en
Студзень 1 – Студзень 7, 2024
Кіруючы клас

2023: змена палітычнага поля; 2024: “стэрыльныя” выбары

Сітуацыя не змянілася
2023: змена палітычнага поля; 2024: “стэрыльныя” выбары
Фота: postawy.by

Рэжым паступова стварае нарматыўны ды інстытуцыйны базіс для трансфармацыі персаналісцкага рэжыму. Новы кірунак — калектыўная аўтакратыя з развіццём новых цэнтраў улады. Беларуская ўлада наблізілася да вырашэння палітычнага крызісу і амаль вярнула давер да дзяржаўных інстытутаў на ўзровень першай паловы 2020 года. Гэтаму дапамаглі жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні да апанентаў і сінхранізацыя ідэалогіі з расійскай прапагандай. Паралельна ажыццяўляўся ціск на спажыўцоў незалежных СМІ (унутры краіны гэтыя медыя былі знішчаны ў 2022-м), а таксама фармавалася лаяльнасць сярод бенефіцыяраў дзяржаўнага пераразмеркавання — бюджэтнікаў, работнікаў дзяржсектара, пенсіянераў.

У 2023 годзе цалкам змянілася палітычнае поле, канчаткова аформілася новая партыйная сістэма. Кіруючы клас надаў легальны статус толькі чатыром сістэмным партыям (на расійскі ўзор “кіруемай дэмакратыі”), якія імітуюць ідэалагічны спектр “левы/правы”. Аднак пры гэтым пераважаюць папулісцкія постсавецкія наратывы.

Роля “партыі ўлады” — нягледзячы на 15 год сабатажу і крытыкі з боку Лукашэнкі — адышла наменклатурнай “Белай Русі”. Але яе функцыянеры пакуль не заяўляюць пра палітычныя амбіцыі, бо чакаюць трансфармацыі персаналісцкага рэжыму. Рэшту лаялісцкіх і апазіцыйных палітпартый (12 з 15) скасаваў Мінюст. Гэта адбылося ў працэсе аптымізацыі палітычнай прасторы пад новую канфігурацыю калектыўнага аўтарытарызму.

Кіруючы клас сфармаваў нарматыўны прававы базіс для існавання рэжыму ў дэпалітызаваным грамадстве. Апора ўлады — сімпатызанты; у той жа час абсэнтэізм сярод апанентаў Лукашэнкі таксама спрыяе новаму парадку. Навацыі ў выбарчым кодэксе скасавалі парог яўкі на выбарах у Палату прадстаўнікоў, а таксама стварылі дадатковыя перашкоды для незалежных кандыдатаў у дэпутаты і назіральнікаў.

Рэжым абмежаваў крытыкаў у палітычных, эканамічных і дыпламатычных правах. Нарматыўныя заканадаўчыя навацыі пазбавілі электаральных правоў эміграцыю. Улады ўвялі палітызаваную дыскрымінацыю рэлакантаў па пытаннях дзяржаўных паслуг у сферы грамадскіх праваадносін.

Цягам года кіруючы класу вярнуў дамінаванне ў інфармацыйнай прасторы. Адначасова адбылося падвышэнне рэйтынгаў даверу да дзяржаўных інстытутаў.

У ідэалагічнай вертыкалі павялічылася апаратная вага ідэолагаў “рускага міру”, а наратывы сінхранізаваліся з прапагандай Крамля. Прарасейскі ідэалагічны разварот — вынік паслявыбарчага кадравага голаду ў медыявертыкалі Лукашэнкі. Тады, нагадаем, значная частка супрацоўнікаў дзяржСМІ сышла з пасадаў. Іх месца занялі адыёзныя прапагандысты і выхадцы з постсавецкай прасторы з савецкімі і рускамірнымі поглядамі. Адначасова ў інфармацыйнай прасторы ўтварыўся пэўны вакуум медыяпрадукцыі з-за знішчэння і рэлакацыі незалежных СМІ.

Ахоўнікі рэжыму працягнулі руйнаванне рэгіянальных незалежных СМІ, што засталіся пасля папярэдняй зачысткі беларускай медыяпрасторы. Рэпрэсіі спажыўцоў незалежнай медыяпрадукцыі (кропкавыя, аднак рэзанансныя) дазволілі кіруючаму класу скараціць аўдыторыю незалежных выданняў у рэлакацыі. Прапагандысты і сілавікі ўзялі пад ідэалагічны кантроль рэшту лідараў меркаванняў – блогераў (культурных, спартовых, краязнаўчых, дзіцячых і інш.) — і абмежавалі іх доступ да беларускай аўдыторыі.

Рэжым вярнуўся да папулісцкага трансферу дабротаў ад найменш лаяльных груп (прыватнага бізнесу, ІТ-сектара) бюджэтнікам — работнікам дзяржсектара, пенсіянерам, шматдзетным сем’ям і іншым ільготнікам. Гэта ўмацавала прыхільнасць сімпатызантаў Лукашэнкі і пашырыла сацыяльныя групы, лаяльныя рэжыму. Напрыканцы 2023-га незалежныя апытанні зафіксавалі вяртанне даверу да дзяржаўных інстытуцый і зніжэнне падтрымкі дэмсілаў да паказнікаў, што фіксаваліся незалежнымі сацыёлагамі да 2020 г.

Найбольш выгод аўтарытарная рэакцыя прынесла ахоўнікам рэжыму. Сілавікі павялічылі апаратную вагу на ўсіх узроўнях і, адпаведна, долю ў пераразмеркаванні бюджэтнага пірага. Выхадцы з сілавых органаў усё часцей атрымлівалі пасады кіраўнікоў у цывільных ведамствах.

Дабрабыт насельніцтва і ўзровень спажывання часткова падтрымліваўся за кошт крэдытавання, што, з іншага боку, стымулявала эканамічнае развіццё. На фоне санкцый, палітыкі імпартазамяшчэння і экспартнай пераарыентацыі на расійскі рынак павялічыліся бюджэтныя ўліванні ў дзяржсектар. Пры гэтым прамыслоўцы ўзмацнілі ўплыў на дзяржаўныя інстытуты пры размеркаванні гэтых сродкаў.

Палітычныя чысткі і звальненні ў дзяржарганізацыях прывялі да пераразмеркавання сродкаў — і павышэння заробкаў тых супрацоўнікаў, хто застаўся. Працоўная эміграцыя зменшыла напружанасць на рынку працы: з аднаго боку, там адчуўся кадравы дэфіцыт у асобных сферах, з іншага – фіксаваўся нязначны ўзровень беспрацоўя. Беспрацоўе — адзін з самых значных паказнікаў эфектыўнасці ўрада для Лукашэнкі. Палітык дагэтуль памятае маніфестацыі працоўнага руху падчас позняга СССР. Менавіта гэта, на яго думку, прывяло да страты ўлады савецкім кіраўніцтвам.

У той жа час дзяржава перагледзела сацыяльныя дамовы — і скараціла абавязкі перад насельніцтвам. Рэжым паслядоўна абразаў пенсійныя гарантыі: павялічыў мінімальны страхавы стаж і ўвёў новую мадэль разліку з працаўнікамі. Аднак гэтыя захады ўсё адно не вырашылі праблемы дэфіцыту пенсійнага фонду.

Прагнозы:

  •   Стане больш антыкарупцыйных чыстак. З аднаго боку — у выніку барацьбы між рознымі наменклатурнымі групоўкамі за пераразмеркаванне ўплыву і вагі напярэдадні траснфармацыйных працэсаў. З іншага боку — у выніку ўзмацнення папулісцкай рыторыкі Лукашэнкі перад прэзідэнцкімі выбарамі і для захавання сюзерэнскай ролі па-над іншымі галінамі вертыкалі (прадстаўнічай, судовай, выканаўчай).
  •   Павялічацца сілавыя захады, каб дэпалітызаваць апанентаў рэжыму і пашырыць абсэнтэісцкія настроі сярод прыхільнікаў перамен.
  •   Больш частымі стануць экспрапрыяцыі ў сярэдняга класа і пераразмеркаванне дабротаў прыватнага сектару на карысць бюджэтнікаў; працягнуцца маштабныя бюджэтныя ўліванні ў дзяржсектар у рамках імпартазамяшчэння.
  •   Улады правядуць “стэрыльныя” выбары ў парламент і мясцовыя саветы — і павялічаць долю сістэмных палітпартый у прадстаўнічых органах рэжыму.
Вы паспяхова падпісаныя

Падпішыцеся на нашу рассылку

Раз на тыдзень у каардынацыі з групай вядучых беларускіх аналітыкаў мы даем аналітычныя каментары да найбольш актуальных і актуальных пытанняў, у тым ліку да закулісных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, на беларускай, рускай і англійскай мовах.
EN
BE/RU
Падпісацца

Сітуацыя ў Беларусі

Снежань 9 – Снежань 15
Прагледзець усе

Падпішыцеся на нас

Чытаць больш