Фільтрацыйныя рэйды сілавікоў у дзяржсектары, высокая прыбытковасць бізнесу замест перыядычных экспрапрыяцый
Кіруючы клас умацоўвае лаяльнасць насельніцтва за кошт міграцыйных працэсаў і рэпрэсій. Крытыкі рэжыму пераследуюцца і абмяжоўваюцца ў грамадзянскіх правах, а патэнцыйна лаяльныя выхадцы з постсавецкіх краін атрымліваюць грамадзянства і доступ да рынку працы. Органы кантролю і сілавікі захоўваюць істотную вагу ў пераразмеркаванні найбольш прыбытковых рынкаў і павялічваюць папаўненні дзяржбюджэту.
Кіруючы клас прымае дадатковыя дыскрымінацыйныя захады ў дачыненні да палітэмігрантаў. Іх абмяжоўваюць у грамадзянскіх правах і консульскіх паслугах для запалохвання, дэпалітызацыі і ўмацавання лаяльнасці. Беларускія дыпмісіі больш не выдаюць пашпарты грамадзянам Беларусі, якія пастаянна пражываюць у іншых краінах. Яшчэ раней кіруючы клас скасаваў магчымасць галасавання на выбарах і рэферэндумах грамадзянам за мяжой.
У сваю чаргу беларускае кіраўніцтва актыўна надае грамадзянства жыхарам іншых постсавецкіх краін (Украіны часцей за ўсё). Яны куды больш лаяльна адносяцца да рэжыму і прытрымліваюцца блізкіх Лукашэнку ідэалагічных установак з настальгіяй па СССР.
Урад разлічвае зменшыць рэкордны кадравы дэфіцыт за кошт замежнікаў. У Мінпрацы плануюць пашырыць спіс прафесій, па якіх яны змогуць афіцыйна працаваць.
Сілавікі працягваюць зачыстку дзяржсектара ад нелаяльных працаўнікоў, якія ў адказ актыўна эмігруюць. На буйных прадпрыемствах у Лідзе прайшлі аблавы і масавыя затрыманні за “экстрэмісцкія” падпіскі.
Дзяржава працягвае папаўняць бюджэт за кошт экспрапрыяцый у бізнесоўцаў. Нягледзячы на недасканаласці заканадаўства і пераслед з боку кантралюючых органаў, бізнес у асобных сферах мае высокую маржынальнасць — асабліва прадпрыемствы, якія маюць падтрымку з боку вертыкалі ўлады і звязаныя з дзяржаўнымі падрадамі.
Дзяржкантроль завёў крымінальную справу за нявыплату падатку ў памеры BYN 800 тыс. на кампанію, што пастаўляла ветпрэпараты арганізацыям аграпрамысловага комплексу.
Дзяржкантроль затрымаў буйнога віцебскага дэвелапера па падазрэнні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Бізнесовец пералічыў у бюджэт BYN 330 тыс. як кампенсацыю шкоды дзяржаве.
Афіцыйныя медыя павялічваюць сінхранізацыю павесткі з расійскімі СМІ. На беларускім тэлебачанні плануюцца сумесныя забаўляльныя расійска-беларускія праекты, а таксама павялічыцца колькасць расійскіх экспертаў у эфіры.
Такім чынам, прыватны бізнес прыстасоўваецца да рызык крымінальнага пераследу. Нягледзячы на пагрозы, яго вабіць высокая прыбытковасць у сітуацыі павелічэння закрытасці дзяржсектара ад грамадства.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі