Дэмсілы кансалідуюць прыхільнікаў еўрапейскага выбару, палітарганізацыі прадухіляюць абмежаванні для беларусаў
Дэмсілы захоўваюць увагу да Беларусі з боку кіраўніцтва еўрапейскіх краін, а таксама прасоўваюць агульны наратыў па ізаляцыі і адказнасці рэжыму за рэпрэсіі і саўдзел у вайне. Палітарганізацыі актывізуюць камунікацыю з кіраўніцтвам Польшчы, Літвы і Латвіі, каб прадухіліць пашырэнне абмежаванняў для беларусаў.
Прэзідэнт Германіі звярнуўся да Лукашэнкі з напамінам пра адказнасць за дзеянні.
Польскі аналітык: мы павінны дбаць пра Беларусь роўна столькі ж, як пра Украіну.
З іншага боку, у Літве частка палітычных сіл занепакоена павелічэннем пагрозы бяспецы і настойвае на пашырэнні абмежаванняў у дачыненні да грамадзян Беларусі. Дэмсілы працягваюць камунікацыю з літоўскімі палітыкамі і знаходзяць падтрымку ў Сейме. У офісе прэзідэнта таксама пакуль не лічаць неабходным закрываць мяжу з Беларуссю.
У дэмакратычным руху здарыўся чарговы інцыдэнт, які павялічвае напружанасць і можа паўплываць на рэйтынгі даверу. Палітычнай актывістцы Вользе Карач адмовілі ў міжнароднай абароне ў Літве і назвалі “пагрозай нацыянальнай бяспецы”.
Дэмсілы канцэнтруюць увагу на павестцы незалежнасці і саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне ва Украіне, а таксама кансалідуюць праеўрапейскі настроеную частку грамадства.
Намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка абмеркаваў з прадстаўніцай МЗС Славеніі ўзмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі. НАК працягвае збор сведчанняў пра перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі для далейшага пераследу рэжыму Лукашэнкі Міжнародным крымінальным судом у Гаазе.
Дэмсілы ўмацоўваюць сувязі і камунікацыю з украінскім кіраўніцтвам і грамадзянскай супольнасцю. У медыйнай павестцы палітарганізацый тэматыка вайны і дапамогі Украіне захоўвае значную вагу.
Частка добраахвотнікаў ва Украіне спрабуе стварыць альтэрнатыўны Палку Каліноўскага цэнтр. Байцы беларускіх фармаванняў ва Украіне правялі закрытую сустрэчу ў Кіеве, дзе вырашылі запусціць краўдфандынг для сем’яў загінулых беларусаў.
У сваю чаргу Полк Каліноўскага ўзмацняе пазіцыі ў парадыгме адносін з украінскім кіраўніцтвам. Некалькі дзясяткаў каліноўцаў атрымалі ўкраінскія ўзнагароды да ўгодкаў аднаўлення ў 1991 годзе дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.
Частка палітарганізацый пачала падрыхтоўку да выбарчай кампаніі праз камунікацыю з аўдыторыяй. Суполка “Сумленныя людзі” на чале з віцэ-спікеркай КР Аленай Жываглод прыцягвае ўвагу сімпатызантаў да дзейнасці дэпутатаў парламента і мабілізуе ціск на чальцоў Палаты прадстаўнікоў.
Сярод палітарганізацый пераважаюць байкотныя настроі і намеры ігнараваць выбарчую кампанію ўнутры краіны. Аднак сярод дэмсіл агучваюцца намеры арганізаваць выбары ў Каардынацыйную Раду для павелічэння вагі гэтага інстытута.
Такім чынам, уплыў дэмсіл на павестку ўнутры краіны змяншаецца, а ўвага канцэнтруецца на кансалідацыі прыхільнікаў еўрапейскага выбару.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі