Лукашэнка інструктуе прапагандыстаў і чальцоў выбаркамаў
Лукашэнка інструктуе настаўнікаў і кіраўнікоў дзяржаўных медыя напярэдадні актыўнай фазы прэзідэнцкай кампаніі. Ідэолагі атрымліваюць дадатковае фінансаванне для пашырэння аўдыторыі сваіх СМІ. Настаўнікам абяцаюць рост заробкаў за правільныя вынікі народнага волевыяўлення.
Лукашэнка праінструктаваў кіраўніцтва дзяржаўных СМІ наконт агітацыі ў сваю падтрымку падчас прэзідэнцкай кампаніі-2025. Акцэнт быў зроблены на больш тонкіх падыходах па ўплыву на грамадскае меркаванне, чым грубая прапаганда. Напэўна, палітык асцерагаецца адваротнага эфекту ад празмернай агітацыі з ростам пратэснага галасавання. Дыктатар заклапочаны тым, што грамадства можа падтрымаць любую альтэрнатыву на фоне стомленасці ад доўгага кіравання Лукашэнкі.
У сваю чаргу дзяржаўныя медыя разлічваюць на маштабныя інвестыцыі напярэдадні электаральнай кампаніі. Прапагандысты ўжо анансавалі запуск новага дзяржтэлеканала. Акрамя таго, ідэолагі плануюць асвоіць сродкі на беларускі клон відэахостынгу YouTube.
Беларусь неаднойчы спрабавала стварыць нацыянальныя сацыяльныя сеткі, але новатворы не вытрымлівалі канкурэнцыі з расійскімі або міжнароднымі аналагамі. Напрыклад, адна з найбуйнейшых сацыяльных сетак Байнэту ВСети.by запусцілася ў 2008 годзе. Аднак ужо ў 2016-м праект закрыўся з-за фінансавых праблем.
Хутчэй за ўсе, новы дзяржаўны відэахостынг напаткае той жа лёс: закрыццё пасля сканчэння дзяржфінансавання. Кіруючы клас мае звычку інвеставаць значныя сродкі ў дзяржкампаніі і маштабныя праекты, нягледзячы на іх стратнасць.
Адкуль бяруцца сродкі на такія праекты? Беларускі істэблішмент пераразмяркоўвае грошы ад прыбытковых сектароў эканомікі — часцей за ўсе, прыватнага бізнесу. Прапагандысты таксама разлічваюць на асвойванне інвестыцый ад расійскіх партнераў у рамках саюзных праграм. Акрамя таго, пасля 2020 года кіруючы клас павялічыў фінансавыя санкцыі і экспрапрыяцыі ў прыватнага бізнесу, а таксама адціскаў маемасць апанентаў.
Акрамя прапагандыстаў Лукашэнка сустрэўся з настаўнікамі на педагагічнай нарадзе. Настаўнікі складаюць касцяк участковых выбаркамаў. Дыктатар праінструктаваў актыў наконт паводзінаў падчас прэзідэнцкай кампаніі. Пасля маштабных чыстак пасля выбараў-2020 сярод педагогаў-удзельнікаў нарады (і, па сумяшчэнні, чальцоў выбаркамаў) засталіся толькі лаяльныя. Палітык паабяцаў падняць у 2025 годзе заробак педработнікаў да сярэдняга ўзроўню па краіне. Ужо з верасня асобныя педагогі адчуюць прырост за кошт надбавак і павелічэння базавай стаўкі.
Такім чынам, Лукашэнка праводзіць сустрэчы з адказнымі за розныя напрамкі ў правядзенні прэзідэнцкай кампаніі для кансалідацыі вакол дыктара.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі