en
Верасень 18 – Верасень 24, 2023
Грамадства і партыі

Ціханоўская ўмацоўвае дыпламатычныя кантакты, дэмсілы ігнаруюць выбарчую тэматыку

Сітуацыя не змянілася
Ціханоўская ўмацоўвае дыпламатычныя кантакты, дэмсілы ігнаруюць выбарчую тэматыку
Фото: t.me/tsikhanouskaya

Дэмсілы канцэнтруюць увагу на абароне інтарэсаў палітэміграцыі, ізаляцыі рэжыму і ўмацаванні міжнародных сувязяў. Аднак увага палітарганізацый да ўнутрыбеларускага парадку дня застаецца перыферыйнай з-за адсутнасці механізмаў уплыву на сітуацыю. Дэмсілы пазбягаюць у публічнай прасторы абмеркаванняў выбараў у парламент і мясцовыя саветы, нягледзячы на набліжэнне старту электаральнай кампаніі.

Кабінет Ціханоўскай працягвае ўмацоўваць пазіцыі ў кансалідацыі дыяспар. Падтрымка Офіса з боку палітэмігрантаў павялічваецца на фоне скарачэння дыпламатычных паслуг і пазбаўлення крытыкаў Лукашэнкі грамадзянскіх правоў.

Дэмсілы факусуюць увагу міжнароднай супольнасці на сітуацыі з рэпрэсіямі і пагрозах рэгіянальнай бяспецы з боку рэжыму. У выніку пазіцыі Ціханоўскай у дэмруху ўзмацняюцца. Гэта спрашчае камунікацыю з урадамі заходніх краін па легалізацыі беларускіх эмігрантаў і прызнанні пашпартоў “Новай Беларусі”.

Ціханоўская прапанавала Еўракамісіі распрацаваць рэкамендацыі для ЕС па легалізацыі беларусаў. Падтрымка дэмсіл у асяроддзі прыхільнікаў перамен можа ўзрасці пры правядзенні паспяховай кампаніі па міжнародным прызнанні пашпарта “Новай Беларусі”.

На Генасамблеі ААН Ціханоўская выступіла падчас дыскусіі “Пагроза незалежнасці Беларусі і міжнародны адказ” з удзелам міністраў замежных спраў Літвы, Славакіі і Ісландыі, дзяржаўнага міністра МЗС Германіі і іншых еўрапейскіх палітыкаў.

У ААН заслухаюць даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з удзелам дарадцы Ціханоўскай па прававых пытаннях.

Тэматыка выбараў у парламент і мясцовыя саветы 2024 не стаіць на парадку дня дэмсіл. Па ўсёй верагоднасці, сярод прыхільнікаў дэмарганізацый пераважаюць абсэнтэістычныя настроі, што сталася вынікам рэпрэсій і захадаў ахоўнікаў рэжыму Лукашэнкі па дэпалітызацыі апанентаў.

Тым не менш, частка палітарганізацый (у тым ліку, некаторыя з пазбаўленых рэгістрацыі палітпартый) разлічваюць падтрымліваць сваіх вылучэнцаў у дэпутаты. Кандыдаты, хутчэй за ўсё, будуць пазыцыянаваць сябе як незалежныя — без афіліяцыі з палітычнымі партыямі з-за рызыкі рэпрэсій.

Сілавікі з BELPOL праводзяць расследаванне наконт меркаванага новага палацу Лукашэнкі, што выклікае рэзананс у грамадстве і агрэсіўную рэакцыю палітыка. Аднак уплыў незалежных медыя на грамадскую думку ў Беларусі скарачаецца. А жорсткія захады ахоўнікаў рэжыму працягваюць дэматываваць прыхільнікаў перамен і сцішваюць распаўсюд незалежнай інфармацыі.

Такім чынам, пазбаўленыя рэгістрацыі партыі працягнуць унутрыарганізацыйную актыўнасць. Яны ператворацца ў нефармальныя групоўкі і/або аргкамітэты з падтрыманнем камунікацыі са сваімі сімпатызантамі.

Вы паспяхова падпісаныя

Падпішыцеся на нашу рассылку

Раз на тыдзень у каардынацыі з групай вядучых беларускіх аналітыкаў мы даем аналітычныя каментары да найбольш актуальных і актуальных пытанняў, у тым ліку да закулісных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, на беларускай, рускай і англійскай мовах.
EN
BE/RU
Падпісацца

Сітуацыя ў Беларусі

Лістапад 11 – Лістапад 17
Прагледзець усе

Падпішыцеся на нас

Чытаць больш