Санкцыйны ціск дэмсіл на прадстаўнікоў Лукашэнкі, стомленасць грамадства ад супрацьстаяння з рэжымам
Дэмсілы працягваюць кампанію па ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі і ўсебаковым абмежаванні яго прадстаўнікоў. У грамадскай прасторы з’яўляюцца рэзанансныя ініцыятывы праз стомленасць ад рэпрэсій і супрацьстаяння з дыктатурай: абмен палітвязняў на ваеннапалонных ад Пазняка, падтрымка аддзялення Смаленска ад Расіі ад аднаго з чальцоў Каардынацыйнай Рады.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет запусціў папулярны сярод эмігрантаў праект “Альтэрнатыўны нацыянальны пашпарт”. Пры ўдалай рэалізацыі ён паспрыяе кансалідацыі дыяспары. Цягам тыдня з даты запуску ініцыятывы атрымаць дакумент пажадалі звыш 57 тыс. беларусаў.
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне працягвае кампанію па ізаляцыі рэжыму і дэматывацыі дзяржапарату. НАУ перадало Украіне спіс асоб і арганізацый са структур Лукашэнкі, што актыўна падтрымліваюць расійскую агрэсію супраць Украіны.
«Рабочы рух» збірае факты парушэння правоў працоўных у Беларусі для справаздачы ў Міжнародную арганізацыю працы. У чэрвені МАП прыняла рэзалюцыю пра ўжыванне ў дачыненні да Беларусі артыкула № 33 Статута. Незалежныя прафсаюзы ў Беларусі ліквідаваны, многія лідары знаходзяцца за кратамі або ў эміграцыі і не маюць магчымасці дзейнічаць легальна.
Платформа «Новая Беларусь» абрала пілотныя праекты для фінансавання. Беларусы-эмігранты з Польшчы і Літвы пералічылі больш за EUR 13,0 тыс. падаткаў, дзякуючы праекту па лічбавым самакіраванні.
Пазіцыі дыяспары, у тым ліку палітэмігрантаў, у краінах Балтыі пагаршаюцца.
Дэмсілы спрабуюць прадухіліць пагаршэнне грамадскага меркавання ў Літве ў адносінах да беларускай эміграцыі, а таксама ўхваленне мясцовым урадам новых абмежаванняў у дачыненні да беларусаў. Ціханоўская звярнулася да літоўскіх улад і пацвердзіла пазіцыю аб непарушнасці межаў.
Больш за тысячу беларусаў страцяць права голасу на эстонскіх мясцовых выбарах.
Пазняк спрабуе ўзмацніць пазіцыі сярод крытыкаў кааліцыі Ціханоўскай, а таксама прыхільнікаў перамен, што стаміліся ад супрацьстаяння з рэжымам. Апазіцыйны палітык напісаў Лукашэнку і Зяленскаму пра абмен беларускіх наймітаў на палітвязняў.
BELPOL умацоўвае давер сярод прыхільнікаў перамен. Уся каманда сілавікоў паспяхова прайшла праверку на паліграфе.
Антываенны рух працягвае фіксаваць ваенныя актыўнасці на тэрыторыі Беларусі і інфармаваць міжнародную супольнасць, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі ахоўнікаў рэжыму Лукашэнкі.
Як вынік, папулярнасць дыялогу і перамоў з уладамі сярод прыхільнікаў перамен застаецца невялікай ва ўмовах няспынных рэпрэсій.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі