en
Студзень 8 – Студзень 14, 2024
Грамадства і партыі

Дэмсілы: ухіленне ад выбарчай канфрантацыі і назапашванне патэнцыялу

Сітуацыя не змянілася
Дэмсілы: ухіленне ад выбарчай канфрантацыі і назапашванне патэнцыялу
Иллюстрация: Р. Дементьев

Выбары-2024 знаходзяцца па-за мэйнстрымам парадку дня дэмакратычных сіл, нягледзячы на тое, што электаральная кампанія ў парламент і мясцовыя саветы ў разгары. Дэмсілы канцэнтруюць высілкі на кансалідацыі прыхільнікаў сілавога сцэнару змены ўлады. Гэта адказ на фактычнае пазбаўленне апанентаў рэжыму электаральных правоў.

Варта адразу адзначыць: сярод дэмсіл адсутнічае адзіны падыход наконт паводзінаў прыхільнікаў перамен падчас дня галасавання.

Асноўная пазіцыя шырокай кааліцыі на чале з Ціханоўскай — ігнараванне або ўхіленне ад любых рэжымных мерапрыемстваў, у тым ліку выбараў. Палітарганізацыі кааліцыі не вылучалі і не падтрымлівалі вылучэнне кандыдатаў. Гэта пазіцыя — вымушаная рэакцыя на жорсткія рэпрэсіі, прававыя абмежаванні і звужэнне ўплыву дэмсіл на ўнутраны парадак дня. Цягам апошніх трох гадоў кіруючы клас зрабіў шмат прававых нарматыўных і практычных захадаў, фармальных і нефармальных дыскрымінацыйных абмежаванняў у адносінах да крытыкаў рэжыму.

Лідарка дэмакратычнай Беларусі Ціханоўская заклікала прыхільнікаў не хадзіць не выбарчыя ўчасткі ў Адзіны дзень галасавання. Гэта рэзаніруе з настроямі ядра прыхільнікаў дэмсіл у Беларусі і эміграцыі.

Аднак частка палітарганізацый імкнецца захаваць мабілізацыйны патэнцыял і ўплыў у дэмруху. Ініцыятыва “Сумленныя людзі” разлічвае ініцыяваць пратэснае галасаванне — і заклікае прыходзіць на ўчасткі, каб выказацца супраць усіх. Аднак наўрад ці гэты пасыл будзе мець істотны ўплыў ці рэзананс у грамадстве. Як мінімум, з-за абмежаванасці рэсурсаў і аўдыторыі такіх ініцыятыў, а таксама з-за канфлікту з мэйнстрымавай пазіцыяй дэмсіл.

Разыходжанні наконт паводзін падчас дня галасавання не ставяць пад пагрозу лідарскія пазіцыі Ціханоўскай, а таксама не выклікаюць павелічэння цэнтрабежных тэндэнцый сярод дэмсіл. Гэта звязана з агульнымі байкотнымі і абсэнтэісцкімі настроямі сярод апанентаў рэжыму — супраць іх сілавікі працягваюць рэпрэсіўную кампанію па дэматывацыі да ўдзелу ў любой грамадска-палітычнай актыўнасці.

Мабілізацыйны патэнцыял дэмакратычнага руху вычарпаны, адсутнічаюць перадумовы для новай пратэснай мабілізацыі грамадства. У дадатак значная частка актыву дэмсіл знаходзіцца ў эміграцыі або зазнала палітычны пераслед і рэпрэсіі.

Варта адзначыць: асобныя палітарганізацыі спрабуюць адаптавацца да зменаў у новай грамадска-палітычнай канфігурацыі. Аднак гэтыя палітактывісты пазбягаюць празмернага публічнага асвятлення дзейнасці, асабліва ў незалежных медыя. Фактычна ўсе незалежныя СМІ трапілі пад пераслед і забарону ў Беларусі — медыя прызнаюцца рэжымам экстрэмісцкімі рэсурсамі з адміністрацыйным і крымінальным пераследам спажыўцоў іх прадукцыі.

Частка актыву ліквідаваных палітпартый або арганізацый прымае ўдзел або падтрымлівае вылучэнцаў у парламент і мясцовыя саветы без празмернага медыйнага асвятлення. Напрыклад, Беларуская партыя “Зялёныя” на чале з Дзмітрыем Кучуком, БСДГ на чале з экс-кандыдатам у прэзідэнты Сяргеем Чэрачнем, “Гавары праўду” або “Наша партыя” з экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Караткевіч і Дзмітрыевым (зараз у вязніцы).

Такім чынам, хутчэй за ўсё, кааліцыя дэмсіл на чале з Ціханоўскай захавае свой падыход: ігнараванне палітычнага календара рэжыму падчас наступных прэзідэнцкіх выбараў і дэлегітымізацыя Лукашэнкі на міжнародным узроўні.

Вы паспяхова падпісаныя

Падпішыцеся на нашу рассылку

Раз на тыдзень у каардынацыі з групай вядучых беларускіх аналітыкаў мы даем аналітычныя каментары да найбольш актуальных і актуальных пытанняў, у тым ліку да закулісных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, на беларускай, рускай і англійскай мовах.
EN
BE/RU
Падпісацца

Сітуацыя ў Беларусі

Верасень 23 – Верасень 29
Прагледзець усе

Падпішыцеся на нас

Чытаць больш