі чыноўнікаў – аграрыяў. Словы палітыка традыцыйна маюць шырока рэзананс у грамадстве — і, як мінімум, знаходзяць водгук сярод яго сімпатызантаў. Адбываецца гэта нягледзячы на тое, што сельская гаспадарка з’яўляецца адным з драйвераў эканомікі.
Лукашэнка працягвае вызваленне палітзняволеных невялікімі групамі. Вядома пра 22 асобы, што выйшлі з турмы з болей за 1,3 тыс. палітзняволеных. Колькасць вязняў з палітычна матываванымі прысудамі можа быць істотна большай. Да праваабаронцаў трапляюць не поўныя звесткі аб палітычна матываваным пераследзе з-за маштабаў гэтага пераследу, а таксама з-за асцярог сваякоў рэпрэсаваных за бяспеку — уласную і блізкіх.
Вызваленне палітзняволеных узмацняе галасы тых, хто патрабуе змякчэння рыторыкі ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі і перагляду стратэгій паводзін у стасунках з дыктатарам. Гэта стымулюе ўнутраную дыскусію ў дэмакратычных сілах – фокус увагі ссоўваецца з падрыхтоўкі да электаральнай кампаніі.
Адначасова ахоўнікі рэжыму працягваюць маштабныя рэпрэсіі ў адносінах да іншадумцаў. Гэты пераслед прадугледжвае:
-велізарныя штрафы за данаты арганізацыям грамадзянскай супольнасці;
-доўгія турэмныя тэрміны маніфестантам 2020 і крытыкам улады.
Асобным асуджаным сілавікі накідваюць дадатковыя тэрміны ўжо ў зняволенні. Тым, хто адбывае “хатнюю хімію”, замяняюць абмежаванне волі на калонію. Сілавікі працягваюць кампанію дэманстратыўных затрыманняў пратэстоўцаў 2020 года ў рэгіёнах краіны.
Такім чынам, кіруючы клас працягне паступовае вызваленне палітзняволеных з падтрыманнем высокага градусу паказальных рэпрэсій для дэматывацыі грамадства.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі