en
Студзень 20 – Студзень 26, 2025
Кіруючы клас

Бенефіс дыктатара: рэжым прайшоў стрэс-тэст

Сітуацыя не змянілася
Бенефіс дыктатара: рэжым прайшоў стрэс-тэст
фота: elements.envato.com

Кіруючы клас правёў цалкам падкантрольную кампанію па абнаўленні легітымнасці дыктатара. Лукашэнка кансалідаваў вакол сябе наменклатуру і сілавікоў фінансавымі выгодамі, пашырыў кола сімпатызантаў за кошт прапаганды, а паралельна дэматываваў апанентаў рэпрэсіямі. Вынікі выбараў мусяць заспакоіць дыктатара і замацаваць трэнд на палітычную адлігу ў грамадстве. 

Асноўнымі бенефіцыярамі рэжыму Лукашэнкі становяцца высокія чыноўнікі і кіраўнікі дзяржсектара, а таксама прапагандысты з сілавікамі. Яны атрымліваюць найбольшыя выгоды ў бюджэтных пераразмеркаваннях, а таксама пры экспрапрыяцыях маёмасці бізнесу і апанентаў. Кадравая палітыка дыктатара набывае рысы апрычніны – палітык расстаўляе на высокія пасады сваіх целаахоўнікаў – выхадцаў са Службы бяспекі. Адзначым, што кіруючы клас імкнецца схаваць гэтыя трэнды ад грамадства. Цягам апошніх чатырох год быў істотна абмежаваны доступ да дзяржінфармацыі і статыстыкі. Гэтыя захады ўзмацнілі закрытасць сістэмы, знішчылі празрыстасць размеркавання бюджэтных сродкаў і кадравай палітыкі.

Лукашэнка асабіста кантраляваў правядзенне “спецыяльнай выбарчай аперацыі”. У дадатак дыктатар асабіста ўдзельнічаў у агітацыі і сустракаўся з работнікамі дзяржсектара, нягледзячы на відавочныя праблемы са здароўем. Гэта выразна адрознівала прэзідэнцкую кампанію-2025 ад 2020 года, калі палітык сустракаўся выключна з сілавікамі на фоне нізкіх рэйтынгаў і народных пратэстаў.

Напярэдадні галасавання паліттэхнолагі рэжыму падагрэлі інтарэс публікі праз дэбаты кандыдатаў, каб дадаткова мабілізаваць аўдыторыю. Варта зазначыць: чыноўнікі выдаткавалі істотныя бюджэтныя сродкі на агітацыйную кампанію Лукашэнкі, што распачалася за некалькі месяцаў да яе афіцыйнага аб’яўлення.

Грамадскія стрымкі і супрацьвагі падчас кампаніі адсутнічалі. У выніку Цэнтрвыбаркам агучыў рэкордныя лічбы датэрміновага галасавання, якія немагчыма спраўдзіць. Кіруючы клас знішчыў заканадаўчыя і інстытуцыйныя механізмы кантролю грамадствам выбарчага працэсу. Аднак для стварэння “патрэбнага” разумення вынікаў кампаніі ў людзей, вертыкаль арганізавала маштабную кампанію па прымусовай мабілізацыі на датэрміновае галасаванне.

Рэжым імкнуўся сфармаваць лаялісцкія паводзіны сімпатызантаў – работнікаў дзяржсектара і бенефіцыяраў дзяржавы. Арганізатары выбараў масава ўцягвалі ў галасаванне патэнцыйных прыхільнікаў Лукашэнкі. Варта зазначыць, што кіруючы клас паступова вярнуў давер да дзяржінстытутаў, што пашырыла кола сімпатызантаў палітыка.

Адначасова сілавікі дэматывавалі апанентаў рэжыму рэпрэсіямі. Прапагандысты сфармавалі адчуванне бездапаможнасці ў прыхільнікаў перамен. Паводле незалежных сацыёлагаў, сярод апанентаў Лукашэнкі назіраецца найбольшая колькасць абсэнтэістаў і ўпэўненых у перадвызначанасці вынікаў на карысць Лукашэнкі.

Для прадухілення пратэстнай мабілізацыі рэжым уводзіў у апошнія дні галасавання фільтрацыю Інтэрнэту: блакаваў асобныя сэрвісы і доступ да замежных сайтаў.

Лукашэнка працягвае вызваляць палітзняволеных невялікімі групамі. Гэтыя захады дыктатара ўплываюць на фармаванне адпаведных “пацыфісцкіх” трэндаў сярод лаялістаў. Паводле назіранняў незалежных сацыёлагаў, прыхільнікі рэжыму чакаюць палітычнай адлігі пасля сканчэння прэзідэнцкай кампаніі.

У сваю чаргу кіруючы клас дэманструе павагу да заканадаўчых рамак дзейнасці ва ўмовах вяртання ўстойлівасці рэжыму. Прапагандысты і давераныя асобы Лукашэнкі прыпынілі выхады ў эфіры пасля звароту аб парушэнні заканадаўства.

Такім чынам, кіруючы клас, каб захаваць уладу і прадэманстраваць “стабільнасць”, працягне практыку выбарачнага вызвалення палітзняволеных і паступовага змякчэння палітычнага клімату.

Вы паспяхова падпісаныя

Падпішыцеся на нашу рассылку

Раз на тыдзень у каардынацыі з групай вядучых беларускіх аналітыкаў мы даем аналітычныя каментары да найбольш актуальных і актуальных пытанняў, у тым ліку да закулісных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, на беларускай, рускай і англійскай мовах.
EN
BE/RU
Падпісацца

Сітуацыя ў Беларусі

Студзень 20 – Студзень 26
Прагледзець усе

Падпішыцеся на нас

Чытаць больш