Народнае адзінства перад выбарамі: папяровы тыгр падтрымкі
Кіруючы клас накіроўвае істотныя мабілізацыйныя рэсурсы на агітацыю за Лукашэнку. Дыктатар разлічвае падвысіць асабістыя рэйтынгі сярод бенефіцыяраў дзяржаўнага пераразмеркавання – работнікаў дзяржсектара і пенсіянераў. Палітычныя чысткі падчас электаральнай кампаніі павялічваюцца для дэматывацыі іншадумцаў.
Арганізатары выбараў заявілі аб рэкорднай колькасці подпісаў у падтрымку дыктатара. Напрыклад, па “афіцыйнай” версіі, у Магілеўскай вобласці болей 50% выбаршчыкаў выказаліся за вылучэнне Лукашэнкі. Чыноўнікі разлічваюць стварыць у грамадстве і асабіста ў дыктатара ўражанне аднаўлення масавай народнай падтрымкі.
Кіруючы клас імкнецца не палітызаваць грамадства выбарчай тэматыкай. Агітацыйныя кампанія ў падтрымку Лукашэнкі арганізоўваецца як шэраг фонавых прапагандысцкіх кампаній. Найбольш маштабная з іх — прапагандысцкая акцыя “Марафон адзінства”, якая фінансуецца з дзяржбюджэту. Прафсаюзы запускаюць флэшмобы, якія мусяць засведчыць адзінства працоўных і ўлады. Праводзяцца іншыя прапагандысцкія мерапрыемствы. Яны мусяць падвесці людзей да думкі аб безальтэрнатыўнасці прэзідэнцтва Лукашэнкі.
Яшчэ чатыры фонавых вылучэнцы падалі дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзідэнты. Гэтыя партнеры Лукашэнкі па выбарах мусяць падкрэсліць маргінальнасць апазіцыі і ўзмацніць уражанне народнага яднання вакол дыктатара.
Урад разлічвае захаваць у насельніцтва пазітыўныя эканамічныя чаканні падчас выбарчай кампаніі. Аднак тэмпы эканамічнага росту запавольваюцца, а праблемы назапашваюцца.
Тым часам, улады вырашылі вярнуцца да прыдбання лаяльнасці бенефіцыяраў дзяржаўнага рэгулявання за кошт падвышэння іх дабрабыту. У адрозненні ад 2020 года ўрад павялічвае заробкі работнікам дзяржсектара і выплаты пенсіянерам.
Адначасова сілавікі дэматывуюць пратэстную частку грамадства жорсткімі рэпрэсіямі. З пачаткам выбарчай кампаніі палітычны пераслед узмацніўся і пашырыўся. У верасні палітычных адміністратыўных спраў зафіксавана 176, у кастрычніку — 246, у лістападзе — 377. Рэпрэсіі адбываюцца па ўсей краіне, у тым ліку невялікіх гарадах. Колькасць палітвязняў застаецца стабільна высокай, нягледзячы на іх рэгулярнае амніставанне невялікімі групамі. Замест амніставаных суды працягваюць кідаць за краты апанентаў Лукашэнкі. Сілавікі рэгулярна пашыраюць рэестр экстрэмістаў за кошт уключэння ў яго іншадумцаў.
Прапагандысты працягваюць падрываць давер да дэмсіл. Яны дабіваюцца дэзінтэграцыі адзінага парадку дня грамадзянскай супольнасці. Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў. У дадатак рэпрэсіўная машына імкнецца выкарыстаць амніставаных палітвязняў для ціску на праваабаронцаў.
Такім чынам, арганізатары выбараў мабілізуюць электарат на датэрміновае галасаванне.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі