Пашпарт Новай Беларусі: умацаванне дыяспаральных сувязяў
Кабінет Ціханоўскай спрабуе пашырыць міжнароднае прызнанне пашпарта “Новай Беларусі”. Гэта адзін з найбольш папулярных праектаў у асяроддзі апанентаў рэжыму. У выпадку яго рэалізацыі, кабінет Ціханоўскай замацуе лідарскія пазіцыі ў дэмакратычным руху, узмоцніць міжнародную суб’ектнасць і кансалідуе падтрымку сярод прыхільнікаў перамен — як у вымушанай эміграцыі, так і ўнутры краіны.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет спрабуе кансалідаваць эміграцыю і дыяспары вакол праекта “пашпарт Новай Беларусі”. Па розных падліках ад 200 тыс. да 500 тыс. эмігрантаў могуць прэтэндаваць на атрыманне дакумента. Напрыканцы 2023 года прадстаўнік АПК Валер Кавалеўскі заяўляў: першыя пашпарты Новай Беларусі людзі пабачаць ужо ў сакавіку 2024-га.
Дэмсілы разлічваюць у першую чаргу напрацаваць давер і партнёрскія сувязі з заходнімі сталіцамі — і тым самым забяспечыць спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі праекта. У першую чаргу Кабінет плануе выдаваць пашпарты тым, хто ўжо легалізаваўся і, адпаведна, прайшоў верыфікацыю ў краіне пражывання.
У сваю чаргу рэжым нервова рэагуе на папулярную ініцыятыву дэмсіл. Улады спрабуюць дыскрэдытаваць праект праз стварэнне фэйкавых старонак і збор асабістых звестак ахвотных атрымаць пашпарт. Хутчэй за ўсё, сілавікі рыхтуюць новую кампанію па дыскрэдытацыі ініцыятывы з магчымым пераследам апанентаў.
У шэрагу краін (Грузія, Украіна, Сербія, Чарнагорыя) палітэмігранты сутыкаюцца з праблемамі легалізацыі і атрымання дазволу на жыхарства. Гэта лагічна рэзануе з кампаніяй АПК і падтрымкай пашпартнай ініцыятывы. Дадзеныя дыяспаральныя групы гатовы далучацца да прасоўвання праекта на міжнародным узроўні і ў сваіх краінах.
Рост рэпрэсій унутры Беларусі дазваляе дэмсілам мабілізаваць еўрапейскіх партнёраў — і гэта таксама спрыяе падвышэнню ўвагі да пашпартнай ініцыятывы. У сумеснай заяве кіраўніка дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Еўрапарламента Юозаса Алекаса і пастаяннага дакладчыка Еўрапарламента па Беларусі Пятраса Аўштравічуса дамінуе заклік да беларускіх улад неадкладна спыніць рэпрэсіі, пераследы і адвольныя затрыманні людзей, а таксама без усялякіх папярэдніх умоў вызваліць палітвязняў і іх сем’і.
Такім чынам, пашпарт Новай Беларусі ўзмоцніць суб’ектнасць кабінета Ціханоўскай і падтрымку сярод апанентаў рэжыму, а таксама паспрыяе кансалідацыі дэмакратычных сіл.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі