Дэмакратычныя сілы: праскочыць “выбары” без страт
Палітычныя арганізацыі імкнуцца скарыстацца вузкім калідорам магчымасцяў падчас прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнкі. Стратэгічны дыялог з ЗША ўмацоўвае пазіцыі дэмакратычных сіл і ўплывае на выпрацоўку Вашынгтонам палітыкі ў адносінах да Беларусі. Кааліцыя Святланы Ціханоўскай спрыяе захаванню кансэнсусу сярод літоўскіх палітыкаў наконт стратэгіі стасункаў з Беларуссю.
Нягледзячы на рэпрэсіі, палітызацыя беларускага грамадства ўзрастае: напрыклад, ад прыхільнікаў перамен існуе запыт на адзінае пасланне ад дэмакратычных сілаў у дачыненні да электаральнай кампаніі. Каб задаволіць гэты запыт, прадстаўнікі дэмсіл запісалі да беларусаў зварот наконт “бязвыбараў-2025”. У сітуацыі рэпрэсій палітарганізацыі імкнуцца захаваць мабілізацыйны патэнцыял. Яны прапануюць найбольш бяспечныя варыянты дзеяння для сімпатызантаў. У сваю чаргу ігнараванне актыўнай палітычнай кампаніі вядзе да далейшага звужэння аўдыторыі дэмсіл.
Прэтэндэнтка на пасаду прэзідэнта Канапацкая працягвае пазіцыянаванне ў якасці прыхільніцы нацыянал-дэмакратычных каштоўнасцей. Яе мэтавая аўдыторыя —найбольш пратэсныя групы насельніцтва. Інтарэсы менавіта гэтых груп з 2020 года прадстаўляюць дэмсілы на чале са Святланай Ціханоўскай.
Грамадзянскую супольнасць непакоіць магчымасць перагляду падыходаў Вашыгтона ў стасунках з афіцыйным Мінскам. Аднак другі раўнд стратэгічнага дыялогу падмацаваў трэнд на падтрымку грамадзянскай супольнасці і дэмсіл у бліжэйшай перспектыве. ЗША заклікалі да безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі. У той жа час прыняцце Акту аб дэмакратыі ў Беларусі зацягваецца, хаця прадстаўнікі дэмсіл актывізуюць высілкі ў камунікацыі з амерыканскімі палітыкамі.
Паводле заявы віцэ-спікера сейма Юозаса Алексы, Літва працягне падтрымліваць дэмакратычную Беларусь. Дэмсілы імкнуцца ўзаемадзейнічаць з літоўскімі палітыкамі на розных узроўнях — у тым ліку праз арганізацыю супольных мерапрыемстваў. Апошні прыклад — канферэнцыя “Беларусь — Літва: у будучыню праз агульныя каштоўнасці”. Такія дыялогі змякчаюць напружанасць у літоўскім грамадстве ў адносінах да беларусаў і, адпаведна, захоўваюць пазітыўнае стаўленне да дэмсіл.
Аднак у дэмсілах аднаўляецца дыскусія наконт перагляду стратэгіі паводзін у адносінах да рэжыму Лукашэнкі. У дэмакратычным руху ўзмацняюцца галасы ў падтрымку змякчэння рыторыкі. Асобнымі актывістамі агучваецца ідэя аб роспуску інстытутаў кааліцыі Ціханоўскай. У медыяпрасторы з’яўляюцца разважанні аб зняцці абмежаванняў у пэўных сферах у абмен на вызваленне палітвязняў — напрыклад, “спартовых санкцый”.
Павялічваецца ўзаемадзеянне добраахвотнікаў з Украіны з дэмакратычнымі сіламі. Гэта ўзмацняе патэнцыял абодвух бакоў — у тым ліку ўключае абарону інтарэсаў беларускіх ваяроў у парадак дня дэмсіл. Першапачаткова добраахвотнікі дастаткова насцярожана ставіліся да лідарства Ціханоўскай у дэмакратычным руху, як і да разнастайных кааліцыйных утварэнняў. З боку прадстаўнікоў Палка Каліноўскага гучала крытыка дэмсіл, а каліноўцы дэкларавалі намер стаць палітычным цэнтрам. Аднак гэтага не здарылася.
Такім чынам, у дэмакратычным руху адбываецца збліжэнне паміж добраахвотнікамі і палітарганізацыямі. Гэта ўзмацняе пазіцыі абодвух бакоў у камунікацыі з заходнімі сталіцамі і Украінай.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі