Дэмсілы: “акно ў Еўропу” падчас чакання “акна магчымасцей”
Дэмсілы вяртаюцца да ігнаравання электаральнага графіка рэжыму Лукашэнкі. Хутчэй за ўсё, гэта тычыцца і ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі-2025. У той жа час кабінет Ціханоўскай дэманструе поспехі ў адстойванні інтарэсаў прыхільнікаў у камунікацыі з Захадам.
Каманда Ціханоўскай прапанавала прыхільнікам план на Адзіны дзень галасавання. Стратэгія паводзін адпавядае прапановам Аб’яднанай грамадзянскай партыі падчас байкоту парламенцкіх выбараў-2012 (гэты падыход быў адказам на разгром грамадзянскай супольнасці, што адбыўся пасля пратэстаў у сталіцы ў 2010 годзе).
Як і падчас прэзідэнцкіх выбараў-2015, дэмсілы, хутчэй за ўсё, ухіляцца (або будуць вымушаны адмовіцца) ад паўнавартаснага ўдзелу ў кампаніі 2025 года — і засяродзяцца на чаканні чарговага крызісу лукашэнкаўскай сістэмы. Акно магчымасцяў у апанентаў рэжыму можа з’явіцца пасля аслаблення рэпрэсій і лібералізацыі — у тым ліку праз допуск прадэмакратычных палітыкаў да ўдзелу ў выбарах (але, хутчэй за ўсё, не палітэміграцыі).
Адзін з найбольш верагодных сцэнароў узмацнення пазіцый дэмсіл у грамадстве —сур’ёзныя пратэсты сацыяльна-эканамічнага характару ў міжвыбарчы перыяд. Рост напружанасці ў такіх выпадках звычайна правакуюць рэзанансныя непапулярныя рашэнні кіруючага класа. Яны тлумачацца асаблівай нягнуткасцю і нячуйнасцю ўлады праз зніжэнне зваротнай сувязі з насельніцтвам. У сучасных рэаліях гэта можа здарыцца пасля вычарпання эфекту вайны ва Украіне на беларускае грамадства.
Дэмсілы застаюцца дастаткова эфектыўнымі ў прасоўванні супольнага парадку дня на міжнародных пляцоўках. Падчас сесіі ПА АБСЕ Ціханоўская заклікала да ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі — у тым ліку непрызнання вынікаў выбараў-2024. Дэмсілы разлічваюць падвысіць узровень супрацы і атрымаць статус назіральнікаў у ПА АБСЕ.
Падчас сустрэчы з кіраўніцай АПК Ціханоўскай міністр замежных спраў Аўстрыі Шаленберг засведчыў: Аўстрыя будзе прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты сапраўднымі.
Прысутнасць і ўплыў на міжнародных пляцоўках з’яўляюцца ў значнай ступені крэдытам даверу да Ціханоўскай, якую заходнія палітыкі ўспрымаюць лідаркай беларускага дэмакратычнага руху. Разбурэнне гэтага статусу можа істотна пагоршыць пазіцыі беларусаў у камунікацыі з еўрапейскімі і амерыканскімі партнерамі.
Такім чынам, дэмсілы сканцэнтруюць увагу на захаванні лаяльнасці прыхільнікаў і змякчэнні эфектаў аўтарытарнай рэакцыі на апанентаў рэжыму.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі