Ціханоўская-2025: сувязны элемент архітэктуры дэмакратычных сіл
Кабінет Святланы Ціханоўскай падвышае медыйную ўвагу і зацікаўленасць актывістаў да форума сваіх прыхільнікаў “Беларусы годныя лепшага” з дапамогай праекта “Пашпарт новай Беларусі”. У той жа час крытыка падыходу Аб‘яднанага пераходнага кабінета (АПК) па ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі расце па меры набліжэння даты галасавання. Тым не менш Ціханоўская захоўвае лідарства ў фармаванні агульнага парадку дэмакратычных сіл: яна застаецца сувязным элементам у кааліцыйнай архітэктуры.
Дэмакратычныя сілы спрабуюць прыцягнуць увагу да форуму “Беларусы годныя лепшага” і мабілізаваць сваіх прыхільнікаў. Кабінет Святланы Ціханоўскай актуалізуе праект стварэння “Пашпарта Новай Беларусі” і заяўляе пра пачатак прыёму заяў на яго атрыманне падчас мерапрыемства 26-га студзеня. Яно, адзначым, пройдзе ў піку дня галасавання на выбарах Лукашэнкі. Аднак праект патрапіў пад крытыку за змену канцэпцыі з боку яго ініцыятара — былога намесніка кіраўніка АПК Валера Кавалеўскага. Цяпер пашпарт мае хутчэй сімвалічнае значэнне, так як не мае прызнання як падарожны дакумент з боку іншых краін.
Менавіта ў якасці замены афіцыйнаму дакументу “Пашпарт новай Беларусі” прывабліваў палітычных эмігрантаў, якія трапілі пад дыскрымінацыю з боку рэжыму Лукашэнкі. Аднак за гэты час актывісты за мяжой адаптаваліся да абмежаванняў — і страцілі веру ў эфектыўнасць ініцыятывы. Таму дэмсілам даводзіцца шукаць усё новыя механізмы абароны інтарэсаў сімпатызантаў у камунікацыі з заходнімі сталіцамі.
У дэмакратычным руху павялічваецца ўзаемная крытыка і напружанасць. Ветэран апазіцыйнай палітыкі Зянон Пазняк выступіў з асуджэннем падыходаў Кабінета Ціханоўскай па ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі. Палітык спрабуе ўзмацніць вагу прыхільнікаў дээскалацыі рыторыкі — і скарэктаваць агульны парадак дня дэмсіл. Пазняк спрабуе аслабіць у Кабінеце Ціханоўскай пазіцыі Паўла Латушкі — найбольш аўтарытэтнага прыхільніка ціску на рэжым. У той жа час палітык-ветэран пазбягае наўпроставай крытыкі лідаркі дэмакратычнай Беларусі Ціханоўскай.
Прыхільнікі дээскалацыі адносін з рэжымам Лукашэнкі не могуць сфармаваць устойлівы альянс і, адпаведна, пахіснуць лідарскія пазіцыі Ціханоўскай. Апазіцыя ў дачыненні да мэйнстрымавай кааліцыі — сітуацыйная, з істотнымі супярэчнасцямі, і гэта перашкаджае аб’яднанню. Так, той жа Пазняк з падазрэннем ставіцца што да каманды экс-кандыдата ў прэзідэнты Бабарыкі, што да кааліцыі экс-старшыні Каардынацыйнай рады Ягорава. У сваю чаргу гэтыя палітычныя групы з прадстаўніцтвам ў Радзе таксама не сфармавалі ўстойлівага партнёрства.
Такім чынам, Святлана Ціханоўская захоўвае ключавыя пазіцыі ў фармаванні агульнага парадку дня дэмруху пасля сканчэння прэзідэнцкай кампаніі.
Падпішыцеся на нашу рассылку
Сітуацыя ў Беларусі