Лукашэнка дысцыплінуе вертыкаль, а ўрад інвестуе ў дзяржсектар, ВПК і сілавікоў
Лукашэнка дэманструе наменклатуры намеры захаваць персаналісцкі рэжым кіравання і кансалідаваць вертыкаль вакол сваёй асобы. Кіруючы клас працягвае зачыстку дзяржсектару ад іншадумства з рэсаветызацыяй і русіфікацыяй адукацыі, а таксама гістарычнай памяці.
Кіраўнік дзяржавы імкнецца перадухіліць дыскусіі пра транзіт улады, якія распачыналіся ў асяроддзі лаялістаў падчас яго адсутнасці з-за хваробы. Лукашэнка крытыкуе сваю адміністрацыю, а таксама падкрэслівае сваё выключнае права на кадравую палітыку і прызначэнне кіраўніцтва вертыкалі.
У рэгіянальных чыноўнікаў назапашваецца незадаволенасць крытыкай адыёзных прапагандыстаў “рускага міру”. Аднак рэгіянальныя сілавікі не маюць відавочных рычагоў уплыву на прарасійскіх актывістаў, якія іх нервуюць. Прапагандыстка Вольга Бондарава пайшла ў атаку на начальніка абласной міліцыі.
Прапагандысты падштурхоўваюць сілавікоў да пашырэння зачысткі сферы адукацыі ад іншадумцаў, асабліва ў сферы гістарычнай памяці. У Полацкім дзяржаўным універсітэце звольнілі траіх выкладчыкаў па палітычных матывах.
Ахоўнікі рэжыму пашыраюць практыку выязных судоў і публічных пакаранняў студэнтаў для дэматывацыі моладзевых актывістаў.
Дзяржаўныя медыя ўзмацняюць свае пазіцыі сярод анлайн-аўдыторыі. Аднак ідэолагам пакуль не атрымліваецца перахапіць лідарства ў незалежных СМІ ў Інтэрнэце.
Кіруючы клас звяртаецца да прапаганды ў вырашэнні кадравага дэфіцыту ў медыцынскай сферы, а таксама спрабуе перанакіраваць народную незадаволенасць пагаршэннем паслуг на медыкаў.
Урад стымулюе эканоміку інвестыцыямі ў дзяржсектар, ВПК і сілавікоў, што дазваляе кіруючаму класу аднавіць эканамічны рост. У выніку разагравання эканомікі рэальныя даходы насельніцтва павялічваюцца другі месяц запар.
Мінскі спецназ атрымае з бюджэту больш за USD 3 млн на свае патрэбы.
У Мінскай вобласці створана вытворчасць па выпуску боепрыпасаў.
Чыноўнікі закрываюць доступ да інфармацыі аб абмежаваннях для прадпрымальнікаў і самазанятых з-за перасцярогі павялічыць напружанасць сярод дробнага бізнесу. У дадатак урад плануе павялічыць кошт адміністрацыйных працэдур для юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў. Кіруючаму класу атрымліваецца паступова скарачаць колькасць прадпрымальнікаў, якіх Лукашэнка разглядае як пагрозу асабістаму кіраванню і аднаго з найбольш нелаяльных пластоў насельніцтва.
Такім чынам, кіруючы клас захавае бюджэтныя ўліванні ў сілавікоў і дзяржсектар разам са скарачэннем сацыяльных абавязкаў дзяржавы.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі