2024: год афармлення культу асобы. 2025: электаральны катарсіс рэжыму
2024 — год цэментавання персаналістычнага рэжыму і афармлення культу асобы Лукашэнкі. Дыктатар запаволіў трансфармацыю сістэмы ўлады ў бок калектыўнага аўтарытарызму. Электаральныя механізмы ператварыліся ў інструменты мабілізацыі лаяльных груп насельніцтва і паўзучага абнаўлення легітымнасці кіруючага класа. У адносінах да апанентаў рэжыму пашыралася дыскрымінацыя, экспрапрыяцыі маёмасці і рэпрэсіі. Кіруючы клас часткова стабілізаваў эканоміку на фоне санкцый і выдаткаў на сілавое ўтрыманне ўлады. Аднак гэта адбылося за кошт фінансавых пераразмеркаванняў і абмежаванняў для прыватнага бізнесу. Рост эканомікі дапамог падтрымаць дабрабыт насельніцтва і, адпаведна, замацаваць лаялісцкія паводзіны з боку людзей — хаця гэта адбывалася на фоне адтоку працоўных рэсурсаў.
Магчыма, што пасля таго, як Цэнтрвыбаркам зафіксуе на пачатку 2025 года “вяртанне народнай любові“ да дыктатара, можа быць запушчаны працэс паступовага аслаблення рэпрэсіўных лейцаў. Для гэтага лічбы падтрымкі аўтакрата павінны апынуцца не ніжэй за вынікі Лукашэнкі на папярэдніх выбарах — і без відавочнай пратэснай мабілізацыі.
У 2024 годзе быў створаны новы прадстаўнічы інстытут рэжыму — Усебеларускі народны сход (УНС). Першапачаткова УНС задумваўся як найвышэйшы орган кіравання для транзіту ўлады ад Лукашэнкі да пераемніка альбо іншых інстытутаў. УНС павінен быў стаць “надбудовай” над існуючымі прадстаўнічымі органамі. Аднак дыктатар дэзавуяваў ранейшыя абяцанні адносна хуткага адыходу ад улады, якія агучваў падчас палітычнага крызісу для наменклатуры і Крамля. Пасля выбараў у парламент і мясцовыя саветы Лукашэнка даслаў сігнал пра падаўжэнне паўнамоцтваў на новы пяцігадовы тэрмін — і тым самым адмовіўся ад перадачы ўлады. УНС у выніку ператварыўся ў чарговы “спячы” інстытут — як і парламент, мясцовыя саветы або палітычныя партыі.
Тым не менш, сістэмныя палітычныя партыі ўзмацнілі прадстаўніцтва ва ўладных структурах. У Палаце прадстаўнікоў 64% (70 з 110) дэпутатаў належаць да палітычных партый, прычым 51 парламентар прадстаўляе “Белую Русь”. У мясцовых саветах партыйцы занялі 30,4% месцаў (3803 з 12511), з якіх 3234 маюць прыналежнасць да “Белай Русі”.
Падчас “адзінага дня галасавання” ў лютым 2024 года кіруючы клас выпрабаваў новы фармат выбарчых кампаній: усе патэнцыйна небяспечныя гульцы выводзіліся па-за электаральны працэс. Тым самым выключаўся ўдзел у палітычнай барацьбе апазіцыйных кандыдатаў. Аднак кіруючы клас стварыў ілюзію спаборніцтва за вакансіі ў прадстаўнічых органах паміж кандыдатамі ад сістэмных партый. Такі ж механізм выкарыстоўваецца зараз — падчас прэзідэнцкай кампаніі-2025.
У прыватнасці, акрамя Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта вылучаны прадстаўнікі трох рэжымных палітпартый (акрамя “Белай Русі”). Цікава, што паліттэхнолагі рэжыму запоўнілі электаральную нішу для канструктыўнай апазіцыі. Гэтае месца заняла экс-дэпутатка парламента і былая кандыдатка на прэзідэнцкіх выбарах-2020 Ганна Канапацкая. Яна адзначылася перш за ўсё крытыкай лідараў кампаніі 2020 — Віктара Бабарыкі і Святланы Ціханоўскай, а таксама пазіцыянаваннем сябе ў якасці нацыянал-дэмакраткі. Удзел у выбарах-2025 канструктыўнай апазіцыянеркі, з аднаго боку, мусіць засведчыць маргінальнасць апанентаў рэжыму, а з іншага – аслабіць кааліцыю Святланы Ціханоўскай.
Цягам года Лукашэнка працягваў расстаўляць на ключавыя пасады ва ўладзе людзей з блізкага атачэння — у тым ліку прадстаўнікоў сямейнага кола і сілавога блока. Для ўзмацнення кантролю над рэгіянальнай наменклатурай былі прызначаны па два ўпаўнаважаныя на кожную вобласць і Мінск (раней быў адзін прадстаўнік на рэгіён).
Пасля выбараў у парламент і мясцовыя саветы прапагандысты актыўна вярнуліся да ўмацавання культу асобы Лукашэнкі. Напрыклад, падчас прэзідэнцкай кампаніі дыктатар удзельнічае ў агітацыйных мерапрыемствах, што кантрастуе з ягонымі паводзінамі ў 2020 г. У выніку кіруючы клас ладзіць “псеўдаканкурэнтныя” выбары, дзе электарату навязваецца мабілізацыйная мадэль паводзін: студэнтаў, работнікаў дзяржсектара і бюджэтнікаў ідэолагі прымушаюць дэманстраваць народную любоў да дыктатара. Незалежнае назіранне трапіла пад поўную забарону — з жорсткім пакараннем за непадпарадкаванне.
Ахоўнікі рэжыму пашырылі практыку канфіскацыі маёмасці ў палітычных апанентаў і іх сваякоў. Новыя механізмы спецвытворчасці выкарыстоўваюцца супраць крытыкаў Лукашэнкі па-за межамі Беларусі. Рэпрэсіі камуфлююцца, а ахвяр прымушаюць замоўчваць факты пераследу. Палітычны пераслед закранае нават актывістаў “рускага свету”, чыя рыторыка часам канфліктуе з інтарэсамі кіруючага класа. У сувязі з гэтым перыядычна ўзмацняецца напружанасць між дзяржпрапагандыстамі і прарасійскім актывам — апошні, дарэчы, набыў істотны ўплыў на парадак дня.
Кадравая палітыка дыктатара арыентуецца на прасоўванне сілавікоў у кіраўніцтва цывільных ведамстваў, дзяржарганізацый і GoNGO. Гэта прыводзіць да рэгулярных палітычных “чыстак” і адтоку працоўных рэсурсаў за мяжу. За год колькасць занятых у эканоміцы скарацілася на 20 тыс. Чалавек; праўда, адмоўныя тэмпы запавольваюцца. Лукашэнка спрабуе вырашыць праблемы кадравага дэфіцыту праз пераразмеркаванне рэсурсаў з прыватнага сектара на карысць дзяржкампаній і заахвочванне да працы пенсіянераў. Прыватныя медыцынскія цэнтры і навучальныя ўстановы сутыкаюцца з ціскам: зачынены ўсе прыватныя дзіцячыя садкі ў Мінску, а таксама частка ВНУ і медцэнтраў.
Улады дэманструюць эканамічны аптымізм і дэкларуюць рост ВУП. Дзяржінвестыцыі і ўнутраны попыт падтрымліваюцца за кошт крэдытнай палітыкі і росту заробкаў. Дзяржава працягвае рэгуляваць цэны, а Нацбанк утрымлівае валютна-фінансавую стабільнасць. Аднак рэжым абмяжоўвае сацыяльныя гарантыі ў сферы пенсій, аховы здароўя і працоўных адносін, акцэнтуючы ўвагу на падтрымцы сілавікоў.
Прыватны сектар працягвае адчуваць ціск і сутыкацца з экспрапрыяцыямі. Малых і сярэдніх прадпрымальнікаў абмяжоўваюць. Лукашэнка захоўвае асабістую непрыязь да гэтай катэгорыі бізнесу.
Сілавыя структуры маюць звышузмоцненую ролю ў палітычнай і эканамічнай сістэме. Іх уплыў узмацняецца праз кадравыя рашэнні Лукашэнкі і бюджэтныя ўліванні. Сілавікі маюць істотны ўплыў у ратацыях чыноўнікаў дзякуючы антыкарупцыйнаму пераследу. У агульнай структуры ўлады сілавікі застаюцца аднымі з галоўных бенефіцыяраў, на якіх трымаецца персаналісцкі рэжым Лукашэнкі.
Прагнозы
- Лукашэнка працягне ўмацоўваць асабістую ўладу і запавольваць трансфармацыю рэжыму ў бок калектыўнага кіравання. Уплыў сям’і і бліжэйшага атачэння дыктатара ў дзяржкіраванні пашырыцца.
- Сілавікі захаваюць высокі ўзровень палітычных “чыстак” у дзяржкампаніях і бюджэтных установах. Кантроль над лаяльнасцю да рэжыму стане мацнейшым — у тым ліку праз увядзенне больш жорсткіх ідэалагічных фільтраў пры прыёме на працу. Пры гэтым выканаўцы рэпрэсій будуць імкнуцца мінімізаваць бачнасць маштабу палітычнага пераследу.
- Кіруючы клас працягне скарачаць сацыяльныя праграмы і гарантыі для насельніцтва — у тым ліку для пенсіянераў і шматдзетных сем’яў. Урад абмяжуе выдаткі на падтрыманне дабрабыту: зробіць больш мяккім цэнавае рэгуляванне, запаволіць падвышэнне заробкаў і рост пенсій. Асноўныя рэсурсы будуць пераразмяркоўвацца, каб умацаваць бяспеку кіруючага класа і забяспечыць ідэалагічную лаяльнасць насельніцтва.
- Урад будзе падтрымліваць маштабныя інвестыцыі ў дзяржаўныя кампаніі і праекты, уключаючы прыцягненне фінансавання з Расіі.
- Кіруючы клас можа прымаць супярэчлівыя эканамічныя меры, спалучаючы ціск на прыватны сектар з пераразмеркаваннем рэсурсаў на рынках. У гэтых працэсах будуць актыўна ўдзельнічаць сілавікі і бізнесоўцы, блізкія да дыктатара.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі