Кабінет Ціханоўскай: кансалідацыя і абарона актыву
Дэмакратычныя сілы карэктуюць падыходы і рыторыку ў дачыненні да “выбараў“ Лукашэнкі. Палітычныя арганізацыі імкнуцца зменшыць рызыкі для актывістаў і прыхільнікаў перамен у сітуацыі нарастання рэпрэсій. Кааліцыя Святланы Ціханоўскай дэманструе поспехі ў дыпламатычным, гуманітарным і юрыдычным кірунках пры абароне сімпатызантаў.
З набліжэннем даты галасавання адной з ключавых тэм у палітычнай прасторы Беларусі становяцца “выбары” Лукашэнкі. Лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская публічна заклікала грамадзян пазбягаць удзелу ў электаральнай кампаніі і ўстрымацца ад пратэстаў. Гэтае рашэнне — адказана рэпрэсіі: кампанія Лукашэнкі праходзіць ва ўзмоцненым рэпрэсіўным фармаце. Рэжым бесперапынна павялічвае ціск на людзей і падаўляе любую актыўнасць.
Заклік да “ігнору” выбараў можа сведчыць аб пераглядзе мабілізацыйнага падыходу ў спробе зменшыць рызыкі для актывістаў і прыхільнікаў перамен. Замест дзеянняў унутры краіны Кабінет Ціханоўскай канцэнтруе намаганні на знешніх інструментах ціску.
У цэнтры ўвагі дэмсіл застаецца пытанне падтрымкі беларусаў у эміграцыі. Польшча ўвяла “асаблівыя меры” для выдачы гуманітарных віз беларусам у Грузіі. Польскі МЗС палягчае працэдуру выдачы гуманітарных віз для актывістаў дэмруху, што знаходзяцца ў Грузіі. Рашэнне — вынік актыўнай дыпламатычнай працы і перамоваў паміж беларускімі дэмсіламі і польскімі ўладамі.
Польскі суд адмовіў рэжыму Лукашэнкі ў экстрадыцыі актывіста Плескачова. Гэты чарговы паспяховы кейс дапамогі з боку Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, што станоўча ўплывае на кансалідацыю дэмакратычнага актыва вакол Ціханоўскай.
Дэмсілы працягваюць актыўна ўзаемадзейнічаць з літоўскімі ўладамі. Гэта мае істотнае значэнне для зняцца напружання ў літоўскім грамадстве ў адносінах да беларусаў. У Вільні пройдзе канферэнцыя “Беларусь – Літва: у будучыню праз агульныя каштоўнасці”. Да мерапрыемства таксама далучацца Ціханоўская і першы віцэ-спікер Сейма Літвы Юозас Олекас.
Дэмсілы імкнуцца змякчыць наступствы міжнароднай ізаляцыі, у якой апынулася беларускае грамадства з-за рэжыму Лукашэнкі (з-за саўдзелу ў крамлёўскай агрэсіі ва Украіне і авіяпірацтва). Кааліцыя Ціханоўскай мультыплікуе досвед стратэгічнага дыялогу з Вашынгтонам. Дэмсілы і ўрад Канады далі старт стратэгічным кансультацыям у Атаве.
Стратэгічны дыялог замацоўвае намеры Вашынгтона да пошуку механізмаў падтрымкі грамадзянскай супольнасці. На сайце Кангрэса ЗША апублікаваны законапраект S.5116, “Bridge Act”. Паводле яго ЗША могуць прызнаць пратэрмінаваныя пашпарты Беларусі і надаць беларусам статус часовай абароны. Гэта стане чарговым інструментам падтрымкі беларусаў, якія не маюць доступу да дзяржаўных паслуг з-за палітычных прычын.
Такім чынам, дэмсілы захоўваюць інфраструктуру падтрымкі і прасоўвання інтарэсаў сімпатызантаў у камунікацыі з заходнімі сталіцамі.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі