en
Студзень 1 – Студзень 7, 2024
Грамадства і партыі

2023: аб’яднанне дэмакратычных сіл; 2024: больш жорсткая рыторыка ў дачыненні да рэжыму

Сітуацыя пагоршылася
2023: аб’яднанне дэмакратычных сіл; 2024: больш жорсткая рыторыка ў дачыненні да рэжыму
Фота: t.me/tsikhanouskaya

Шырокая кааліцыя на чале з Ціханоўскай захавала лідарскія пазіцыі ў дэмакратычным руху, нягледзячы на выклікі з боку іншых апазіцыйных цэнтраў і дэпалітызацыі грамадства. Найбольшых поспехаў атрымалася дасягнуць у развіцці “стратэгічнага дыялогу” з афіцыйным Вашынгтонам і камунікацыі з еўрапейскімі сталіцамі — у тым ліку па адстойванні інтарэсаў эміграцыі і ізаляванні рэжыму Лукашэнкі. Аднак уплыў дэмакратычных арганізацый на ўнутрыпалітычны парадак дня вярнуўся на ўзровень да перадрэвалюцыйнага стану 2020 года.

Дэмакратычны рух пазбег фрагментацыі і спаўзання ў стан “вайны ўсіх супраць усіх” — гэта адна з галоўных перамог кааліцыі на чале з Ціханоўскай у 2023-м. Аднак пры гэтым альянс пастаянна сутыкаўся з выклікамі іншых апазіцыйных цэнтраў ды амбіцыйных палітыкаў.

У 2023-м кааліцыя сфакусавалася на аб’яднанні прыхільнікаў еўраатлантычнай інтэграцыі — у першую чаргу, палітэмігрантаў і дыяспары. Адначасова ў дэмакратычным руху ўзмацнілася жорсткая рыторыка ў адносінах да рэжыму. Яна стала адказам на несупынныя рэпрэсіі і адмову Лукашэнкі ад дыялогу.

Пратэсная актыўнасць паступова згасала, што сталася вынікам стомленасці актыву з-за доўгай канфрантацыі з рэжымам без відавочных вынікаў. Акрамя таго, на стан людзей паўплывала прызвычайванне да новай палітычнай рэальнасці. Паводле даследавання незалежных сацыёлагаў, колькасць заўзятых супернікаў Лукашэнкі знізілася з 21% (2022) да 10% (2023).

У выніку кааліцыя Ціханоўскай адмовілася ад удзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы, прызначаных на люты 2024-га. Жорсткія рэпрэсіі, эміграцыя і дэпалітызацыя актыву значна абмежавалі ўплыў дэмсіл на ўнутраны парадак дня і мабілізацыйны патэнцыял грамадства. Палітарганізацыі з кааліцыі не выпрацавалі адзінага падыходу да ўдзелу ў галасаванні — і прапанавалі сімпатызантам супярэчлівыя мадэлі паводзін. Варыянты вагаюцца ад ігнаравання ўдзелу ў рэжымных мерапрыемствах (агульная пазіцыя, якую агучыла Ціханоўская) да мабілізацыі на пратэснае галасаванне (“Сумленныя людзі”).

Кабінет Ціханоўскай канцэнтраваў высілкі на санкцыях, дэлегітымізацыі і ізаляцыі Лукашэнкі, міжнародным пераследзе ахоўнікаў рэжыму за рэпрэсіі і гвалт. Акрамя таго, дэмсілы рабілі акцэнт на ўзмацненне міжнароднай суб’ектнасці, падрыхтоўцы кадраў на выпадак дэмакратычнага транзіту ў Беларусі, дапамозе палітзняволеным і падтрыманні нацыянальнай культуры. Рабіліся захады па развіцці сілавога блока дэмакратычнага руху.

АПК анансаваў адну з найбольш папулярных ініцыятыў – пашпарт Новай Беларусі. Праект падняў рэйтынгі кааліцыі Ціханоўскай сярод апанентаў рэжыму, у першую чаргу сярод прадстаўнікоў эміграцыі.

Дэмсілы наладзілі паспяховую супрацу з Радай Еўропы. У рабоце кантактнай групы РЕ ўдзельнічаюць дэмакратычныя арганізацыі на ратацыйнай аснове. Камітэт Міністраў Савета Еўропы распрацаваў план з 15 пунктаў, які мае намерам падтрымаць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і палітычных арганізацый.

Ціханоўская вывела на ўзровень “стратэгічнага дыялогу” стасункі дэмакратычных сіл з ЗША. Палітык выступіла ў Кангрэсе і правяла шэраг сустрэч з высокімі чыноўнікамі з Вашынгтона.

Палітарганізацыі ўзмацнілі кантакты з кіраўніцтвам краін постсавецкай прасторы, што прынесла відавочны плён. Ціханоўская ўпершыню наведала з афіцыйным візітам краіну СНД — Малдову — па запрашэнні прэзідэнткі Маі Санду.

Сілавікі з BYPOL пасля атрымання крэдыту даверу, у тым ліку па выніках лютаўскай атакі на расійскі ДРЛВ А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах, цягам года зазналі істотныя рэпутацыйныя страты. Унутраныя спрэчкі прывялі да адыходу ад арганізацыі шэрагу актывістаў і стварэнні альтэрнатыўнай структуры з падобнай назвай, BELPOL.

Істотныя прэтэнзіі на палітычнае лідарства ў дэмакратычным руху заяўлялі старажыл апазіцыйнай палітыкі Зянон Пазняк, а таксама добраахвотнікі з Палка Каліноўскага. На пачатку года лідар апазіцыі БНФ 1990-х у кааперацыі з ваярамі спрабаваў перахапіць лідарства ў Ціханоўскай. Аднак сумесны праект Пазняка з “каліноўцамі” пад назвай “Рада бяспекі” цягам года развіцця не атрымаў.

На працягу года кааліцыя Ціханоўскай і Полк Каліноўскага неаднаразова спрабавалі знайсці кропкі судакранання і напрацавалі пэўны ўзровень даверу. Аднак пасля шэрагу няўдалых спробаў наладзіць супрацоўніцтва з ваярамі Кабінет Ціханоўскай ініцыяваў стварэнне новай беларускай часткі ва ўзброеных сілах Украіны.

У адказ Полк Каліноўскага працягнуў умацоўваць сваю палітычную суб’ектнасць. Напрыканцы 2023 года ваяры сабралі ў Кіеве на канферэнцыі “Шлях да волі” шырокае прадстаўніцтва дэмсіл — у тым ліку антаганістаў: офіс Ціханоўскай, АПК, КР, рух “Вольная Беларусь” з Зянонам Пазняком, НАУ і іншых.

Важна адзначыць: нягледзячы на ўнутраныя супярэчнасці, дэмсілы кансалідавалі сімпатызанатаў — і плённа супрацьстаялі спробам ахоўнікаў рэжыму ўнесці раскол у дэмрух. Так, правалілася ініцыятыва пракурора Шведа па стварэнні камісіі па вяртанні: беларусы наўпрост праігнаравалі яе працу.

Каардынацыйная рада павялічыла ўплыў на парадак дня дэмакратычнага руху пасля пашырэння складу на пачатку 2023-га. Аднак гэты інстытут, хутчэй за ўсё, атрымаў і найбольшыя антырэйтынгі. Давер да КР падрывалі характэрныя для дэмакратычнага працэсу, але незвычайныя для беларусаў публічныя спрэчкі і дэбаты. У пэўныя перыяды абвастралася крытыка Рады з боку асобных папулярных палітыкаў з персанальнымі праектамі — напрыклад, Паўла Латушкі з НАУ. А пад канец 2023-га ўзмацнілася барацьба між дэмакратычнымі арганізацыямі напярэдадні чарговых выбараў дэлегатаў у КР. Гэта таксама негатыўна адбілася на рэйтынгах палітычнага інстытуту.

Дэмсілам бракуе магчымасцей, каб прыцягнуць да выбараў у КР шырокую аўдыторыю. Абмежаванні абгрунтоўваюцца бяспекай выбарцаў і кандыдатаў, рэпрэсіямі і экспрапрыяцыямі маёмасці ў апанентаў Лукашэнкі, а таксама скарачэннем аўдыторыі незалежных СМІ.

Прастора для легальнай грамадска-палітычнай дзейнасці апанентаў рэжыму звужалася цягам усяго 2023 года. Пасля перарэгістрацыі ўсе апазіцыйныя партыі (разам з асобнымі лаялісцкімі) страцілі афіцыйны статус. Тым не менш яны працягнулі дзейнасць у рэлакацыі: захавалі міжпартыйную каардынацыю, інтэгравалі актыў у праекты шырокай кааліцыі на чале з Ціханоўскай.

У той жа час актывісты палітпартый правяралі дазволеныя рамкі грамадска-палітычнай актыўнасці ў чаканні акна магчымасцяў. Так, лідар партыі “Зялёныя” (ліквідавана у 2023) Зміцер Кучук паспрабаваў балатавацца ў Палату прадстаўнікоў, аднак няўдала.  Кіраўнік БСДГ (ліквідавана у 2023) і кандыдат у прэзідэнты-2020 Сяргей Чэрачэнь пацвердзіў палітычныя амбіцыі. Паводле палітыка, каля 40 актывістаў з яго каманды вылучыліся кандыдатамі ў дэпутаты на выбарах-2024. Экс-кандыдатка на пасаду прэзідэнта-2015 Таццяна Караткевіч сканцэнтравалася на сацыяльных і лакальных ініцыятывах без празмернай публічнасці. У сваю чаргу праект “Наша партыя” быў замарожаны пасля арышту экс-кандыдата ў прэзідэнты-2020 Андрэя Дзмітрыева. Аднак частка актыву “Гавары праўду” вылучыла свае кандыдатуры ў дэпутаты на выбарах-2024.

Хутчэй за ўсё, большасць альтэрнатыўных вылучэнцаў не пройдуць сіта рэгістрацыі або здымуцца з-за ціску рэжыму. Аднак вылучэнне само па сабе дазволіць палітарганізацыям захаваць сувязь з аўдыторыяй і паступова адаптавацца да дзейнасці ў новай палітычнай рэчаіснасці.

Прагнозы: 

  •   Захаванне лідарства кааліцыі Ціханоўскай з жорсткай рыторыкай у адносінах да рэжыму і ўзмацненнем сілавога складніку дэмсіл.
  •   Звужэнне аўдыторыі дэмакратычных арганізацый у эміграцыі з кансалідацыяй дыяспар і прыхільнікаў еўрапейскага вектару развіцця Беларусі.
  •   Узмацненне ў дэмакратычным руху пазіцый альтэрнатыўных палітычных праектаў, якія адаптаваліся да абноўленай палітычнай рэчаіснасці ўнутры Беларусі.
Вы паспяхова падпісаныя

Падпішыцеся на нашу рассылку

Раз на тыдзень у каардынацыі з групай вядучых беларускіх аналітыкаў мы даем аналітычныя каментары да найбольш актуальных і актуальных пытанняў, у тым ліку да закулісных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, на беларускай, рускай і англійскай мовах.
EN
BE/RU
Падпісацца

Сітуацыя ў Беларусі

Верасень 23 – Верасень 29
Прагледзець усе

Падпішыцеся на нас

Чытаць больш