Кабінет Ціханоўскай кансалідуе дэмактыў, добраахвотнікі павялічваюць уплыў на медыяпавестку
Палітычныя пазіцыі добраахвотніцкіх злучэнняў ва Украіне працягваюць узмацняцца. Хутчэй за ўсё, падтрымка сілавога сцэнару змены рэжыма Лукашэнкі павялічваецца сярод яго апанентаў, што звязана з жорсткімі рэпрэсіямі і абмежаваннямі прыхільнікаў перамен у палітычных правах, у тым ліку звужэннем магчымасцяў для легальнай дзейнасці, і выбарах.
Нягледзячы на пазбаўленне Мінюстам рэгістрацыі апазіцыйных партый напярэдадні выбараў, частка актыва і іх прыхільнікаў могуць прыняць удзел у выбарах у мясцовыя саветы і парламент у якасці самавылучэнцаў праз збор подпісаў. Хутчэй за ўсё, колькасць кандыдатаў ад дэмарганізацый не будзе значнай з-за несупынных рэпрэсій, эміграцыі актыва, абсэнтэізму сярод прыхільнікаў перамен і перавагі байкотнага падыходу.
Праваабаронцы ў калабарацыі з FIDH дабіліся ў Швейварыі правядзення суда над экс-сілавіком па абвінавачанні ва ўдзеле ў “эскадронах смерці” Лукашэнкі. Судовы разгляд мае міжнародны рэзананс, што стварае зручныя ўмовы для праваабаронцаў і дэмсілаў па ўзмацненні ізаляцыі і пераследу рэжыма.
Аднак працэс над экс-сілавіком Лукашэнкі не выклікаў значны розгалас сярод беларускай аўдыторыі і пратэсную мабілізацыю з-за высокага ўзроўню рэпрэсій.
Кааліцыя Ціханоўскай прадпрымае захады па кансалідацыі пратэснага руху і захаванні падтрымкі сярод апанентаў рэжыму Лукашэнкі. Офіс Ціханоўскай распрацаваў Канцэпцыю кампенсацыі шкоды пацярпелым ад рэпрэсій. Першыя EUR 104 тыс. з Марафону салідарнасці, ініцыяванага прадстаўніцай АПК па сацыяльнай палітыцы Гарбуновай, пераведзеныя ў фонды дапамогі палітвязням.
Нягледзячы на станоўчыя вынікі супрацы дэмсіл з урадам Літвы, узрастае напружанасць з боку літоўскага грамадства ў адносінах да беларускіх мігрантаў. Літоўскі саюз стралкоў праз “ліцвінізм” спыніў супрацоўніцтва з беларускім клубам “Ліцвіны” . У значнай ступені гэта звязана з павелічэннем беларускай прысутнасці ў Літве і, адпаведна, перасцярогамі часткі літоўскага грамадства, а таксама спрэчнымі выказваннямі асобных беларускіх палітыкаў.
Нягледзячы на спробы ўсталяваць камунікацыю паміж офісам Ціханоўскай і Зянонам Пазняком, лідар апазіцыі 1990-х гадоў працягвае захоўваць дыстанцыю са спробай аб’яднаць крытыкаў лідаркі дэмакратычнай Беларусі.
Кабінет Ціханоўскай імкнецца ўзмацніць камунікацыю і сувязі з беларускімі добраахвотнікамі ва Украіне. Прадстаўнік па абароне і нацбяспецы АПК Сахашчык перадаў беларускім дэсантнікам з УСУ медалі “За баявыя заслугі” Рады БНР.
Полк Каліноўскага аднаўляе набор рэкрутаў, а таксама паведамляе пра стварэнне ў сваіх шэрагах новага батальёна “Western”. Намеснік камандзіра палка Каліноўскага прапанаваў стварыць беларускі батальён у літоўска-польска-ўкраінскай брыгадзе імя вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага на тэрыторыі Польшчы і Украіны.
Такі чынам, рэпрэсіі і пашырэнне абмежаванняў у палітычных правах працягнуць узмацняць пазіцыі прыхільнікаў сілавога сцэнару змены рэжыма Лукашэнкі.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі