en
Снежань 9 – Снежань 15, 2024
Кіруючы клас

Канвеер перавыхавання іншадумцаў: новыя турэмныя месцы за кошт амністыі

Сітуацыя не змянілася
Канвеер перавыхавання іншадумцаў: новыя турэмныя месцы за кошт амністыі
фота: elements.envato.com

Чысткі дзяржаўнага сектара ад іншадумцаў не спыняюцца нягледзячы на кадравы дэфіцыт у розных сферах эканомікі. Дыктатар вызваляе турэмныя месцы для чарговай партыі асуджаных па палітычных матывах за кошт амніставаных палітзняволеных. Новая хваля рэпрэсій вынік істотнага ўзмацнення ролі сілавікоў у кіраванні дзяржавай за апошнія чатыры гады.

Дыктатар Лукашэнка скарэктаваў кадравую палітыку пасля 2020 года: ён актыўна ўкараняе сілавікоў у кіраўніцтва цывільных ведамстваў, дзяржарганізацый і нават GoNGO. Гэтая тэндэнцыя захоўваецца на працягу 2024 года. Напрыклад, Лукашэнка прызначыў асабістага ахоўніка на пасаду выканаўчага дырэктара дзяржаўнага камерцыйнага банка. У выніку ў «Беларусбанку» ўзмацніліся палітычныя чысткі.

Чыноўнікі вяртаюць савецкія практыкі вырашэння кадравага дэфіцыту, што наўрад ці прыносіць плен. У асобных рэгіенах вертыкаль Лукашэнкі актывізуе барацьбу з дармаедамі. У сітуацыі пагаршэння зваротнай сувязі і падзення якасці дзяржкіравання такія захады назапашваюць пратэстны патэнцыял у грамадстве.

Кіруючы клас імкнецца закамуфляваць маштаб палітычных рэпрэсій. Гэтыя крокі, хутчэй за ўсе, скіраваны на аднаўленне рэнамэ рэжыму на міжнародным узроўні. Адначасова ўлады прадпрымаюць шэраг захадаў для матывацыі ўдзельнікаў рэпрэсіўнага механізму. Гэта прадугледжвае павелічэнне ананімнасці выканаўцаў рэпрэсій і змяшэнне дакументальных сведчанняў палітычнага пераследу.

Рэпрэсіі ў дачыненні да іншадумцаў і вызваленне палітзняволеных адбываюцца ў адпаведнасці з унутранымі трансфармацыямі рэжыму. Наўрад ці яны залежаць ад вонкавых фактараў. Дыктатар імкнецца захаваць персаналісцкі характар рэжыму з апорай на сілавы апарат. Маштабныя палітычныя чысткі ўмацоўваюць маналітнасць дзяржсектара і яго згуртаванасць вакол асобы Лукашэнкі.

Пасля 2020 года зняволеныя па палітычных матывах істотна павялічылі нагрузку на пенітэнцыярную сістэму краіны і, адпаведна, выдаткі на яе ўтрыманне. З агульнай колькасці каля 33 тыс. зняволеных каля 1,3 тыс. прыходзіцца на палітычных. Да 2020 года такой буйной катэгорыі вязняў у беларускіх турмах не існавала ўвогуле. Гэта вымушае дыктатара да памілавання палітзняволеных невялікімі групамі, але рэгулярна — каб зменшыць перагружанасць сістэмы.

Адначасова ахоўнікі рэжыму працягваюць кідаць за краты новых іншадумцаў. Так, 9 снежня стала вядома пра чарговую групу з 29 памілаваных палітвязняў. Аднак з 9 да 13 снежня па палітычных крымінальных справах асудзілі не менш за 82 чалавекі. Палітычных спраў можа быць нават болей – не ўсе выпадкі трапляюць пад увагу праваабаронцаў.

Вызваленне палітзняволеных узмацняе дыскусію сярод апанентаў рэжыму наконт змены стратэгіі з узмацненнем галасоў крытыкаў кааліцыі Святланы Ціханоўскай. Гэта з’яўляецца дадатковым ускосным эфектам памілаванняў.

Адначасова кіруючы клас імкнецца ўзмацніць ідэалагічнае выхаванне насельніцтва і пашырыць кола лаяльных груп — у першую чаргу за кошт моладзі. Запатрабаванасць ідэалогіі ў лукашэнкаўскіх эліт павялічваецца разам са старэннем дыктатара. Адыход Лукашэнкі-старэйшага ад улады ў перспектыве (напрыклад, у выніку натуральных чыннікаў) стварае вакуум улады і істотны палітычны крызіс. Гіпертрафаваная прэзідэнцкая галіна ўлады адмоўна паўплывала на развіцце іншых дзяржаўных інстытутаў.

Такім чынам, Лукашэнка працягне працэс вызвалення палітзняволеных з захаваннем узроўню рэпрэсій і пераследу іншадумцаў па палітычных матывах.

Вы паспяхова падпісаныя

Падпішыцеся на нашу рассылку

Раз на тыдзень у каардынацыі з групай вядучых беларускіх аналітыкаў мы даем аналітычныя каментары да найбольш актуальных і актуальных пытанняў, у тым ліку да закулісных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, на беларускай, рускай і англійскай мовах.
EN
BE/RU
Падпісацца

Сітуацыя ў Беларусі

Снежань 9 – Снежань 15
Прагледзець усе

Падпішыцеся на нас

Чытаць больш