en
Люты 12 – Люты 18, 2024
Грамадства і партыі

Крытыка Ціханоўскай: еднасці дэмсілаў прыйшоў канец?

Сітуацыя пагоршылася
Крытыка Ціханоўскай: еднасці дэмсілаў прыйшоў канец?
фота: pikabu.ru

У дэмакратычным руху павялічваецца напружанасць. Нагода — чарговыя спробы асобных апазіцыйных палітыкаў кінуць выклік лідарству Святланы Ціханоўскай. Аднак менавіта яе кааліцыя працягвае вызначаць парадак дня, нягледзячы на звужэнне кола прыхільнікаў на фоне жорсткай аўтарытарнай рэакцыі. Тым не менш апаненты Ціханоўскай, якія застаюцца па-за кааліцыйнымі праектамі (такімі, як Каардынацыйная рада альбо Аб’яднаны пераходны кабінет), намагаюцца кансалідаваць крытыкаў лідаркі. Хай сабе пры гэтым не могуць прасоўваць уласныя наратывы на супольных пляцоўках.

Пратэсная аўдыторыя стамілася ад доўгага супрацьстаяння з рэжымам Лукашэнкі, а таксама адсутнасцю відавочных вынікаў гэтай барацьбы. Частка актывістаў звязвае гэта з расчараваннем ад дзеянняў апазіцыйных топ-палітыкаў і нізкай эфектыўнасцю мэйнстрымавых праектаў, а не жорсткай аўтарытарнай рэакцыяй у краіне. У выніку некаторыя дзеячы перыядычны спрабуюць павялічыць сваю вагу ў дэмакратычным руху праз аб’яднанне аўдыторыі, што незадаволена кааліцыяй Ціханоўскай. 

Пры гэтым самыя радыкальныя крытыкі лідаркі адмаўляюцца ад супрацы альбо кааперацыі. Гэта звязана з асцярогай згубіць уласных сімпатызантаў — людзей, якія расчараваліся ў Ціханоўскай. Тыя ж Пазняк, Цапкала, Балкунец або Вусаў разумеюць: удзел у кааліцыйных праектах (як, напрыклад, КР), хутчэй за ўсе, не прынясе ім дадатковых бонусаў і не падвысіць рэйтынгі, бо іх асноўныя наратывы будуюцца на крытыцы дзеянняў Ціханоўскай і яе паплечнікаў. Болей за тое, наўрад ці гэтыя палітыкі (вядомыя ўльтыматыўнымі падыходамі) навяжуць уласны парадак дня шырокай кааліцыі палітычных і грамадскіх арганізацый. Бо ўзаемадзеянне ўнутры дэмакратычных сілаў збудавана на перамовах і пошуку кампрамісных рашэннях.

Пры гэтым відавочна: папулярнасць і падтрымка дэмакратычнага руху самога па сабе (не толькі кааліцыі на чале з Ціханоўскай) звужаецца да найбольш зацятых апанентаў Лукашэнкі. Як вынік, актывісты пачынаюць пошук альтэрнатыўных праектаў і шляхоў уладнага транзіту ў Беларусі. Аднак радыкальныя крытыкі Ціханоўскай маюць яшчэ меней механізмаў для ўплыву на сітуацыю ўнутры краіны. Тады як на міжнароднай арэне не могуць і блізка параўнацца з дасягненнямі Офіса, АПК або КР.

Нягледзячы на звужэнне кола сімпатызантаў, Ціханоўская захоўвае лідарства. Яна задае парадак дня ў дэмакратычным руху, а таксама кансалідуе шырокую кааліцыю грамадскіх і палітычных арганізацый. Каманда Ціханоўскай стварыла ўстойлівыя кааліцыйныя палітпраекты. З дапамогай Каардынацыйнай рады (2020) і Аб’яднанага пераходнага кабінета (2022) некалькі разоў мінімізавала напружанасць унутры дэмруху. Дарэчы, названыя протаінстытуты самі перажылі некалькі крызісаў (альбо перажываюць — і ў будучым неаднаразова сутыкнуцца з імі), але адаптуюцца да выклікаў і застаюцца запатрабаванымі грамадска-палітычнымі пляцоўкамі (як для дэмарганізацый, так і міжнародных партнёраў).

Для параўнання, аб’яднанне ўльтыматыўных палітыкаў, якія маюць адрозныя каштоўнасныя арыенціры (напрыклад, саюз Пазняка і Вусава з Цапкалам і Балкунцом), наўрад ці з’яўляецца магчымым альбо ўстойлівым — нават калі сітуацыйна гэта адбудзецца.

Варта дадаць: шырокая кааліцыя Ціханоўскай (як і яе крытыкі) амаль праігнаравала выбарчую кампанію ў прадстаўнічыя органы рэжыму. Дэмакратычныя палітыкі канцэнтраваліся на міжнародным парадку дня, санкцыях і рэпрэсіях. Горш за тое, прадстаўнікі дэмруху выступілі з супярэчлівымі выбарчымі тактыкамі: ад ігнору / байкоту да галасавання супраць усіх. У выніку паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі не праводзілася, што разыходзіцца з унутрыбеларускім парадкам дня. У той жа час рэжым Лукашэнкі, наадварот, мабілізаваў бенефіцыяраў дзяржаўнай падтрымкі (як, напрыклад, бюджэтнікаў, работнікаў дзяржкампаній, студэнтаў, пенсіянераў) на галасаванне, што стварыла адпаведную палітызаваную атмасферу ў грамадстве.

Такім чынам, напружанасць паміж дэмакратычнымі арганізацыямі будзе павялічвацца ў выніку барацьбы за рэсурсы, якія працягваюць скарачацца. Гэта звязана ў тым ліку з істотнымі знешнімі абмежаваннямі для дзейнасці дэмсіл (рэпрэсіямі), а таксама дыстанцыянаваннем ад унутрыбеларускага парадку дня.

Вы паспяхова падпісаныя

Падпішыцеся на нашу рассылку

Раз на тыдзень у каардынацыі з групай вядучых беларускіх аналітыкаў мы даем аналітычныя каментары да найбольш актуальных і актуальных пытанняў, у тым ліку да закулісных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, на беларускай, рускай і англійскай мовах.
EN
BE/RU
Падпісацца

Сітуацыя ў Беларусі

Снежань 16 – Снежань 22
Прагледзець усе

Падпішыцеся на нас

Чытаць больш