en
Жнівень 12 – Жнівень 18, 2024
Грамадства і партыі

Выклік лідарству Ціханоўскай ад апазіцыі з Каардынацыйнай Рады

Сітуацыя не змянілася
Выклік лідарству Ціханоўскай ад апазіцыі з Каардынацыйнай Рады
фота: elements.envato.com

У дэмакратычным руху абвастраецца барацьба за лідарства. Каманда апазіцыянераў на чале з экс-спікерам Каадынацыйнай Рады (КР) Андрэем Ягоравым спрабуе перахапіць ініцыятыву ў офіса Святланы Ціханоўскай у фармаванні парадку дня грамадзянскай супольнасці. Дэмакратычныя сілы рызыкуюць прапусціць пачатак чарговай палітычнай кампаніі ў Беларусі і магчымую палітызацыю грамадства.

Апаненты Святланы Ціханоўскай настойваюць на пераглядзе яе лідарскага статусу – прапануюць правесці выбары лідара дэмакратычных сіл. Гэта адбываецца на фоне абвастрэння дыскусіі наконт падыходаў у вызваленні палітвязняў. Апазіцыянеры спрабуюць сфармаваць кааліцыю палітарганізацый з наданнем большай увагі тэме палітзняволеных.

Выклік лідарству Ціханоўскай абвастрыўся пасля ігнаравання інтарэсаў часткі выбарчых спісаў, якія патрапілі ў Каардынацыйную Раду трэцяга склікання. Так, другі па колькасці атрыманых мандатаў “блок Пракоп’ева-Ягорава” апынуўся ў меншасці. Адзін з яе лідараў, Андрэй Ягораў, з’яўляўся спікерам папярэдняга складу КР. Кааліцыя пераможцаў на чале з Паўлам Латушкам спачатку перагледзела ў сваіх інтарэсах папярэдні статут арганізацыі, які быў прыняты КР другога склікання. Затым спікерам і віце-спікерам КР былі абраны прадстаўнікі кааліцыі блізкай да Аб’яднанага Пераходнага Кабінета на чале з Латушкам і офіса Ціханоўскай. Інтарэсы апазіцыйнай меншасці пры гэтым ніхто не ўлічыў. Выглядае, што апазіцыйная меншасць зусім страціла ўплыў на парадак дня дэмакратычнай платформы, а большасць спрабуе маргіналізаваць меншавікоў. Адпаведна апазіцыйны блок спрабуе вярнуць свой уплыў.

У сваю чаргу каманда Ціханоўскай спрабуе выправіць наступствы рэпутацыйных стратаў. Трыгерам абвінавачванняў сталася адсутнасць беларускіх палітвязняў у абмене між Крамлем і заходнімі краінамі.

Паралельна дэмакратычныя сілы змякчылі наступствы ад узмацнення Літвой абмежаванняў для мабільнасці беларусаў. Вільнюс пайшоў на саступкі і скарэктаваў правілы ўезду легкавых аўто з беларускімі рэгістрацыйнымі знакамі ў краіну.

Дэмакратычныя сілы прадпрымаюць захады па прасоўванні ў медыйны парадак дня міжнароднай супольнасці тэматыкі Беларусі. У амерыканскім палітычным выданні The Hill выйшаў супольны артыкул Ціханоўскай і амбасадара ЗША па асаблівых даручэннях у пытаннях глабальнага крымінальнага правасуддзя Бэт Ван Шаака.

Напружанасць і ўзаемныя абвінавачанні ў асяроддзі дэмакратычных сіл узрастаюць якраз у перыяд, калі рэжым Лукашэнкі актыўна рыхтуецца да правядзення прэзідэнцкай кампаніі.

Аднак у парадку дня дэмсілаў актывізуецца дыскусія наконт лідарства Ціханоўскай замест выпрацоўкі падыходаў да прэзідэнцкай кампаніі.

Такім чынам, хутчэй за ўсе, аўдыторыя палітарганізацый можа яшчэ болей звузіцца, што звязана з канцэнтрацыяй увагі на ўнутрыарганізацыйных працэдурах і ігнараванні ўнутрыбеларускага парадку дня.

Вы паспяхова падпісаныя

Падпішыцеся на нашу рассылку

Раз на тыдзень у каардынацыі з групай вядучых беларускіх аналітыкаў мы даем аналітычныя каментары да найбольш актуальных і актуальных пытанняў, у тым ліку да закулісных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, на беларускай, рускай і англійскай мовах.
EN
BE/RU
Падпісацца

Сітуацыя ў Беларусі

Снежань 9 – Снежань 15
Прагледзець усе

Падпішыцеся на нас

Чытаць больш