en
Студзень 13 – Студзень 19, 2025
Кіруючы клас

Прапаганда напярэдадні галасавання: Лукашэнка несмяротны, літасцівы і непераможны

Сітуацыя не змянілася
Прапаганда напярэдадні галасавання: Лукашэнка несмяротны, літасцівы і непераможны
фота: elements.envato.com

Урад забяспечвае камфортныя эканамічныя ўмовы для прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнкі з падвышэннем дабрабыту насельніцтва. Кіруючы клас выдаткоўвае істотныя сродкі і рэсурсы на агітацыйную кампанію дыктатара, каб пашырыць кола сімпатызантаў пасля няўдалага досведу 2020 года. Сілавікі актывізуюць высілкі па дэматывацыі апанентаў рэжыму напярэдадні 26 студзеня. 

Паводле даследавання незалежных сацыёлагаў, кіруючы клас сфармаваў спрыяльную грамадскую думку напярэдадні дня выбараў прэзідэнта Беларусі. Так, у праўладным сегменце пераважаюць настроі прыняць удзел у галасаванні 26 студзеня – 61%. У той час як толькі 11% аўдыторыі, якая адносіцца да пратэснага ядра, гатовыя прагаласаваць.

У адрозненні ад 2020 года кіруючы клас загадзя скіраваў значную ўвагу і выдаткаваў істотныя рэсурсы на агітацыйную кампанію Лукашэнкі. Паліттэхнолагі рэжыму намагаюцца пашырыць электаральную падтрымку дыктатара за кошт анлайн-інфлюэнсераў.

Прапаганда і дзяржСМІ працягваюць карэктаваць вобраз Лукашэнкі пад запыты розных аўдыторый. Дыктатар у чарговы раз паспрабаваў абвергнуць для лаялістаў чуткі пра дрэнны стан здароўя. Нейтральную аўдыторыю, якая чакае палітычнай адлігі, інфармуюць аб чарговым памілаванні палітзняволеных. Дзяржсацыёлагі абвясцілі пра рост электаральных рэйтынгаў правадыра.

У публічнай прасторы амаль адсутнічаюць прыкметы агітацыйнай кампаніі іншых зарэгістраваных кандыдатаў. Іх роля — падкрэсліць мізэрную альтэрнатыву дыктатару. Прысутнасць у выбарчых бюлетэнях малазнаёмых твараў наўрад ці прывабіць электарат. Тым болей, што апаненты Лукашэнкі фрустраваны працяглымі і маштабнымі рэпрэсіямі, а дэмсілы прапанавалі прыхільнікам пратэснага галасавання варыянт “супраць усіх”.

Іншадумцаў, якія патрапілі ў пратэсныя базы, прымушаюць падпісваць “афіцыйнае папярэджанне”. Гэтая папера не мае юрыдычных наступстваў, але з’яўляецца адным з інструментаў у маштабнай кампаніі па палітычным выхаванні насельніцтва.

Кіруючы клас фармуе лаялісцкія паводзіны асобных груп насельніцтва за кошт падвышэння іх дабрабыту. Рэжым дамогся гэтага пераразмеркаваннем сродкаў у інтарэсах бенефіцыяраў сацыяльнай дзяржавы Лукашэнкі. Так, разрыў у даходах насельніцтва павялічваецца. Варта зазначыць: галоўныя атрымальнікі выгод ад палітыкі дыктатара — сілавікі, высокія чыноўнікі і кіраўніцтва дзяржсектара.

Паралельна павялічваецца карупцыйная рэнта — гэта вынік пагаршэння фінансавай празрыстасці і знішчэння незалежных СМІ. Таксама расце роля дзяржапарату і сілавікоў як “рэгулятара” эканамічнай сферы.

Пры гэтым урад забяспечыў эканамічны рост – ВУП павялічыўся на 4%. Разам з ростам кадравага дэфіцыту гэта паўплывала на агульнае падвышэнне заробкаў. У выніку ў грамадстве пашырыўся эканамічны аптымізм.

Лукашэнка ў большай ступені заклапочаны ростам беспрацоўя. Дыктатар асцерагаецца паўтарэння досведу СССР часоў распаду краіны — з моцным пратэсным рухам і беспрацоўем. Ён працягвае настойліва змагацца з дармаедамі, нягледзячы на непапулярнасць прымусовых і карных мераў.

У сваю чаргу ўрад пачынае непакоіць недахоп працаўнікоў у асобных сферах — напрыклад, сельскай гаспадарцы. Чыноўнікі разлічваюць змякчыць кадравы дэфіцыт (і, адпаведна, удар па эканоміцы) за кошт працоўных эмігрантаў і прапагандысцкіх захадаў. Адначасова ў дзяржсектары працягваюцца кадравыя чысткі з мэтай сфармаваць лаялісцкія паводзіны работнікаў. Гэта ў немалой ступені ўплывае на эміграцыю кваліфікаваных спецыялістаў за мяжу.

Такім чынам, кіруючы клас запусціць кампанію па масавай мабілізацыі на датэрміновае галасаванне работнікаў дзяржаўнага сектара і студэнцкай моладзі.

Вы паспяхова падпісаныя

Падпішыцеся на нашу рассылку

Раз на тыдзень у каардынацыі з групай вядучых беларускіх аналітыкаў мы даем аналітычныя каментары да найбольш актуальных і актуальных пытанняў, у тым ліку да закулісных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, на беларускай, рускай і англійскай мовах.
EN
BE/RU
Падпісацца

Сітуацыя ў Беларусі

Студзень 13 – Студзень 19
Прагледзець усе

Падпішыцеся на нас

Чытаць больш