Дэмсілы абмяжоўваюць міжнародныя кантакты рэжыму, НАУ ініцыюе міжнародны пераслед сілавікоў Лукашэнкі
Дэмсілы ўплываюць на палітыку заходніх урадаў у адносінах да рэжыму. Гэта робіцца праз кансультацыі, кантакты і ўдзел у мерапрыемствах міжнародных арганізацый лідара дэмакратычнай Беларусі Ціханоўскай, прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады і палітарганізацый. У выніку кансалідаваных дзеянняў дэмсілы падтрымліваюць міжнародную ізаляцыю Лукашэнкі, а таксама ў супрацы з заходнімі партнёрамі ўзмацняюць ціск — у тым ліку ініцыююць міжнародны вышук сілавікоў па абвінавачанні ў гвалце супраць апанентаў улады.
Дэмсілы ў супрацы з міжнароднымі праваабаронцамі факусуюць увагу міжнародных арганізацый на рэпрэсіях у Беларусі. Спецдакладчык ААН Анаіс Марэн адзначыла пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і выкарыстанне “антыэкстрэмісцкіх законаў” для знішчэння апазіцыі.
Лідар дэмакратычнай Беларусі Ціханоўская прасоўвае павестку дэмсіл на Парламенцкай асамблеі краін Паўночнаатлантычнага альянсу ў Даніі.
АПК імкнецца дэматываваць ахоўнікаў рэжыму і зменшыць падтрымку Лукашэнкі ў сілавым блоку пагрозай міжнароднага пераследу. Хутчэй за ўсё, гэта паўплывае на асобных прадстаўнікоў сілавога блоку ў выпадку эфектыўнай інфармацыйнай кампаніі. НАУ пад кіраўніцтвам Латушкі дамаглося поспеху ў аб’яўленні ў вышук польскімі пракурорамі шэрагу сілавікоў, якія абвінавачваюцца ў гвалце на тэрыторыі Беларусі. У сваю чаргу, гэтыя захады выклікаюць заклапочанасць з боку Лукашэнкі.
НАУ дапамагае людзям, якія пацярпелі ў Беларусі ад сілавікоў, звярнуцца ў пракуратуры Чэхіі, Нямеччыны, Украіны, Літвы і іншых краін. Дзейнасць НАУ і намесніка кіраўніцы Кабінета Латушкі, хутчэй за ўсё, павышаюць агульныя рэйтынгі даверу да ініцыятыў дэмсіл па абароне прыхільнікаў перамен.
Дэпутата лукашэнкаўскай Палаты прадстаўнікоў Дзяніса Карася не пусцілі ў Польшчу. НАУ ў пачатку 2023 года ініцыявала ўнясенне ў нацыянальны санкцыйны спіс Польшчы больш за 340 грамадзян Беларусі, адказных за масавыя рэпрэсіі.
Дэмсілы працягваюць фармуляваць каштоўнасныя падыходы для прыцягнення ўвагі і кансалідацыі сімпатызантаў. Ціханоўская выказалася за адмену смяротнага пакарання пасля змены рэжыму Лукашэнкі.
У дэмакратычным руху шырыцца дыскусія аб абранні новага складу Каардынацыйнай рады на фоне падрыхтоўкі рэжыму да выбараў у парламент і мясцовыя саветы. Аднак наўрад ці абранне кандыдатаў у КР стане альтэрнатывай лукашэнкаўскім выбарам у прадстаўнічыя органы. Хутчэй за ўсё, дэмсілы змогуць ангажаваць толькі частку грамадства — галоўным чынам, актывістаў, што знаходзяцца ў эміграцыі.
У сваю чаргу дэмрух унутры краіны значна аслаблены працяглымі і несупыннымі рэпрэсіямі, а таксама эміграцыяй актыву.
Такім чынам, дэмсілы ігнаруюць правядзенне выбарчай кампаніі ў прадстаўнічыя органы рэжыму. Тым не менш, асобныя палітарганізацыі будуць падтрымліваць альтэрнатыўных самавылучэнцаў у дэпутаты парламента і мясцовых саветаў.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі