Дэмакратычныя сілы ізалююць рэжым у міжнародных дачыненнях, Каардынацыйная рада спрабуе ўзмацніць уплыў у дэмакратычным руху
Дэмакратычныя сілы падтрымліваюць кантакты з высокімі прадстаўнікамі заходніх сталіц і захоўваюць уплыў на выпрацоўку адносін у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, а таксама павялічваюць міжнароднае прызнанне і супрацу дэмакратычных арганізацый з заходнімі партнёрамі.
Ціханоўская выступіла на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы і сустрэлася з канцлерам Германіі Олафам Шольцам, а таксама з прадстаўнікамі еўрапейскіх краін агульных інстытутаў ЕС. Лідар дэмакратычнай Беларусі акцэнтавала ўвагу на неабходнасці стварэння міжнароднай кааліцыі ў падтрымку незалежнай Беларусі і ўзмацнення міжнароднай легітымнасці дэмсіл.
Экс-сілавікі з ByPOL супрацоўнічаюць з Інтэрполам, каб запэўніць верыфікацыю ўсіх запытаў, якія дасылае рэжым у гэтую арганізацыю. АПК праводзіць перамовы на розных пляцоўках, каб перашкодзіць Лукашэнку на выбарах у Раду бяспекі ААН.
Сенат Чэхіі заклікаў урад гэтай дзяржавы прызнаць КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм.
Кабінет Ціханоўскай працягвае ўзмацняць міжнародныя пазіцыі і разлічвае паступова кампенсаваць палітэмігрантам паслугі і гарантыі, у якіх ім адмаўляе дзяржава Лукашэнкі. Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі заявіў, што Кабінет можа пачаць выдаваць альтэрнатыўныя пашпарты для беларусаў ужо ў гэтым годзе. Ціханоўская абмеркавала пытанне пашпартоў новай Беларусі з кіраўніцай Еўракамісіі.
Дэмсілы падтрымліваюць увагу агульнаеўрапейскіх інстытуцый да сітуацыі ў Беларусі па павестцы грамадзянскай супольнасці. У Еўрапарламенце абмеркавалі палітвязняў, санкцыі і візіт міністра замежных справаў Венгрыі Петэра Сіярта ў Мінск.
АПК падтрымаў рашэнне ўрада Польшчы аб закрыцці грузавога памежнага пераходу Баброўнікі-Бераставіца. Аднак санкцыйная рыторыка дэмсіл можа разыходзіцца з меркаваннем значнай часткі беларускага грамадства, якое не падтрымлівае пашырэнне санкцый і/або скарачэнне кантактаў звычайных беларусаў з еўрапейцамі.
АПК працягвае прыцягваць да сябе медыйную ўвагу неадназначнымі захадамі, гэтым разам у сувязі з зацверджаным Кабінетам медалём “Гонар і Годнасць”.
Абноўленая Каардынацыйная рада спрабуе павялічыць свой уплыў і ролю ў дэмакратычным руху, у тым ліку выпрацоўку агульнай пазіцыі дэмакратычных сіл і Кабінета Ціханоўскай.
У дэмакратычным руху назіраецца чарговае расчараванне заявамі прадстаўніка Офісу прэзідэнта Украіны ў адносінах да супрацы з беларускімі дэмсіламі. Аднак Кабінет Ціханоўскай не адмаўляецца ад спробаў наладзіць кантакты з украінскімі ўладамі.
Такім чынам, дэмсілы працягнуць кансалідацыю палітычнай эміграцыі і рэлакаванага бізнесу, аднак уплыў на ўнутраную павестку ў Беларусі застаецца абмежаваным з-за несупынных рэпрэсій і абмежаванняў.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі