Дэмакратычныя сілы: міжнародная ізаляцыя рэжыму і змяншэнне ўплыву на ўнутрыпалітычны парадак дня
Святлана Ціханоўская застаецца лідарам у фармаванні агульнага парадку дня грамадзянскай супольнасці ў камунікацыі з Захадам. Дэмсілы фармуюць міжнародны кансэнсус адносна да непрызнання “выбараў“ Лукашэнкі і ізаляцыі кіруючага класа. Аднак у дэмакратычным руху расце крытыка мэйнстрымавага падыходу ціску на рэжым.
Былы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі раскрытыкаваў падыходы каманды Ціханоўскай па міжнароднай ізаляцыі Лукашэнкі і ўзмацненні ціску на рэжым. Дыпламат салідарызаваўся з прыхільнікамі дээскалацыі адносін з кіруючым класам. Аднак крытыкі Ціханоўскай пакуль не сфармавалі ўстойлівую кааліцыю, каб узмацніць уплыў унутры дэмакратычнага руху.
Змякчэнне рыторыкі і перагляд стратэгіі ціску наўрад ці будуць папулярнымі сярод прадэмакратычнага ядра. У немалой ступені гэта звязана з захаваннем высокага ўзроўню рэпрэсій у краіне, як і спробы сілавікоў запалохаць палітэміграцыю.
Кабінет Ціханоўскай скарыстаўся падвышэннем палітызацыі грамадства для кансалідацыі сімпатызантаў. Дэмсілы правялі супольны форум “Беларусы годныя лепшага” з удзелам дыпламатаў і медыя, а таксама мабілізавалі дыяспару на пратэстныя акцыі. Па ўсім свеце палітэмігранты зладзілі мерапрыемствы салідарнасці супраць “бязвыбараў”. Гэта выразна кантрастуе са спробамі прыхільнікаў дээскалацыі або “перагортвання старонкі” зладзіць нейкія ўласныя івэнты. Так, давераная асоба кандыдаткі ў прэзідэнты Канапацкай і палітэмігрант Ілля Дабратвор адмовіўся ад правядзення пікету ў Варшаве з-за грамадскага ціску.
Дэмсілы захоўваюць узровень падтрымкі для грамадзянскай супольнасці з боку ЕС. Кабінет Ціханоўскай спрабуе карэктаваць негатыўныя наступствы для беларусаў з-за санкцый Захаду супраць Лукашэнкі. Так, Ціханоўская правяла сустрэчы з лідарамі краін ЕС на міжнародным форуме ў Давосе. Тэмы размоў – павелічэнне колькасці віз, падтрымка палітзняволеных і падтрымка грамадзянскай супольнасці.
Дэмсілы дамагаюцца поспехаў у дыпламатычных кантактах з Захадам. Ацэнка краінамі ЕС прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі адпавядае тэзісам, якія прасоўвае Кабінет Ціханоўскай. Еўракамісія, як і шэраг заходніх краін, прызналі выбары і галасаванне неадпаведнымі дэмакратычным стандартам.
Дэмсілы адмовіліся ад мабілізацыі прыхільнікаў на пратэсныя дзеянні. Гэта адпавядае настроям у грамадстве, якое вярнулася ў стан палітычнай апатыі.
Міжнародны ціск на рэжым Лукашэнкі ўзрастае. “Рэпарцёры без межаў” падалі пазоў на Лукашэнку ў Міжнародны крымінальны суд. ААН скіравала Беларусі ліст з абвінавачаннямі наконт парушэнняў падчас правядзення завочных судоў.
Такім чынам, дэмсілы сутыкнуцца з узмацненнем крытыкі і патрабаванняў па карэктыроўцы стратэгіі ціску ў выпадку змякчэння рэпрэсій.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі