Перадвыбарчая лібералізацыя крымінальнага кодэкса
Пасля аднаўлення паўнавартаснага персаналісцага рэжыму кіравання Лукашэнка дэманструе намеры змякчыць ціск на грамадства (але гэта не тычыцца палітычных апанентаў). Адначасова ўлады разлічваюць падняць электаральныя рэйтынгі, бо ўмовы для правядзення выбараў і абнаўлення легітымнасці Лукашэнкі забяспечаны ўжо створаныя. Выйсці за кола лаялістаў рэжым плануе за кошт антыкарупцыйнай тэматыкі і змякчэння крымінальных артыкулаў.
Праз чатыры гады пасля маштабных пратэстаў супраць фальсіфікацый і гвалту Лукашэнка вярнуў асабістую манаполію на ўладу. Палітык кансалідаваў дзяржапарат вакол сваёй асобы за кошт звальненняў і кадравых чыстак. Рэпрэсіі ў розных сферах дзяржсектара не спыняюцца і сення — як, напрыклад, у культуры.
Дыктатар паспяхова тарпедаваў трансфармацыю персаналісцкай аўтакратыі ў калектыўнае кіраванне. У 2020-21 гадах унутры кіруючага класа панавалі надзеі на транзіт улады ад прэзідэнта іншым інстытутам або пераемніку. Аднак пасля разгрому пратэснага руху і правядзення рэферэндума-2022 замацаваўся палярны трэнд – афармленне культу асобы Лукашэнкі.
Прадстаўнічыя інстытуты — парламент, мясцовыя саветы, Усебеларускі народны сход з пашыранымі паўнамоцтвамі — застаюцца рудыментарнымі органамі рэжыму Лукашэнкі. Хаця ў гэтых намінальных інстытутах улады карэкціруюцца інтарэсы рэгіянальных і мясцовых груповак кіруючага класа.
Дыктатар выкарыстоўвае антыкарупцыйны пераслед чыноўнікаў для кадравай ратацыі. Часам аўтакрат можа проста спусціць чыноўніка з кар’ернай лесвіцы, як у выпадку з экс-міністрам сельскай гаспадаркі Барташам. Іншыя механізмы, як выбары, застаюцца заблакаванымі.
Дыктатар у родным Шклове ў чарговы раз вярнуўся да ўлюбенай перадвыбарчай тэмы – барацьбы з карупцыяй. Такі прыем дазваляе Лукашэнку падвышаць электаральныя рэйтынгі (яшчэ з часоў першых прэзідэнцкіх выбараў у 1994 г.). Палітык актываваў антыкарупцыйную тэму на пачатку лета – і тым самым даў старт прэзідэнцкай кампаніі.
У той жа час карупцыя — неад’емная частка сістэмы пераразмеркавання даброт, якую выбудаваў Лукашэнка, а таксама плата палітыка за лаяльнасць. Напрыклад, паводле расследавання БРС паплечнікі Лукашэнкі выкарыстоўваюць “шэрыя” схемы экспарту калія. Асабіста дыктатар прымае рашэнне пра антыкарупцыйны пераслед у адносінах да кіраўніцтва вертыкалі і буйных дзяржкампаній. Падпадаюць пад кару менавіта апальныя чыноўнікі. Лаялісты застаюцца без пераследу з-за закрытасці сістэмы і асабістых сувязяў з Лукашэнкам.
Эканамічны рост і падвышэнне дабрабыту насельніцтва станоўча паўплывала на павелічэнне рэйтынгаў даверу да дзяржаўных інстытутаў. У выніку Лукашэнка можа дазволіць легкую лібералізацыю тых сфераў, якія не нясуць пагрозы яго манаполіі на ўладу.
Напрыклад, кіруючы клас дэманструе гатоўнасць змякчыць асобныя крымінальныя артыкулы, у тым ліку антынаркатычныя. Хаця сілавікі могуць быць незадаволены паслабленнем. Змякчэнне крымінальных артыкулаў дэкларуецца выключна ў дачыненні да лаяльных рэжыму грамадзян. Сілавікі працягваюць ужываць жорсткія захады ў адносінах да апанентаў Лукашэнкі.
Такім чынам, хутчэй за ўсе, кіруючы клас разлічвае не дапусціць жорсткай палярызацыі грамадства падчас выбараў, што можа выліцца ў сілавое супрацьстаянне.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі