Лукашэнка вяртае лаяльнасць насельніцтва, ахоўнікі ўзмацняюць пераслед апанентаў
Кіруючаму класу атрымліваецца павялічыць падтрымку дзяржінстытутаў сярод насельніцтва папулісцкімі захадамі ў эканоміцы, жорсткімі рэпрэсіямі ў адносінах да апанентаў і зачысткай інфармацыйнай прасторы ад незалежных медыя на фоне вайны ва Украіне. Ахоўнікі рэжыму працягваюць дэматывацыю пратэснага руху жорсткімі рэпрэсіямі і абмежаваннямі ў правах.
Грамадства прызвычайваецца да павольных тэмпаў падзення эканомікі і дабрабыту. Давер да дзяржаўных інстытуцый павялічваецца. Па ўсёй верагоднасці, Аляксандр Лукашэнка задаволены палітычным эфектам асабістага ўмяшальніцтва ў цэнавае рэгуляванне і, хутчэй за ўсё, будзе надалей перыядычна звяртацца да папулісцкіх ініцыятыў. Паводле апытання незалежных даследчыкаў з BEROC, насельніцтва станоўча ацаніла захады дзяржавы ў стрымліванні цэнаў.
У гандлі павялічваюцца праблемы – рознічны таваразварот скарачаецца, што звязана з падзеннем даходаў насельніцтва і інфляцыяй.
Падзенне даходаў у значнай ступені зачапіла малы і сярэдні бізнес у сувязі з захадамі вышэйшага кіраўніцтва ў цэнавым рэгуляванні і штрафнымі экспрапрыяцыямі. Беларускае кіраўніцтва прымае абмежавальныя меры ў дачыненні да прадпрымальнікаў, што звязана з сумневамі ў палітычнай лаяльнасці прыватнага сектару і намерамі павялічыць паступленні ў бюджэт.
Улады дэманструюць заклапочанасць адтокам кадраў у сферы аховы здароўя. Кіраўнік міністэрства аховы здароўя Піневіч анансуе праверку заробкаў медыкаў. Аднак правячы клас адмаўляецца ад маштабнага падвышэння заробкаў у сферы аховы здароўя, бо рэсурсы перанакіроўваюцца на сілавы блок.
Рэжым Лукашэнкі працягвае абмяжоўваць сваіх апанентаў у палітычных, грамадзянскіх і сацыяльных правах. Улады прынялі закон аб пазбаўленні грамадзянства беларусаў за экстрэмісцкую дзейнасць.
Міністэрства аховы здароўя хоча абмежаваць бясплатнае лячэнне для «дармаедаў» і грамадзян Беларусі, якія жывуць за мяжой.
Ахоўнікі рэжыму разлічваюць цалкам дэпалітызаваць грамадства напярэдадні старту палітычных кампаній (выбараў у парламент, мясцовыя саветы) і прымусіць прыхільнікаў перамен адмовіцца ад крытыкі беларускага кіраўніцтва.
Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да Святланы Ціханоўскай, Марыі Мароз, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай і Сяргея Дылеўскага.
Такім чынам, рэжым Лукашэнкі працягне зачыстку публічнай прасторы ад іншадумства і стварэнне спрыяльных ўмоў для правядзення палітычных кампаній, фармавання маўклівай згоды з палітычнай сістэмай.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі