Адкладзены транзіт сям’і Лукашэнкаў
Лукашэнка паступова вяртае малодшага сына ў публічную прастору пасля аднаўлення асабістых палітычных пазіцый. Дыктатар замарожвае трансфармацыю рэжыму ў кірунку калектыўнага кіравання. Палітык выкарыстоўвае кадравую ратацыю, каб прадухіліць умацаванне наменклатурных груп і знізіць патэнцыйныя пагрозы з іх боку.
Перапынак у публічнай актыўнасці Мікалая Лукашэнкі, малодшага сына дыктатара, выклікалі падзеі 2020 года — тады рэжыму пагражала падзенне ў выніку народных хваляванняў. Але на мінулым тыдні Лукашэнка-малодшы зноў з’явіўся ў інфармацыйнай прасторы і даў інтэрв’ю дзяржмедыя. Мікалай разам з іншымі сваякамі ўдзельнічае ў маштабнай выбарчай кампаніі “Марафон адзінства”, каб падтрымаць бацькі кандыдатам ў прэзідэнты. Гэта сведчыць пра вяртанне трэнду на адкладзены транзіт у межах сям’і Лукашэнкаў. Аднак узрост і стан здароўя Лукашэнкі-старэйшага выглядае пэўным выклікам для рэалізацыі сямейнага плана па транзіце ўлады.
Пасля 2022 года дыктатар ўмацаваў пазіцыі, кансалідаваў вакол сябе сілавікоў і дзяржапарат. Як вынік, Лукашэнка замарозіў транзіт улады — пра калектыўнае кіраванне дзяржавай нават у перспектыве размова больш не ідзе. Адначасова ўзмацніўся трэнд на афармленне культу асобы дыктатара. У сваю чаргу фігура Лукашэнкі-малодшага выклікае пазітыўнае стаўленне з боку значна большай аўдыторыі, чым традыцыйныя прыхільнікі Лукашэнкі-бацькі.
Кіруючы клас працягвае рэпрэсіі для фармавання лаяльнасці насельніцтва — і штурхае апанентаў рэжыму да эміграцыі. Апошнія месяцы масавыя аблавы закранаюць розныя куткі Беларусі. Сілавікі ўзмацняюць псіхалагічна-інфармацыйную аперацыю супраць іншадумцаў. Генпракуратура нагадала аб разнастайнасці пакаранняў за палітычную актыўнасць.
У той жа час рэжым яшчэ не абраў канчатковы сцэнар прэзідэнцкай кампаніі. Гэта тычыцца колькасці зарэгістраваных кандыдатаў і прысутнасці прозвішча “апазіцыйнай” кандыдаткі Ганны Канапацкай у бюлетэні.
Лукашэнка праводзіць кадравыя ракіроўкі з расстаноўкай лаяльных людзей на дзяржпасады. Перыядычная перастаноўка выканаўцаў дазваляе дыктатару прадухіліць узнікненне моцных наменклатурных груповак, якія б маглі пагражаць лідарству Лукашэнкі.
Перыядычна чыноўнікаў здымаюць з пасад у выніку антыкарупцыйных чыстак. Дыктатар звычайна напярэдадні можа абрынуцца з крытыкай на ведамства, дзе чакаюцца кадравыя змены.
Палітык раскрытыкаваў АН Беларусі. У сваю чаргу мегапраект Акадэміі навук “Белбіяград” ліквідаваны, а кіраўніцтва апынулася на лаве падсудных. Гэта звязана з пераразмеркаваннем сродкаў і скарачэннем дзяржфінансавання. У апошнія гады значныя рэсурсы скіроўваюцца на развіцце сілавых органаў.
Такім чынам, Лукашэнка будзе імкнуцца заставацца на пасадзе кіраўніка дзяржавы яшчэ некалькі тэрмінаў.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі