Пазняк узмацняе ўплыў на дэмакратычную павестку, Ціханоўская замацоўвае супрацу дэмсіл з Саветам Еўропы
Кіраўнік апазіцыі БНФ 1990-х Зянон Пазняк спрабуе ўзмацніць уплыў на дэмакратычную павестку ў кааперацыі з добраахвотнікамі з Палка Каліноўскага і аб’яднаць частку крытыкаў шырокай кааліцыі на чале з Святланай Ціханоўскай. Дэмсілы на чале з Ціханоўскай умацоўваюць супрацоўніцтва з Саветам Еўропы і распрацоўваюць шэраг супольных праграм.
Дэмакратычныя сілы падтрымліваюць уплыў на міжнародную павестку і дачыненні заходніх сталіц з афіцыйным Мінскам.
Лідар дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская прыме ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (прадстаўнікі афіцыйнага Мінску не запрошаны).
Падчас сустрэчы дэмлідара з памочніцай дзяржсакратара ЗША Робін Даніган былі пацверджаны намеры абодвух бакоў да шчыльнага супрацоўніцтва і падтрымцы Вашынгтонам дэмакратычнага руху, у тым ліку кансультацый наконт супольнай пазіцыі ў адносінах да афіцыйнага Мінску і ў міжнародных інстытутах.
Да работы кантактнай групы Савету Еўропы будуць прыцягвацца дэмакратычныя палітычыныя сілы Беларусі на ратацыйнай аснове. На пасяджэнні Камітэту Міністраў Савету Еўропы быў прэзентаваны план з 15 мерапрыемстваў па падтрымцы прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў.
Добраахвотнікі ва Украіне замацоўваюць свой уплыў на павестку і працягваюць пошук спосабаў умацаваць сваю палітычную суб’ектнасць. Полк Каліноўскага наведвае кіраўнік апазіцыі БНФ 1990-х гадоў і адзін з альтэрнатыўных лідараў меркаванняў Зянон Пазняк.
Лідар апазіцыі 1990-х Зянон Пазняк спрабуе перахапіць ініцыятыву ў Кабінета Святланы Ціханоўскай і павялічыць уплыў на дэмакратычную павестку. Аднак, хутчэй за ўсё, бескампрамісная пазіцыя і жорсткая крытыка сваіх апанентаў не дазволіць Зянону Пазняку кансалідаваць значную колькасць не толькі прыхільнікаў перамен, але і крытыкаў Ціханоўскай.
У дадатак, у адносінах да палітычных амбіцыяў Палка Каліноўскага гучыць крытыка як з боку часткі грамадзянскай супольнасці, так і экс-калег па добраахвотніцкаму руху.
Антываенны рух працягвае маніторынг перасоўвання вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, нягледзячы на несупынны жорсткі пераслед актывістаў.
Актыў дэмакратычнага руху працягвае эміграваць з краіны, асабліва пасля пераследу з боку ахоўнікаў рэжыму і выхаду са зняволення.
Зарэгістраваныя апазіцыйныя палітычныя партыі (АГП, БНФ, БСДГ, БСДП (Грамада), КХП БНФ, экс-камуністы з “Справядлівага свету”) рыхтуюцца да ліквідацыі і дзейнасці ў падпольных умовах. Варта зазначыць, што частка актыву ўжо зазнала пераслед і знаходзіцца за кратамі або ў эміграцыі.
Такім чынам, дэмакратычным сілам пагражае фрагментацыя агульнай павесткі і павелічэнне ўзаемнай крытыкі, што не ўзмоцніць пазіцыі ўнутры краіны і аслабіць іх уплыў на міжнародную павестку ў адносінах да Беларусі.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі